01.12.2014 | Літаратура

У кнігарні па “Мову”! 2-е выданне рамана Марціновіча — з ілюстрацыямі і новай вокладкай (ВІДЭА)

Што можа паяднаць мастачку з Мінска і кітайскага майстра каліграфіі? Адказ незвычайны — гэта “Мова”. Наўрад ці сам Віктар Марціновіч — аўтар “Мовы” — мог прадугледзець такія наступствы. Мастачка Наталля Гарачая так натхнілася кнігай, што зрабіла выставу графічных работ па матывах рамана. Неймаверны попыт чытачоў, а таксама з’яўленне гэтых малюнкаў і натхніла аўтара і кампанію “Будзьма беларусамі!” на перавыданне “Мовы”. Цяпер кніга дапоўненая згаданымі малюнкамі, а надпіс на вокладку па-кітайску ў тэхніцы сіншу зрабіў сапраўдны майстар кітайскай каліграфіі Лі Цзо. Відэа гэтага заварожвальнага працэсу можна паглядзець ніжэй.

mova_IIvyd

Варта адзначыць, што падрыхтоўка да другога выдання не была звычайнай, бо адбывалася без аўтара, што нагадала Віктару Марціновічу сюжэт са Спайка Лі альбо Джона Ву: “сустрэчу з героямі, якіх ты сабе некалі наўяўляў”.

Прапанова пазнаёміцца з цудоўным, надзвычайным чалавекам, майстрам кітайскай каліграфіі Лі Цзо, прыйшла ад супрацоўніка Нацыянальнага мастацкага музея Мікіты Моніча. Аднак аўтар “Мовы” да канца года знаходзіцца ў Аўстрыі, таму сустрэча з Лі Цзо прайшла без яго.

Віктар Марціновіч адзначае, што з майстрам сустракаліся, перадавалі павагу да яго майстэрства, да той спрадвечнай школы, якую ён прадстаўляе: “Трэба разумець, што ў кітайскай культурнай традыцыі каліграфы — вельмі паважаныя асобы, я быў у аднаго такога чалавека ў Куала-Лумпуры, і ён пагадзіўся прыняць у сябе “лао вая” толькі пасля таго, як за мяне “папрасіў” знаёмы сябра з Міністэрства культуры Малайзіі. Ён узяў з мяне 200 даляраў за чатыры сімвалы, якія нанёс на танюткі ліст чырвонай калькі.

І вось тут узнікае прапанова зрабіць іерогліфы “Мо” і “Ва” на вокладку, і Лі Цзо пагаджаецца. Усё гэта адбываецца без мяне, мне пераказваюць яго сапраўды дзіўныя словы пра тое, што ён, напрыклад, не любіць маляваць слова “каханне”, бо ягоны сэнс сцёрся праз занадта частае выкарыстанне. Ці пра тое, як яму падабаецца гэтае спалучэнне гукаў і сімвалаў: “Мо”, “Ва”. Потым мне паказваюць відэа з тым, як ён гэта робіць, і пачуццё рэальнасці, ці той мяжы, што ляжыць паміж рэальнасцю і тэкстам, знікае…

Самае ж трагікамічнае, — працягвае Віктар, — у тым, што цяпер у кнігарнях стаіць кніжка з вокладкай, зробленай Лі Цзо, з фантастычнымі ілюстрацыямі мастачкі Наталлі Гарачай, якія адны вартыя таго, каб набыць кніжку і падарыць яе сябру-эстэту. Дык вось, гэтая кніга — ва ўсіх мінскіх крамах, а я магу толькі ўяўляць, як яна выглядае.

Беларускім чытачам пашанцавала болей за аўтара: можна не толькі ўяўляць, як выглядае другое выданне рамана, але і набыць яго як адметны падарунак сабе, блізкім і “сябрам-эстэтам”.

Кнігі ўжо можа не быць на паліцах сталічных кнігарняў:

“Акадэмкніга” (пр-т Незалежнасці, 72), кнігарня “логвінаЎ” (пр-т Незалежнасці, 37А), “Кнігарня пісьменніка” (вул. Казлова, 2), “Веды” (вул. К.Маркса, 36), “Светач” (пр-т Пераможцаў, 11), “Цэнтральны кніжны” (пр-т Незалежнасці, 19), “Кнігі & кніжачкі” (пр-т Незалежнасці, 14), Кніжная выстава-кірмаш “Мир книг” (вул. Янкі Купалы, 27), “Эўрыка” (вул. Куйбышава, 75).

У рэгіёнах:

г. Віцебск (“Веды”, вул. Леніна, 54; “Светач”, вул. Кірава, 10), г. Гродна (“Праметэй”, вул. Савецкая, 10), г. Берасце (“Іскра”, вул. Пушкінская, 4), г. Ліда (“Кніжны свет”, пр. Перамогі, 33), г. Маладзечна (“Спадчына”, вул. Прытыцкага, 7), г. Бабруйск (“Букініст”, вул. Ульянаўская, 49), г. Наваполацк (“Дом кнігі”, вул. Маладзёжная, 145; “Усход”, вул. Кірава, 4), г. Полацк (“Светач”, вул. Камуністычная, 21), г. Баранавічы (“Кнігі”, вул. Савецкая, 73).

І ў інтэрнэт-крамах knihi.byprastora.by і imbryk.by.

 

Грамадская культурнiцкая кампанiя “Будзьма беларусамi!” выказвае падзяку tea lounge bar «Чайное состояние».


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика