У мінулую ноч у Nokia Theatre ў Лос-Анджэлесе прайшла 66-я цырымонія ўручэння галоўнай амерыканскай тэлевізійнай прэміі «Эмі». Трыумфатарам вечара стаў серыял «Ва ўсе цяжкія», які атрымаў 5 узнагародаў.
«Breaking Bad» быў названы найлепшым драматычным серыялам і атрымаў прыз за найлепшы сцэнар. Браян Крэнстан, які сыграў Уолтэра Уайта, стаў найлепшым акцёрам, а Аарону Полу і Анне Ган уручылі статуэткі за найлепшыя ролі другога плану. Пры гэтым серыялу «Сапраўдны дэтэктыў» дасталася толькі адна ўзнагарода — за найлепшую рэжысуру. «Шэрлак» атрымаў прызы ў катэгорыі «Найлепшы сцэнар міні-серыяла» (за серыю «Шэрлак: Яго апошняя клятва»), Бенедыкт Камбербэтч стаў найлепшым акцёрам міні-серыяла, а Марцін Фрыман — найлепшым акцёрам другога плану.
У катэгорыі камедыйных тэлешоу больш за ўсё ўзнагарод атрымала «Амерыканская сямейка». Пяты раз запар праект быў названы найлепшым камедыйным серыялам і выйграў прыз за рэжысуру, а Тай Барэл, які ў ім сыграў, заваяваў узнагароду за найлепшую камедыйную ролю другога плану. Джым Парсанс чарговы раз быў названы найлепшым камедыйным акцёрам за ролю Шэлдана ў «Тэорыі вялікага выбуху», а найлепшай актрысай стала Джулія Луіс-Дрэйфус за ролю ў праекце «Віцэ-прэзідэнт». Узнагароду за сцэнар у камедыйным шоу ўручылі Луіс Сі Кей за працу над «Луі».