16 верасня ў Магілёве стартаваў адзін з самых чаканых фестываляў восені — «Анімаёўка». Фестываль мультыплікацыйных фільмаў ужо ў 16-ты раз праходзіць у гэтым горадзе.
Адкрылі фестываль ужо традыцыйным шоу на Зорнай плошчы. На самой плошчы выступілі музыканты, танцоры і спевакі, на пешаходнай вуліцы Ленінскай арганізавалі парад герояў вядомых мульцікаў, а затым па чырвонай дывановай дарожцы прайшлі знакамітыя аніматары, акцёры і рэжысёры.
У гэтым годзе ў рамках конкурснай праграмы будзе паказаная рэкордная колькасць фільмаў: 71 мульцік з 21 краіны. У агульнай колькасці на фестываль даслалі 194 работы з 27 краін. Геаграфія фестывалю робіцца ўсё шырэйшай — гэтым разам у Магілёў упершыню прыехалі аніматары з Кубы, Кыргызстана, Малдовы, Славакіі, Чылі і Таджыкістана.
Праграма, як заўсёды, разлічаная не толькі на дзяцей — дарослых таксама чакаюць цікавыя мультыплікацыйныя работы. Акрамя таго, у рамках фестывалю пройдуць сустрэчы з вядомымі аніматарамі, майстар-класы і выставы. На майстар-класах абяцаюць цікавую праграму: напрыклад, можна будзе даведацца пра сакрэты жывапісу пад шклом і пясочнай анімацыі.
Фестывальныя мультфільмы можна будзе паглядзець па вечарах у кінатэатры «Радзіма» з 18.00 да 20.00.
Сам фестываль завершыцца 18 верасня ўрачыстым узнагароджаннем пераможцаў у кінатэатры «Радзіма».
Марыя Гілёва