Імя славутага беларуса, мастака Язэпа Драздовіча назаўжды захавалася ў хвалі беларускага Адраджэння. Выстава пад назвай “Зорны шлях Язэпа Драздовіча” адкрылася ў дзень народзінаў беларускага мастака і культурнага дзеяча ў аўторак 13 кастрычніка,па адрасе: Варвашэні, 8.
У мінулым годзе адзначалася 120 гадоў з дня нараджэння Язэпа Драздовіча. Сёлетняя выстава з’яўляецца заключным акцэнтам вялікай выставы, якая ладзілася па гарадах Беларусі з нагоды “году Драздовіча”.
Старшыня творчае суполкі “Пагоня”, мастак Аляксей Марачкін:
– На гэтай выставе сабрана толькі частка твораў, на гэтым мы заканчваем “год Драздовіча”.
Язэп Драздовіч нарадзіўся ў 1888 годзе непадалёк ад мястэчка Глыбокае. Займаўся археалогіяй, графікай, распачаў касмічную тэматыку ў беларускім мастацтве, аўтар карцінаў “Космас”, серыі “Жыццё на Марсе”, “Жыццё на Сатурне”, “Жыццё на Месяцы”. Аднавіў традыцыю насценных маляваных дываноў.
Сябра Драздовіча – вядомы мастак Пётр Сергіевіч – называў яго беларускім Леанарда да Вінчы. Творчасць Драздовіча шматжанравая і унікальная, часам рэалістычная, часам сімвалічная. Калі ехаць з мястэчка Глыбокае ў Лужкі, можна пабачыць камень, на якім Драздовіч аднойчы высек выяву Пагоні.
Адкрыццё выставы мела характар дыскусіі між мастакамі і культурнымі дзеячамі. Сярод іншых прысутнічалі Антон Астаповіч, Уладзімір Сіўчыкаў, Аляксей Марачкін.
Выстава “Зорны шлях Язэпа Драздовіча” будзе працаваць да Калядаў. Акрама карцінаў Драздовіча на ёй прадстаўлены працы Аляксея Марачкіна, Міколы Купавы і Алеся Шатэрніка.
Арганізатарам выставы з’яўляецца творчая суполка “Пагоня”.