15.01.2016 | Тэатр

У Мінску пачаўся батлейкавы нон-стоп

Тэатры з дзвюх краін распавядаюць гледачам не толькі пра Раство Хрыстова, але і пра звычайныя жыццёвыя выпадкі.

ІІ Міжнародны фестываль батлейкі і лялечных тэатраў “Нябёсы” працягнецца да канца тыдня. На сцэне не перапыняюцца пастаноўкі беларускіх і расійскіх мастакоў і аматараў, а ў апошнія два дні арганізатары будуць ладзіць для дзяцей майстэрні з мульцікамі і рукадзеллем.

Асноўным арганізатарам “Нябёсаў” выступае праваслаўны Свята-Елісавецінскі манастыр. Аднак гэта не рэлігійнае свята тэатру, адзначыла галоўны арганізатар фестывалю манашка Агапія (Кнацько): “Батлейка зарадзілася ў цэрквах, дзе паказвалі пастаноўкі пра нараджэнне Хрыста. Але цяпер там можна пабачыць самыя розныя сюжэты”. Яна падкрэсліла, што “Нябёсы” разлічаныя не толькі на дзяцей, але і на дарослую публіку.

На вялікі жаль, не ўсе калектывы змаглі прыехаць сёлета на пляцоўку фестывалю – у “Нябёсаў” пакуль няма спонсара, так што прыняць шмат гасцей гэтым разам не атрымалася. Манашка Агапія распавяла, што з Беларусі ўдзельнічае 12 калектываў, з Расіі – 4. Яна спадзяецца, што налета геаграфія фестывалю значна пашырыцца: “Батлейка з’явілася ў Італіі, але менавіта традыцыі лялечных пастановак захаваліся ў асноўным у Беларусі, Украіне, Расіі і іншых славянскіх краінах. Будзе выдатна пабачыць іх на нашай сцэне ў будучыні”.

Урачыстае адкрыццё адбылося а 10-й гадзіне раніцы, і з таго моманту ў зале нядзельнай школы Свята-Елісавеценскага манастыра мяняюцца артысты і тэатры, праходзяць спектаклі, завітваюць калядоўшчыкі і яшчэ шмат чаго адбываецца. Дзеці не адрываюць вачэй ад сцэны, дзе выступаюць не толькі дарослыя майстры, але і іх аднагодкі.

За чатыры дні на сцэну выйдуць амаль два дзясяткі тэатраў. Сярод іх і вядомыя майстры, і сямейныя калектывы. “Часта батлейку ладзяць дома, калі шмат дзетак. І яны самі бяруць удзел у спектаклях. Каб крануць публіку неабавязкова быць вядомым, часам дастаткова быць проста шчырым. Ёсць і прафесійныя лялечнікі”, – распавяла сястра Агапія.

Калектывы будуць выступаць не толькі ў нядзельнай школе, некалькі пастановак яны зладзяць у межах дабрачыннай акцыі “Святло душы – дабрачыннасць”. Удзельнікі форуму наведаюць Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, псіханеўралагічны інтэрнат для дзяцей-інвалідаў і састарэлых у Астрашыцкім Гарадку, дзіцячы псіханеўралагічны інтэрнат у Навінках , школу-інтэрнат № 7 у Мінску. Адзін з удзельнікаў акцыі – тэатр з Расіі “ТрыЛіка”. Яго кіраўнік Віктар Драгун адзначыў, што толькі адзін раз бываў у нашай краіне, але раней нават не чуў пра беларускую батлейку, хоць сам ладзіць лялечны фестываль. Па яго словах, візіт “ТрыЛікі” ў Мінск будзе на карысць не толькі публіцы, але і зносінам паміж тэатрамі розных краін.

Спектаклі праходзяць на дзвюх мовах. Народны лялечны тэатр “Батлейка” прадставіць 15 студзеня “Салдата ды чорта”. Спектакль ідзе на мясцовым дыялекце беларускага мястэчка Мір, і ў гэтым яго ўнікальнасць.

Міжнародны калядны фестываль батлейкавых і лялечных тэатраў “Нябёсы” праходзіць у актавай зале адукацыйнага цэнтра пры Свята-Елісавецінскім манастыры горада Мінска (вул. Выгоцкага, 5). Уваход на ўсе пастаноўкі вольны.

 

Марыя Грыц


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика