Старажытныя мапы ўяўляюць сабой унікальныя артэфакты і валодаюць магічнай сілай. Гэта сваеасаблівыя парталы ў часе, візуальная машына часу, якая дазваляе нам вандраваць па розных часах і прасторах, гісторыях, мовах і культурах – і праз гэта шукаць, разумець, суадносіць і канструяваць сябе ў новых кантэкстах і межах. Халсціны мапаў пагружаюць нас у свет вобразаў, ментальную, духоўна-эмацыйную прастору, у глыбіні нашага падсвядомага – туды. дзе нараджаецца чалавечае Я і ягоная культура. Да таго ж гістарычныя мапы – гэта каштоўнасць таксама і іншага кшталту, бо многія з іх з’яўляюцца сапраўднымі творамі мастацтва і выяўляюць жывапісную і друкарскую культуру сваёй эпохі. Праз іх мы можам задаць сабе шэраг пытанняў.
У якой ступені сённяшнія “ментальныя і культурныя” межы беларусаў супадаюць ці адрозніваюцца з тымі межамі, якія мелі нашыя землі напрацягу розных гістарычных перыядаў? Якімі мы бачым сябе і сваю краіну скрозь стагоддзі розных вобразаў, межаў і ўяўленняў? Наколькі мапы здольныя ўплываць на нашу свядомасць і культуру? На гэтыя пытанні паспрабуюць адказаць эксперты і наведнікі падчас выставы “Візуальныя вобразы гістарычнай памяці, альбо Вялікае княства Літоўскае на старажытных геаграфічных мапах”.
Арганізатары выставы – Беларуская філасофская прастора, Лятучы універсітэт, Выдавецтва “Эканомпрэс”, крэатыўная прастора ЦЭХ – прапануюць сёння зірнуць на старажытныя геаграфічныя мапы Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Эўропы і свету і паспрабаваць убачыць сябе ў іншым гістарычным ракурсе і масштабе, акунуцца ў свет вобразаў і дыскусій, якія могуць падштурхнуць нас да пераасэнсавання сваіх уяўленняў пра “межы” Беларусі.
24 ліпеня, 16.00 – Адкрыццё выставы з удзелам аўтара ідэі і арганізатараў, запрошаных культуролагаў і гісторыкаў. У якасці спецыяльнага госця на адкрыцці выступіць гурт старадаўняй музыкі “Брэвіс”.
1 жніўня, 18.00 – дыскусія з удзелам вядомых філосафаў, культуролагаў, дызайнераў: «Дзе ў Сусьвеце плыве Беларусь?..» Як і дзе мы знаходзім сябе, у якіх межах вызначаем – геаграфічных, палітычных, культурных? Ці могуць мапы стаць сродкам “пошуку сябе”?
13 жніўня, 18.00 – дыскусія з удзелам беларускіх гісторыкаў і сацыёлагаў: «Беларуская картаграфія як дысцыпліна і падмурак самавызначэння». Ці існуе беларуская картаграфія як асобная сфера? Якім чынам яна ўплывае на дызайн, адукацыю, навуку? Як і куды распрасціраюцца яе вынікі і эфекты?
Усе мерапрыемствы ў межах выставы будуць праводзіцца на пляцоўках крэатыўнай прасторы “ЦЭХ” (па адрасе пр. Незалежнасці 58 / к.6), самая ж выстава працягнецца да канца жніўня.
Наведванне выставы мяркуецца зрабіць бескаштоўным.