Да 15 кастрычніка ў Полацку адкрыты прыём работ на другі конкурс аматарскіх фільмаў “Я здымаю кіно”, прысвечаны Юрыю Тарычу, паведамілі карэспандэнту БелТА ў мясцовым райвыканкаме.
Конкурс запрашае да ўдзелу незалежна ад узросту ўсіх жадаючых, уключаючы фізічных асоб і самадзейныя творчыя калектывы. Кандыдатам прапануецца выканаць работу ў любым з жанраў: ігравы фільм, дакументальны, ролік сацыяльнай накіраванасці, музычны кліп, мультыплікацыйны фільм, фільмы-слайды. Вітаюцца фільмы, прысвечаныя 70-годдзю Вялікай Перамогі. У перыяд з 15 верасня па 10 снежня 2015 года ўсе тэлестанцыі ТК “Скіф” у Полацку, Віцебску, Бабруйску, Барысаве, Оршы арганізуюць паказы конкурсных работ і правядуць інтэрактыўныя галасаванні гледачоў. Цырымонія ўрачыстага закрыцця з узнагароджаннем пераможцаў пройдзе ў Полацку 17 снежня.
У гэтым годзе такі конкурс праводзіцца другі раз. У першы год на ім было прадстаўлена каля 40 кінафільмаў, удзельнікамі сталі аўтары з Масквы, Наваполацка, Полацка, Талачына, Барысава, Оршы.
Ацэньваць кінатворы па намінацыях будуць прафесійныя суддзі – прадстаўнікі “Беларусьфільма”, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Інстытута журналістыкі БДУ, ТК “Скіф”, ТАА “Тэлекам Гарант”.
Конкурсныя работы таксама будуць выкарыстаны з мэтай папулярызацыі мерапрыемства і паказаны ў полацкім кінатэатры “Радзіма” з 1 верасня па 16 снежня.
Арганізатары праекта – аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Полацкага райвыканкама, Полацкі філіял рэгіянальнай тэлекампаніі “Скіф”, дзяржаўная ўстанова “Полацкая кінавідэасетка”.
Юрый Віктаравіч Тарыч – вядомая фігура ў кінематаграфічным мастацтве, заслужаны дзеяч мастацтваў РСФСР, таленавіты рэжысёр і сцэнарыст, ураджэнец Полацка. З імем Тарыча звязана нараджэнне і станаўленне беларускай кінематаграфіі, фарміраванне ідэйна-мастацкіх прынцыпаў развіцця кінамастацтва.
Кацярына Князева, БелТА