Праект “Купала поштай” працягвае папулярызаваць не толькі творчасць Янкі Купалы, але і саму асобу беларускага песняра. Спецыяльна для карыстальнікаў мэсэнджэра Telegram былі распрацаваныя стыкеры з паэтам. Спампаваць гарэзлівага, сумнага ці задаволенага Купалу можна тут.
— Мы даўно думалі, што бы гэткага запусціць у межах праекту, — кажа кіраўнік “Купала поштай” Уладзімір Андрыенка, — і падумалі: стыкеры — гэта тое, што трэба. Мы хочам зрабіць так, каб твар Купалы пазнавалі ўсе. А Telegram абралі таму што, па-першае, ён набірае ўсё большую папулярнасць, а па-другое, гэта вельмі зручная платформа для абмену выявамі. Стыкеры ў Telegram абсалютна бескаштоўныя.
Усяго ў наборы цяпер ёсць шэсць стыкераў, якія паказваюць розныя эмоцыі паэта. Аўтарка стыкераў — Ксенія Шух.
Праект “Купала поштай” быў створаны напярэдадні Дня роднай мовы, 17 лютага 2017 года. Рэалізацыяй праекту займаецца агенцтва email-маркетынгу HandBox. Гэта штодзённая email-рассылка вершаў Купалы. Падпісацца на яе можна на сайце kupalaposhtai.by. Галоўная мэта праекту — папулярызацыя беларускай мовы і культуры.