Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў папоўнілася чарговай кніжнай навінкай. «Такія радкі запамінаюцца, іх хочацца занатоўваць, чытаць не толькі самому сабе, — іншым аматарам паэзіі таксама», — адзначае ў прадмове да зборніка Леанід Дранько-Майсюк.
Кніга «Я думала душой…», якая выйшла ў выдавецтве «Кнігазбор», для Алены Гінько — трэцяя ў яе бібліяграфіі. Аўтарка ўжо мае вершаваныя зборнікі “Самотная птушка” і “Пяшчота пры журбе”.
Алена Гінько — паэтка, ураджэнка Пастаўшчыны, выпускніца філалагічнага факультэта БДУ, жыве і працуе ў Віцебску выкладчыцай беларускай мовы і літаратуры. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў з 2001 года.
Як можна меркаваць з назваў кніг, у цэнтры ўвагі аўтаркі — інтымная лірыка, якая перадае ўсю гаму чалавечых пачуццяў. Кранальная шчырасць і непасрэднасць у выяўленні эмоцый — тое, што будзе блізкім кожнаму чытачу. Асабліва жанчынам — бо многія вершы апісваюць пачуццёвы досвед лірычнай гераіні, якая шукае сваё каханне.
***
Ледзь агеньчык надзеі не згас.
Аддаляліся берагі,
і глыбелі азёры тугі.
Нахілялася неба ніжэй,
да зямлі прыціскала бліжэй.
А да сіняе птушкі — сусвет.
…І змрачнеў, і чарнеў белы свет.
Дый малітва гучала не раз,
каб агеньчык надзеі не згас.
…На якой жа з жыццёвых дарог
той адзіны, што веру збярог?
“Уважлівыя чытачы і зразумеюць, і адчуюць, што паводле лірычнага кодэкса Алены Гінько душа акрыяе тады, калі ў жанчыны з’яўляецца магчымасць застацца са сваім мужчынам і наадварот — калі мужчына знаходзіць сваю жанчыну. Так было, і так заўсёды будзе”, — падсумовае ў прадмове да кнігі знаны паэт Леанід Дранько-Майсюк.