19 лістапада ў Віцебску адбылося ўрачыстае адкрыццё XXVII Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі IFMC.
У міжнародным конкурсе сучаснай харэаграфіі, які праходзіць у рамках фестывалю, прымуць удзел 33 калектывы з Арменіі, Беларусі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны. Эстоніі і Японіі. Усяго ж заяўкі на конкурс падалі 55 кампаній, прадставіўшы каля 100 прац.
Ацэньваць удзельнікаў конкурсу будзе міжнароднае журы на чале з мастацкім кіраўніком тэатра «Кіеў мадэрн-балет» Раду Паклітару (Украіна), а сустаршыньстваваць з ім будзе народны артыст Беларусі кіраўнік балета Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Юрый Траян. У склад журы таксама ўвайшлі прадстаўнікі Германіі, Ізраіля, Італіі, Расіі і Эстоніі, а ў экспертным савеце прадстаўлены яшчэ і Галандыя з Латвіяй.
Падчас урачыстага адкрыцця міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў падкрэсліў, што Віцебск, дзякуючы мастакам пачатку XX стагоддзя, заняў перадавыя пазіцыі, звязаныя з авангардам ў мастацтве, а дзякуючы фестывалю сучаснай харэаграфіі IFMC утрымлівае гэтыя пазіцыі і ў XXI стагоддзі.
На адкрыцці XXVII Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ў канцэртнай зале “Віцебск” выступілі выступілі лаўрэаты IFMC мінулых год, запрошаныя госці: Альвара Эстэбан Лопес (Іспанія), Пермскі дзяржаўны тэатр «Балет Яўгена Панфілава» і Чэлябінскі тэатр сучаснага танца (Расія), тэатр «Кіеў мадэрн -балет» (Украіна). У другім акце публіцы Віцебска прадставілі даволі незвычайны танец-спектакль «Разбіты» ад спецыяльнага госця з Вялікабрытаніі кампаніі «Гандзіні жангліруюць».
На прэс-канферэнцыі перад адкрыццём фестывалю генеральны дырэктар цэнтра культуры “Віцебск” Аляксандр Сідарэнка паведаміў, што ўсе канцэрты пройдуць з аншлагамі – практычна ўсе квіткі на мерапрыемствы форуму ўжо прададзеныя.
Сяржук Серабро, Народныя навіны Віцебска