У Віцебску з’явілася магчымасць паглядзець кіно на вялікім экране, не выходзячы з аўтамабіля – на аўтадроме побач запраўкай «Газпрамнафта» на Маскоўскім праспекце адкрыўся аўтамабільны кінатэатр.
Кінасеансы пад адкрытым небам арганізавалі Андрэй Лосеў і Віталь Касмачоў. Па іх словах аднаго з іх цікавяць аўтамабілі, а другога – кіно, таму яны вырашылі сумясціць два гэтыя захапленні і паэксперыментаваць з аўтакінатэатрам.
Пакуль у хлопцаў невялікі экран памерам 5,5 на 3 метры і звычайны праектар. З-за гэтага камфортна глядзець фільм можна з 10-15 аўтамабіляў. Гук перадаецца з дапамогай fm-трансмітара на частаце 90,2 МГц.
Зараз аўтамабільны кінатэатр працуе па пятніцах і суботах. Першы кінасеанс у Віцебску адбыўся 1 жніўня, калі можна было паглядзець два фільмы: культавую драму Роберта Радрыгеса «Ад заходу да світання» і фільм жахаў «Муха» Дэвіда Кронэнберга. 8 жніўня тут таксама ішло два фільмы: камедыя Тодда Філіпс «Упрытык» і крымінальная драма «Альфа дог» Ніка Касаветыса. Па словах арганізатараў, на першыя прагляды фільмаў прыязджала па 5-6 аўтамабіляў.
Гэта трэці аўтамабільны кінатэатр у краіне, першыя два адкрыліся ў Мінску і ў Брэсце.