12-15 лютага ў літоўскай сталіцы будзе праходзіць Віленскі кніжны кірмаш — самы вялікі ў краінах Балтыі. Выстава пад лозунгам «Тыраж — тры мільёна!» (прыкладна такое па колькасці насельніцтва Літвы) павінна стаць адным з галоўны культурных падзеяў 2009 года. Да таго ж, сёлета Віленскі кірмаш адзначае свой дзесяцігадовы юбілей.
У гэтым годзе ў рамках кніжнай выставы мае адбыцца і Дзень беларускай кнігі. Запланаваны ён на чацвер, 12 лютага. Як паведамляецца на сайце пасольства Беларусі ў Літве, пачнецца ён з прэзентацыі кнігі «Гарады, мястэчкі і замкі Вялікага Княства Літоўскага» выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя П.Броўкі» у стэнда «Друкаваныя выданні Рэспублікі Беларусь». Далей па праграме будуць прэзентаваныя кніга А.Міхалевіча і Я.Лауціса «Святло Палаца энергіі» выдавецтва «Мастацкая літаратура» і кнігі серыі «Мастакi Беларусi» таго ж выдавецтва, прысвечаныя творчасці беларускіх мастакоў Гаўрыіла Вашчанка і Ўладзіміра Тоўсціка.
А 14.00 пачнецца аўтарская гадзіна «Літаратура для дзяцей — духоўнасць і свет без межаў», для ўдзелу ў якім запрошаныя пісьменніцы Раіса Баравікова і Алена Масла. У гэты ж час мастак-ілюстратар Раман Сустаў пакажа беларускую частку экспазіцыі ілюстрацый да дзіцячых выданняў і кніжнай графікі. Пацешыць назіральнікаў прэзентацыі ансамбль народнай музыкі «Гулянак» Смаргоньскай дзіцячай школы мастацтваў імя Міхася Клеофаса Агінскага.
У 15.00 пачнецца паседжанне круглага стала на тэму: «Беларусь — Літва: памежжа добрасуседства ў кантэксце агульнай гісторыі і сучаснасці» з удзелам пасольства Рэспублікі Беларусь, навуковых дзеячаў Беларусі і Літвы, пасля чаго на фэсце выступіць ансамбль салістаў Беларускай дзяржаўнай філармоніі «Класік-авангард», паведамляюць Беларускія навіны.