Колішні жартаўнік з каманды КВЗ БДУ Андрэй Дзяркоў наважыўся на ўчынак, варты ўхвалы і павагі.
Андрэй выступаў са сваім гуртом “Майтай” у клубе “Таранціна”. Канцэрт — падзея для саміх музыкаў і іх прыхільнікаў, бо Дзяркоў з гітараю на сцэну выходзіць гады ў рады. З таго часу, як ён скончыў кар’еру ў Клубе вясёлых і знаходлівых, мінула з 12 гадоў, але той вобраз бялявага студэнціка з сіпатым голасам, ад жартаў якога ўся зала кладзецца покатам, усё яшчэ пераследуе яго. “Мне надакучыў цэтлік “кавэзэшніка”, — кожны раз нястомна паўтарае Дзяркоў у чарговым інтэрв’ю.
Творчасць Дзяркова-музыкі зусім іншая і абсалютна не вяжацца з тым ранейшым вобразам. Хоць ён між песнямі і намагаецца падбадзёрыць публіку жартам, песні ў яго зусім не іранічныя. Андрэй шукае глыбіннага сэнсу, а таму яго тэксты прасякнутыя тэмай духоўнага пошуку. Апошні альбом “Майтай” завецца “Рассветы”. Аўтар тлумачыць, што для яго гэтая назва — метафара духоўнага абуджэння, а множны лік сведчыць перадусім пра немагчымасць дасягнення фіксаванага духоўнага стану, а таксама пра пастаянную ўнутраную эвалюцыю, пошук у рэалізацыі сябе. Паводле тэорыі Дзяркова, такія світанкі ў сабе можна сустракаць перыядычна, працуючы над сабой.
Бліжэй да канца канцэрта, калі былі выкананыя абраныя рэчы з “Рассветов” і даўняга альбома “Бангкок-рок”, Дзяркоў папрасіў у публікі ўвагі: “Цяпер я пераходжу на беларускую мову”. Зала сустракае заяву воплескамі. Андрэй кажа, што зараз будзе першае жывое выкананне яго песні “Полымя”. Песня прысвечаная свабодзе, песня, да якой ён ішоў вельмі працяглы час. Дзіва, але чалавек, які выступае на публіцы больш за 15 гадоў, заўважна хвалюецца, як пачатковец. Ён гукае “Жыве Беларусь! Жыве беларуская мова!” ды пачынае граць. Раптоўна пасярод песні перапыняе сябе і музыкаў — момант адказны, таму хочацца сыграць як найлепей. Пры гарачай падтрымцы залы пачынаюць ізноў, гэтым разам “Полымя” прагучала дасканала.
У беларусізацыі “Майтай” няма ні каліва кан’юнктурнасці, імкнення спадабацца ды прыцягнуць новую публіку. Наадварот, такі паварот досыць рызыкоўны: праз актыўнае выказванне сваёй пазіцыі і такую гарачую падтрымку сваёй мовы творца ў гэтай краіне можа страціць нават той мізер, які ёсць у плане ратацый на радыё і добразычлівага стаўлення з боку тутэйшых тэлевізійнікаў і дзяржаўнае прэсы. Таму, безумоўна, Дзяркоў здзейсніў учынак. Яшчэ пяць гадоў таму, прызнаецца Андрэй, ён не адчуваў аніякай сувязі з Беларуссю. “Світанак” здарыўся, калі ён узяў у рукі кнігу паэзіі Караткевіча. Цяпер на яго стале “Руны Перуновы” і “У неба пехатою” Барадуліна, тамы са збору твораў Быкава, зборнік “Гуканне паэзіі Усходу”. Музыка абяцае ўвосень прэзентаваць яшчэ некалькі новых рэчаў, зноў жа па-беларуску, а налета выдаць беларускамоўны альбом.
Сяргей Будкін
Фота: Аляксандр Ждановіч