Гурт “Стары Ольса” адзначае 15-годдзе. Напярэдадні канцэрта, што адбудзецца 16 лістапада ў ДК МАЗ, гурт даў адмысловую, “юбілейную”, прэс-канферэнцыю. “Будзьма” прапануе вам пяць найбольш цікавых выказванняў Змітра Сасноўскага і ягонай каманды.
Пра юбілей
Мне цяжка асэнсаваць, што нам ужо 15 гадоў. Што змянілася? Калі паводзіны, то яны сталі толькі горшыя – улічым угон ваеннага катэра ў Польшчы, ды любоў гурта да такой краіны, як Нідэрланды. Адзінае, што мы больш пачалі нагадваць навуковую лабараторыю – па зануранасці ў матэрыял.
Пра тое, чаго не хапае
Нам цяпер не хапае добрага канцэртніка, бо шмат чуем пра тое, што некаторыя рэчы на канцэртах гучаць лепей. У нас ёсць дзве жывыя плыткі, аднак матэрыялу хапае на новы.
Пра “Полацкі сшытак”
У Полацкім сшытку 71 твор, з якіх запісаны толькі 21, і калі перапісваць старыя трэкі, наўрад ці яны будуць гучаць гэтаксама – “Полацкі сшытак” дае магчымасць кожны раз адзін і той самы твор інтэрпрэтаваць па-рознаму.
Пра новы альбом
Мы засумавалі па песенным матэрыяле, хочам вярнуцца да песняў Сярэднявечча, бо надта паглыбіліся ў барока. Напрыклад, варта ўзяць застольныя песні ліцвінскага рыцарства. Аднак перад тым як запісаць новы альбом, варта абкатаць праграму на канцэртах: гэта адзіны правільны падыход. Таму новую праграму мы павозім у 2015 годзе, а новай кружэлкі варта чакаць на мяжы 2015-2016 года.
Пра ўкраінцаў і Вітаўта
У Данецку мы б з задавальненнем выступілі, аднак толькі ва ўкраінскім Данецку. Што б выконвалі? “Бітву пад Воршай”, песні пра Вітаўта, якога вельмі паважаюць украінцы. Толькі яны просяць называць яго Вітольдам, так і крычаць пад сцэнай: “Давай пра Вітольда!” У нас пра Вітаўта, дарэчы, ёсць тры песні.
Юрась Ускоў