10-11 чэрвеня ў Горадні паказалі дакументальныя фільмы з фестывалю Docudays UA.
Фестываль існуе з 2006 года, а паказы традыцыйна адбываюцца ў апошні тыдзень сакавіка ў кіеўскім Доме кіно. Пасля стужкі з фестывалю вандруюць па іншых гарадах Украіны і СНД.
Стужкі расказваюць пра лёсы людзей з розных канцоў свету: у ізраільскай жаночай турме, лагеры піратаў у Самалі, на заводзе ЗІЛ… Адметнасць у тым, што фільмы з Docudays UA нельга паглядзець нідзе, акрамя фестывальных паказаў — яны не трапляюць пасля ў інтэрнэт-прастору і свабоднае карыстанне.
У Мінску фільмы з фестывалю паказваліся ў мінулым годзе, у Горадні Docudays UA ўпершыню. Паказы прайшлі пры падтрымцы і на базе польскага консульства.
Карыстаючыся нагодай, мы вырашылі пагутарыць з адным з заснавальнікаў і каардынатараў фестывалю Уладзімірам Яворскім.
Рэжысёр па 10-15 гадоў жыве са сваім героем
— Як у вас узнікла ідэя фестывалю?
— Фестываль нарадзіўся 11 гадоў таму, і мы зразумелі, што гэта адзін з найлепшых спосабаў дагрукацца да звычайнага чалавека, які не з’яўляецца актывістам, жыве простым жыццём. Паказаць якаснае дакументальнае кіно і праблемы грамадства, якія ёсць у кожнай дзяржаве і патрабуюць неабыякавасці людзей. Чалавек мусіць звяртаць на гэта ўвагу і вымагаць, каб улада таксама звяртала на гэта ўвагу.
Мы ўбачылі, што ёсць цэлая сетка фестываляў, якія паказваюць фільмы пра правы чалавека, і вырашылі рабіць тое самае. Паступова з’явіліся прыхільнікі, якія запрашаюць паказваць фільмы ў сваіх гарадах. Нашыя фільмы дэманстраваліся ў больш як 300 гарадах Украіны, у Расіі, з мінулага года — у Беларусі. Мы робім адзін з найбольшых фестываляў такога плану на постсавецкай прасторы.
— Дакументалістыка — гэта журналістыка ці мастацтва?
— Гэта мастацтва. Журналістыка — гэта збольшага журналісцкія праграмы. У нас фармат фільмаў, якія не падыходзяць для тэлевізара. Яны складанейшыя, з больш цікавай пабудовай. Некаторыя стужкі здымаюцца па 10-15 гадоў, бо рэжысёр жыве разам са сваім героем. Гэта не навіны і не рэпартаж.
Самалі — побач
— Ваш фестываль разлічаны на профі альбо скіраваны на дэбютантаў?
— У нас увесь час багата дэбютаў. Мы маем адкрыты конкурс для стужак, галоўны крытэр — цікавая праца. У дадатак мы запрашаем маладых рэжысёраў у Кіеў на майстар-класы з зоркамі дакументалістыкі, якія прыязджаюць з усяго свету, атрымлівалі ўзнагароды ў Ляйпцыгу, Берліне і г.д. Мы паказваем фільмы, якія былі знятыя за год-паўтара ў свеце. Часта трапляюцца прэм’еры. Бывае, што ў адным шэрагу ў нас стаяць монстры кіно і рэжысёры, якія акурат выпусцілі свой першы фільм. Мажліва, гэта наогул не рэжысёр, а актывіст, які трапіў у вір цікавых падзей.
— Чаму вы лічыце, што чалавеку на постсавецкай прасторы цікава і важна, што адбываецца ў Самалі, Амерыцы альбо ў ізраільскай турме?
— Бо гэта тыя самыя праблемы, які мультыплікуюцца ў якое-кольвек грамадства. Дакументальнае кіно акурат даводзіць, што кожнае грамадства мае хваробы. Розніца ў тым, як яно на іх рэагуе. Недзе іх спрабуюць не заўважаць, недзе ўлада іх заўважае і працуе, недзе ўлада не заўважае, але заўважае і працуе само грамадства, супольнасць… Калі людзі глядзяць пра Самалі, яны бачаць, што гэта нешта падобнае адбываецца і побач з імі.
Свет, не скажоны СМІ
— Ці былі нейкія фільмы за гісторыю фестывалю, якія асабліва трапілі вам у сэрца?
— Гэта дзясяткі фільмаў, але, канечне, больш у галаве круцяцца апошнія. Напрыклад, фільм “Пуцінскія гульні” пра алімпіяду ў Сочы, якая каштавала прыблізна 50 млрд даляраў ЗША. Папярэдняя алімпіяда, якая лічылася найдаражэйшай, каштавала, напрыклад 2,5 млрд. І гэта пытанне не толькі нечуванай раскошы, а і нечуваных крадзяжоў. А фільм расказвае пра звычайнага чалавека, які жыве ў Сочы і перажывае гэты фестываль. Таксама фільмы пра Майдан: не палітычная прапаганда з тэлевізара, а гісторыі звычайных людзей з пытаннямі. Навошта вы прыйшлі? Чаго вы хацелі? Ці дамагліся вы свайго?
Тут, у Горадні, мы будзем паказваць фільм пра ізраільскую турму, дзе некалькі гадоў сядзяць юдэйка, арабка і яшчэ жанчына, якая не належыць ні да тых, ні да тых. Ідзе вайна ўжо шмат гадоў, а яны сядзяць разам і неяк будуюць адносіны. І ты разумееш, наколькі гэты свет размаіты, цікавы, як ён часам скажаецца праз СМІ.
Паказаць “чарнуху” — проста
— У вас здараліся праблемы з правядзеннем фестывалю?
— Так, але толькі ва Украіне. Летась, калі рэжым Януковіча закручваў гайкі, траплялася шмат забаронаў і эксцэсаў. Напрыклад, быў фільм, які паказваў рэзідэнцыю Януковіча — Межыгор’е. Бо людзі павінныя бачыць, як жыве іх прэзідэнт. Дык яго паказы ўвесь час зрываліся па ўсёй краіне: то будынкі былі “замінаваныя”, то прыходзілі прадстаўнікі спецслужбаў і забаранялі… А гэта ж шаленства — стаць за некалькі гадоў мульцімільярдэрам ва ўмовах, калі 20% насельніцтва жыве за мяжой беднасці. Там жа кожнае люстра ў залах каштавала 80 тыс. еўра, а залаў гэтых некалькі дзясяткаў…
— Стужкі з Docudays UA абавязкова маюць быць праблемнымі ці гэта можа быць нешта цалкам пазітыўнае?
— Ёсць пазітыўныя фільмы, нават з гумарам. Бо паказваецца не толькі праблема, але і змаганне з ёй. Напрыклад, фільмы пра інвалідаў, якія, нягледзячы на свае хібы, жывуць паўнавартасным жыццём насуперак стэрэатыпам. Залежыць ад рэжысёра. Калі глядзіш “Пуцінскія гульні” — увесь час смяешся. Паказаць “чарнуху” проста, а трэба ж паглядзець з розных бакоў, каб была не толькі праблема, але і выхад. Таму мае быць яшчэ і пазітыў.
Домрачава, хакей і добрыя дарогі
— Ці працуеце вы з беларускімі рэжысёрамі?
— Беларускія фільмы пастаянна ёсць на фестывалі. Не прыгадаю назвы, але і на гэтым фестывалі было нешта з Беларусі. Раней здымалася значна больш — усе ведаюць таго ж Хашчавацкага, — але цяпер беларускія рэжысёры чамусьці не такія актыўныя. Мажліва, рэальнасць не змяняецца і не хочацца паўтарацца. Хоць тэмаў шмат…
— А якія дакументальныя фільмы пра Беларусь людзям за мяжой было б цікава ўбачыць?
— Напрыклад, пра беларускую вёску, якая жыве ў сваім замкнёным сусвеце. Мала хто туды едзе, каб здымаць дакументалістыку. Альбо пра беларускую прапаганду. Як працуе гэтая машына, у якіх выпадках спрацоўвае, у якіх не, якія метады выкарыстоўвае. На фестывалі ў Кіеве мы паказвалі нарэзку з тэлебачання. Гэта вельмі цікава паглядзець людзям, якія раней не сутыкаліся з гэтым. Беларусы прызвычаіліся, для іх гэта звычайныя рэчы, а для замежнікаў, тых жа ўкраінцаў, — не.
Як дасягаецца чысціня навокал? Чаму ў Беларусі файныя дарогі? Ёсць рэчы, якімі беларусы могуць ганарыцца, і яны таксама вартыя фільмаў. Тэма Домрачавай, хакея… — ёсць багата цікавых тэмаў, з якімі чамусьці не працуюць мясцовыя рэжысёры.
Алесь Кіркевіч, фота Аляксандра Саенкі і аўтара