Віншаванне і ўзнагароджванне пераможцаў Ultra-Music Awards 2010 адбылося 26 лютага ў клубе “Граффити”. У канцэрце ўзялі ўдзел гурты Sang Sattawood, Clover Club і IQ48. Выбар гэтага месца Вячаслаў Радзівонаў патлумачыў так: “Для мяне “Графіці” — дакладна найлепшы клуб Мінска, я разумею, што месца мала, але галоўнае — атмасфера, бо няма ў Мінску месца, якое б адпавядала статусу музычнага клуба. Ёсць рэальная праблема, што ён маленькі, і гэта бачна па сённяшнім канцэрце, калі не хапае месца. Можа быць, у наступным годзе мы зробім канцэрт у Fabrique, а можа, з’явіцца нейкае новае месца”.
вядучы Вячаслаў Радзівонаў, Ultra-Music
гурт Sang Sattawood – дэбют года
Цырымонію ўзнагароджання вялі Вячаслаў Радзівонаў і Зміцер Шаўчук. Усё пачалося з намінацыі “дэбют году”, у якой перамог гурт Sang Sattawod. Музыка ў іх далёкая ад танцавальнай, але цікавіць публіку. Залу “раскачаў” іх кавэр Break on Through на The Doors. А пасля канцэрту вакаліста сказала, што “ёсць яшчэ песні, якім хацелася б даць другое жыццё, будзем рабіць што-небудзь новае са старым”. Выступ гурта адкаментаваў Зміцер Шаўчук: “Беларускія музыкі заўжды апраўдваюцца на сцэне. Мы тут сыграем, калі вы не супраць, прабачце, што адрываем вас ад бару. Трэба быць нахабнейшымі”. Героі не пасварацца праз падзел узнагароды — музыкі жывуць разам. Канцэпцыю гурта самі выканаўцы называюць “трупячнай”, бо развіццё і папулярызацыя ідзе вельмі цяжка. Альбом музыкі паабяцалі праз год.
гурт Clover Club – адкрыццё года
Намінацыя “адкрыццё году” — вельмі прыватны выбар, і гурт Clover Club атрымаў прэмію таму, што здзівіў усіх эклектычнасцю і харызматычнай падачай. І праўда, вакалістка з бубнам на галаве — нешта новае для беларускага шоўбізу. “Мне кажуць, што ўзнагарода “адкрыццё году” і “дэбют году” — аднолькавыя, і я згодны, але задача стаіць у тым, каб даць магчымасць маладым гуртам з’явіцца ў медыяпрасторы. Магчыма, мы не можам так моцна паўплываць на густы гледачоў, але тым, што мы іх запрашаем, мы іх падштурхоўваем”, — кажа Вячаслаў Радзівонаў.
“Музычная падзея года ў Беларусі” – концерт гурта Rammstein
Далей арганізатары ўзнагародзілі тых, хто не змог выступіць у “Графіці”.
Найлепшым замежным альбомам году названы “Plastic Beach” ад Gorillaz. Найлепшая замежная песня году — гурт Hurts, “Wonderful Life”. “Ужо дамовіліся дакладна з гуртом Hurts, пераможцам у намінацыі “найлепшы замежны альбом году”, мы ім уручым дыплом, калі яны будуць з канцэртам у Кіеве”. Шыльдачку за найлепшы беларускі альбом году забраў дырэктар гурта Green Pepper за альбом «Get on the Right Road». Найлепшая беларуская песня году — “Ляпис Трубецкой”, «Грай». Гурт цяпер у турнэ па Украіне, але яны свой прыз абавязкова атрымаюць, паабяцалі арганізатары. Галоўная музычная падзея году — канцэрт Rammstein у «Минск-Арэне», прыз атрымалі прадстаўнікі Палаца рэспублікі, людзі, якія зладзілі гэтае шоў. За прэзентацыю творчасці Васі Шугалея і трыб’ют “ЫЫЫ” Павал Юркевіч атрымаў за галоўны прыз “праект году”. Узнагароды вызначаліся галасаваннем на сайце Ultra-music.com.
“Лепшы беларускі альбом года” – гурт Green Pepper
Аляксандр Ракавец, гурт IQ48 – дыплом за ўнёсак у беларускую музыку
Пра планы развіцця расказаў Вячаслаў Радзівонаў: “Калі мы дажывем, то ў наступным годзе будзем выбіраць пляцоўку паболей, бо хочацца і паболей гуртоў адзначыць, і больш нейкай урачыстасці. Ёсць рэальная праблема са спонсарамі, бо цяпер гэта робіцца толькі дзякуючы сайтам ultra-music і bymusic.net. У нашай прэміі ёсць адна адметнасць: мы запрашаем менавіта гурты, якія з’явіліся за апошні год, мы хочам паказаць, што з’яўляюцца новыя музыкі. Хацелася б пашырыць месца правядзення. Хацелася б знайсці спонсараў, гатовых дапамагчы. Я не супраць новых намінацый, мы нават рэдакцыяй вызначылі найлепшы кліп, але вельмі малы выбар, бо ў Беларусі за год з’яўляецца менш за дзясятак кліпаў, добра што з’яўляюцца новыя песні і альбомы”.
А пасля ўрачыстай цырымоніі на сцэну выйшлі IQ-48, узнагароджаныя спецыяльнай прэміяй рэдакцыі за ўнёсак у развіццё беларускай музыкі. Аляксандр Ракавец залез на парэнчы і спяваў адтуль. IQ-48 запоўнілі “Графіці” шлягерамі і папрасілі аматараў дачакацца новага альбома, які будзе прадстаўлены ўжо сёлета.
на першым фота – Аляксандр Ракавец, гурт IQ48