Наўзамен памерлай «Рок-каранацыі» беларуская музычная супольнасць займела адразу некалькі альтэрнатываў. У пятніцу ў клубе «Цэнтр» сваё бачанне сітуацыі на айчыннай незалежнай сцэне прапанаваў сайт Ultra-Music.
Ultra-Music Awards можа прэтэндаваць на самую прадстаўнічую музычную прэмію Беларусі. Вынікі музычнага 2012 года падводзілі з паўсотні сябраў журы — прадусары, журналісты і проста харошыя людзі плюс сама рэдакцыя сайта ды іх кампаньёны. Асноўных намінацыяў было шэсць, і ў прынцыпе іх пераможцаў можна было без цяжкасці прадказаць. Тым не менш, на самой цырымоніі здарылася некалькі сюрпрызаў.
Адзін з іх — выступ першага госця, праекта, які пішацца так: (((О))). Аказалася, што гэта ўсяго адзін чалавек — Мікіта Васільеў, які трохі пашумеў ды памучыў публіку сваімі маласэнсоўнымі бітамі і, не сказаўшы нічога, сышоў. Рэй вялі вялікія арыгіналы — Паша Свярдлоў (чалавек, што называе сябе “Грыгоры Пятровіч Белка”) і Валер Асіпчык. Знаны інтэлектуал і журналіст, Свярдлоў узяў ініцыятыву на сябе і выдаваў някепскія жарты. Прадстаўляючы фэнтэзійную фольк-банду Irdorath, вядоўца заўважыў, што яны, мусіць, назваліся так, наведаўшы канцэрт Ірыны Дарафеевай “Ір Дор Ад”.
Музычны журналіст Зміцер Безкаравайны трапна заўважыў падчас абвяшчэння «Адкрыцця году», што гонару і пашаны вартыя не толькі пераможцы, але і намінанты. «Адкрыццём» чамусьці абвясцілі Паліну Рэспубліку, якая ўжо другі год падае надзеі, але так пакуль не парадавала публіку дэбютным рэлізам. Сціплая Паліна ўся ў сінім стрымана прыняла ўзнагароду і інтэлігентна адказала на жарт Свярдлова і Белкі, што калі б з ёй ажаніўся Віктар Каліна, то яна б зрабілася Палінай Калінай: «А мы з Калінам напісалі песню на адзін і той жа верш». Тое, што яе песні ведаюць і любяць, было асабліва заўважна падчас выканання песні «Як ты»: з першых акордаў яе сустрэлі воплескамі і ахвотна падпявалі.
Сэт-ліст не заўжды супадаў са спісам пераможцаў. Але выступоўцы з гэтай нагоды не камплексавалі. Тыя ж Irdorath заявілі, што найлепшым падарункам для іх з’яўляецца сам выступ. Хіба што арганізатары намудрагелілі з колькасцю заяўленых музыкаў — тыя, хто выступаў на пачатку, мелі куды больш часу, чым апошнія. Хэдлайнеры вечара Akute дык наогул паспелі адыграць толькі 20 хвілін. «Калі яны выступаюць, на танцпляцоўцы робіцца слізка», — слушна заўважыў з нагоды выхаду магілёўскіх музыкаў Свярдлоў.
Адзін з сюрпрызаў на ўручэнні — перамога ў намінацыі «Падзея года» праекта парталу Tuzin.fm і Падляшскай оперы «Тузін. Немаўля». Сапраўды нечакана, улічваючы, што ў Беларусі гэты праект па агучванні класікі беларускага нямога кіно ўвагі не выклікаў, затое быў належным чынам ацэнены ў Польшчы.
Здзівіла і ўзнагарода ў намінацыі «Ультра-хіт». Галоўнай песняй, на думку наведнікаў сайта Ultra-Music,
аказаўся невядомы большасці трэк «На ниточке» ад гурта ZM99. «Адыс Абеба», якая адыграла ці не найлепшы сэт у гэты вечар, нічога з асноўных намінацый не атрымала, затое была заахвочаная сайтам Zvukiby.by. Прыклад таго, як можна аддаваць сябе на сцэне, паказалі берасцейцы з Plum Bum, што атрымалі два спецпрызы. Вакаліст гурта Вова ад лішку эмоцыяў раскідаў свае дыскі і сарваў голас. «Зараз прынясуць вадзяры — і мы заспяваем яшчэ», — не губляючы аптымізму, заявіў ён.
«Гэта адзіны гурт у Беларусі, які ездзіць на канцэрты на сваім ліфце», — так былі прадстаўленыя публіцы магілёўцы з Akute. Акрамя вывучаных усімі на памяць песень яны прэзентавалі новы трэк, які аказаўся пераробкай хіта «Уліса» залатога перыяду. Яны з любоўю папсавалі песню «Як на далоні» з альбому «Танцы на даху» і на біс не выйшлі — ля дзвярэй «Цэнтра» ўжо сабраліся ахвочыя трапіць на начную дыскатэку.
Вынікі Ultra-Music Awards
Асноўныя намінацыі:
«Гурт года» — Akute
«Альбом года» — Серебряная Свадьба «Laterna Magica»
«Песня года» — Серебряная Свадьба «Я жизнь люблю»
«Кліп года» — Ляпис Трубецкой «Броненосец (Ты ни при чём?)»
«Адкрыццё года» — Паліна Рэспубліка
«Падзея года» — «Тузін. Немаўля»
Спецыяльныя намінацыі:
«Ultra-хіт» — ZM99 «На ниточке»
«Выбар рэдакцыі» — Clover Club «Random Mood Jukebox»
Прыз ад радыё ОНТ «Дэбют года» — Nizkiz
Прыз ад радыё ОНТ — Plum Bum
Прыз ад «Арт-контора» — Plum Bum
Прыз ад Zvukiby.by — «Аддис Абеба»
Сяргей Будкін
Фота: Аляксандр Ждановіч