Дэбют маладога паэта Ігара Кулікова адбыўся тры гады таму. Тады пабачыла свет кніга яго вершаў “Паварот на мора”. Але філолагу, аматару вывучэння санскрыту было сумна пісаць вершы (дарэчы, надзвычай таленавітыя), карыстаючыся адно сродкамі сучаснай беларускай мовы. Таму ў новай кнізе, што атрымала назву “Свамова”, Ігар ідзе крыху далей: ён займаецца не толькі паэтычнай, але і моўнай творчасцю. Кіруючыся меркаваннем пра тое, што беларуская мова мае свае карані яшчэ ў санскрыце, з дапамогай граматыкі гэтай “мёртвай” мовы, ён стварае новыя лексічныя адзінкі, што становяцца неад’емнай часткай “ідэальнай паэзіі”. Менавіта словы са Свамовы дапамагаюць выказаць невымоўнае.
Ігар Кулікоў. Свамова. — Мінск: Медысонт, 2013. — 92 с.
Уявіце. Беларускі мовазнаўца і паэт, які вывучае санскрыт і захапляецца перакладам старажытнага эпасу, выправіўся ў падарожжа ў часе. На таймеры ён пазначыў патрэбны пункт: пачатак ХХ стагоддзя. І хоць папярэджвалі калегі, што няварта ўмешвацца ў працэс стварэння слоўніка беларускай мовы, што мова развіваецца па ўласных законах, і словаўтварэнне, этымалогію, адметнасці функцыянавання моўных адзінак штучным чынам не зменіш, філолаг-паэт не паслухаўся. У тым часе, куды падарожнічаў, ён стварыў суполку прыхільнікаў Свамовы, ці новай мовы, пераканаў Ластоўскага (аматара гістарычных містыфікацый), Байкова і Некрашэвіча замяніць некаторыя моўныя адзінкі ў слоўніках на словы са Свамовы. Надта ж хацелася яму, каб беларуская мова ў яе сучасным варыянце мела больш слоў, запазычаных з санскрыту, а некаторыя адзінкі набылі крыху іншыя граматычныя ўласцівасці.
Калі філолаг вярнуўся ў свой час, 2013 год, то надта ўзрадаваўся. Ён пабачыў у газетах навіны пра тое, што “ў таявіта N. выйшла новая кніга”, а “гудзьба амерыканскага грандж-гурта “Неруш” захапляе слухачоў рознага ўзросту”. Узрадаваўся філолаг. Свамова, калісьці распрацаваная ім і яго сябрамі-паэтамі для выказвання невыказальнага, у свядомасці народа падмяніла беларускую мову і цяпер цалкам натуральна ўжываецца ў паўсядзённасці.
Зрэшты, паэт Ігар Кулікоў не мае такіх глабальных мэтаў па распаўсюджанні Свамовы на ўсё грамадства (а можа, мае?). Ды і сёння працэс штучнай моўнай трансфармацыі быў бы, бадай, немагчымы. Свамова — гэта хутчэй альтэрнатыўная моўная рэальнасць, распрацаваная для больш дакладнага выказвання ўласных думак, стварэння паэтычных вобразаў (калі ўжо існуючых слоў і тых сэнсаў, што яны нясуць, не дастакова).
Амерыканская паэтка і літаратурны крытык Гарыет Манро ў 1913 годзе ў артыкуле “Новая прыгажосць” пісала, што чалавек з’яўляецца паэтам “не таму, што можа рыфмаваць словы ці часткова выказваць актуальныя думкі, але таму, што новая прыгажосць — гэта бачанне ў яго вачах і жарсць у сэрцы. Ён павінен напружваць кожнае сухажылле свайго духу, каб паказаць гэтае бачанне ўсяму свету”. І калі для гэтага яму патрэбна прыдумаць новыя словы ці крыху “падправіць” адметнасці функцыянавання некаторых моўных адзінак, то чаму б не. У рэчаіснасці сваёй індывідуальнай паэтычнай мовы гаспадар — творца, таму тут усё магчыма.
Словы са Свамовы ў паэзіі Ігара Кулікова лагічна спалучаюцца з беларускімі моўнымі адзінкамі, ствараючы незвычайнае і досыць стракатае вобразнае палатно. Тут паэт ператвараецца ў таявіта, музыка — у гудзьбу, а нірвана становіцца нерушшу. Пагадзіцеся, ёсць у гэтым своеасаблівая эстэтыка, якая надае такім звыклым словам і выразам адценне загадкавасці.
здарожаны заўчас іду наўсьлеп
і дзень як ноч хоць сеецца праменьне
знайшоў свой край бяскрайні сьцеп
дзе як трава расьце каменьне
Зрэшты, калі прыгледзецца, не такімі ўжо і фантазійнымі з’яўляюцца новыя словы са Свамовы. Некаторыя з іх маюць карані не ў санскрыце, але ў беларускіх дыялектах. Так, на Свамове ежа —емя. Мая бабуля, якая жыве на Мёршчыне, капаючы бульбу, кідае яе ў два розныя кошыкі: “семенка” (што застанецца на насенне) і “еменка” (якую будуць есці). А на Гродзеншчыне дзеяслоў “есці” ў цяперашнім часе множным ліку мае форму “ямо”, у будучым — “паямо”.
Вершы з паэтычнага зборніка “Свамова” я б параіла чытаць два разы. Першы раз, звяртаючы ўвагу на слоўнік (ці “Слоўе”) напрыканцы кнігі, з улікам тых значэнняў, што ўкладае ў новыя адзінкі сам аўтар. Так чытач пабачыць-расчытае ідэі, укладзеныя ў творы паэтам-таявітам. А можна і зусім не адгортваць старонкі са слоўнікам. Другі раз, слухаючы ўласную інтуіцыю, прыдумваць значэнні невядомым словам ці надаваць ім сэнс у адпаведнасці са сваім жаданнем. Атрымаецца своеасаблівая гульня-параўнанне, якая дазволіць праверыць моўную эрудыцыю і параўнаць аўтарскае і чытацкае сэнсаўтварэнне. Да прыкладу, у гэтых радках:
Зьніт нітуе
расьсяроджаныя вытворы,
вяртаючы іх да свайго праслова,
сьнічна сплятаючы ў найнапрузе
звышновага знаньня.
Кніга паэзіі “Свамова” змяшчае не толькі ўласныя вершы Ігара Кулікова, але і яго пераклады старажытнага эпасу. Гэта “Старэйшая Эдда: Прароцтва вяшчуньні” (са стараісландскай) і “Бітва пры Молдане” (са старажытнаанглійскай). Пераклады дапоўненыя грунтоўнымі каментарамі перакладчыка. Мне падаецца, што менавіта ў гэтых перакладах словы Свамовы глядзяцца надзвычай гарманічна, яны — нібыта сведчанні часу-пазачасся, у якім сёння існуе старажытны эпас.
Марына Весялуха
спецыяльна для Таварыства беларускай мовы
tbm-mova.by