8 кастрычніка а 17:00 у мінскім R-сlub’e пройдзе фінал англамоўнага паэтычнага слэму. Весці яго будзе сам стваральнік слэму – чалавек, які гэткія інтэрактыўныя чытанні і распрацаваў, – Марк Сміт. Акрамя гэтага майстар паэтычнага перфомансу правядзе ў Мінску некалькі майстар-класаў для слэмераў-пачаткоўцаў.
А ў сераду, 6 кастрычніка, а 18-00 у Музеі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца сустрэча беларускіх творцаў з Маркам Смітам.
У рамках правядзення амбасадай ЗША Другога англамоўнага слэма ў Беларусі (English Language Poetry Slam – ELPS’2010) знакаміты амерыканскі паэт сустрэнецца з сваімі беларускімі калегамі.
Марк Сміт праславіўся тым, што прыдумаў і ўвёў у шырокі ўжытак новую форму прэзентацыі паэзіі, слэм, падчас якога паэты не проста чытаюць свае творы, але гуляюцца з публікай, уключаюць яе ў стварэнне і ацэнку паэтычных тэкстаў, а таксама змагаюцца адно з адным за глядацкія сімпатыі.
Плануецца, што падчас сустрэчы беларускія творцы змогуць абмеркаваць з госцем перспектывы слэму, яго перавагі і хібы ў параўнанні з традыцыйнай паэзіяй.
Адрозненні паміж амерыканскім і беларускім слэмам, паміж слэм-паэзіяй і паэзіяй звычайнай будуць прадэманстраваныя ў час выступаў Віталя Рыжкова, Уладзя Лянкевіча, Паўла Свярдлова, Веры і Віктара Жыбуляў ды іншых вядомых слэмераў і паэтаў.
Мадэратар Андрэй Хадановіч.
на здымку – Марк Сміт