Калі ў дзяржаўных прадпрыемстваў паўстае пытанне рэкламы ўласнай прадукцыі, справа далей за ролікі па тэлебачанні не ідзе – асабліва гэта тычыцца рэгіянальных вытворцаў. Аднак бываюць і выключэнні. Так ААТ «Бабушкина крынка» падтрымала беларускамоўны праект інтэрнэт-партала пра Беларусь. 27 снежня на магілёўскім прадпрыемстве адбылася прэзентацыя партала, што пачаў працу некалькі дзён таму.
Сайт мае назву «Усе Беларусы» і павінен стаць свайго кшталту беларускамоўнай Вікіпедыяй – прынамсі, стваральнікі праекту вельмі на гэта спадзяюцца. Дырэктар ААТ «Бабушкина крынка» Ігар Кананчук падтрымаў мерапрыемства не толькі матэрыяльна – сярод працаўнікоў завода быў праведзены конкурс на найлепшую сямейную гісторыю ў фотаздымках. Фотаздымкі людзей і іх аповеды пра родныя мясціны плануецца неўзабаве змясціць на сайце.
Як кажуць стваральнікі, праект створаны не толькі з мэтай сабраць інфармацыю пра вядомых асобаў і гістарычныя месцы Беларусі, але і каб даць магчымасць людзям стасавацца, дзяліцца ўласнымі гісторыямі. Апроч усяго на сайце працуе раздзел «Вандроўкі», на якім можна будзе спланаваць сямейны адпачынак ці падабраць турыстычны маршрут па краіне.
На дадзены момант праект працуе выключна на беларускай мове, аднак неўзабаве з’явіцца і рускамоўная версія, а пазней плануецца дадаць ангельскую, нямецкую і польскую версіі сайта.
«Мы хочам не толькі сабраць у адным месцы мноства фактаў і гісторый пра нашую краіну, але і паказаць людзям, што гаварыць на роднай мове можна і трэба. Чамусьці мноства людзей лічыць, што на беларускай мове размаўляе ў нашай краіне толькі апазіцыя, але ж гэта няправільнае меркаванне, так быць не павінна!” – гаворыць куратар праекту Жанна Грынюк.
Сайт быў запушчаны нядаўна, але ўжо мае даволі высокую наведвальнасць. Даволі востра стаіць пытанне пра тое, хто будзе пісаць артыкулы, нататкі, правяраць гістарычныя факты. Узнікаюць і пытанні пра папулярнасць сайта, пра нежаданне людзей сканаваць старыя фотаздымкі, расказваць гісторыі сваёй сям’і. На гэтым этапе пытанняў шмат, аднак праект сапраўды цікавы, і ў яго ёсць усе шанцы стаць папулярным у беларусаў.
Марыя Гілёва