This movie requires Flash Player 9
23.12.2014 | "Культурызм" з Віктарам Марціновічам

Віктар Марціновіч: Уся Беларусь у адной метафары

Меней чым за кіламетр ад Клайпеды, праз затоку, абаяльна названую Куршскім морам, знаходзіцца вузенькая стужка зямлі, Куршская каса. Як і выпадку Беларусі, клімат Куршскай касы не вельмі прыдатны для жыцця: летам тут занадта горача, жарэ камар, прытым што ў мора не сунешся, бо халодна і мелка. Зімой тут наогул вілы — штормы заліваюць узбярэжжа, а вецер мае такую моц, што ў 2009 годзе абрынуў капітальны каменны абеліск, усталяваны на Вялікай дзюне. Некалі там было капішча, потым вырашылі зрабіць манумент у выглядзе сонечнага гадзінніка. Але Пярун ці хто яшчэ там пакрыўдзіўся, і помнік проста знесла ветрам. Не чапайце паганскія капішчы, таварышы. 

Тыя, хто прыязджае на касу, спыняюцца ў адной з нешматлікіх вёсачак, якія захаваліся на гэтай пясчанай стужцы. Раней вёсак было болей, але іх праглынулі дзюны, якія вандруюць, бы дрэвы ў Толкіна: за год дзюна зрушваецца на 10 метраў, і калі пустэча вырашыла, што твайму дому ці тваёй вёсцы не быць, то што б ты ні рабіў, пясок знойдзе спосаб яе пахаваць назаўсёды. З пяском спрачацца гэтаксама безвынікова, як і з вадой: пясок знойдзе шлях прайсці праз усе загароды. Мясцовыя жыхары за півам расказваюць дужа паэтычныя байкі пра тое, што пад Ёдкрантамі 5 гадоў таму зрушылася вялікая дзюна і агаліла некранутую вялікую вёску старажытных часоў: там было ўсё: выдзеўбаныя чаўны, рыбацкія прылады, хаціны і хлявы…

Найчасцей жа турысты селяцца ў Нідзе — з тым, каб наведаць Вялікую дзюну і прайсціся па ўзбярэжжы зацішнага «Куршскага мора». Ідзеш, глядзіш на чаек і чуеш, як у чароце скрыпяць схаваныя там лодкі: фармальна ўся тэрыторыя касы з’яўляецца запаведнікам, рыбачыць тут нельга, але мясцовыя вяскоўцы — такія ж майстры хітраваны-партызаны, як і беларусы: рыбачаць у ночы, чаўны хаваюць у чаратах.

Рэдка хто з сонных турыстаў Ніды даходзіць да паўночна-заходняга ўзбярэжжа. Таго самага,  дзеля якога якраз і варта ехаць на касу. Каса аддзяляе халоднае Балтыйскае мора, з яго вятрамі і штормамі, ад кантынента. Менавіта сюды, на парослы кволым сасняком вал, узмоцнены паваленымі дрэвамі, прыпадае асноўны ўдар стыхіі, якая назапашвае сілы па-над паўночнымі марамі і лютуе напоўніцу, сустракаючыся з касой.

На гэтым баку ніколі нікога няма. Мала хто з рэспектабельных заўсёднікаў капучына-бараў Ніды можа вытрымаць тут працяглы час. Ды і знайсці шлях да гэтага ўзбярэжжа не так проста: нягледзячы на тое, што каса тут не болей за кіламетр у шырыню, падарожніка пужаюць шматлікія шыльдачкі, што папярэджваюць пра забарону шпацыраў (да мяжы з Расіяй тут — некалькі кіламетраў).

І вось калі ты падыходзіш да ўзбярэжжа праз сасняк, ты чуеш нават не хвалі, нават не прыбой. Гук, які даносіцца праз роў, што аддзяляе пляж ад лесу, болей нагадвае нешта індустрыяльнае. Рокат матораў-волатаў, што працуюць у глыбіні мора. Гул завадскога цэха.

Ты забіраешся на вал і атрымліваеш першую поўху ветру — удар заўсёды моцны і яўны. Потым варта схапіцца за поручні, нахіліцца наперад і ўсё ж такі спусціцца ўніз. Стаяць тут доўга не атрымаецца, бо вецер нахіляе цябе назад, б’е па вушах, перакручвае валасы. Мора ўяўляе сабой адну толькі пену — вады не бачна, яна ўся ўзбітая і скаламучаная штормам.

Але самае цікавае тут — гэта лес. Нягледзячы на тое, што ўзбярэжжа аддзеленае ад лесу абаронным валам, вецер працінае ўсю касу наскрозь. А таму ўсе дрэвы тут трохі іншыя. Ельнік складаецца з дробненькіх дрэўцаў, што спляліся адно з адным, перакруціліся галінамі, адчуванне — быццам елкі трымаюцца адна за адну, каб не ўляцець. Сосны — скарлючаныя, ствалы закручаныя ў вузлы, бы гэта ўдавы, а не сосны.

І вось цікава: стаіш ў такім лесе і проста бачыш сляды, якія за гады прасавання на расліннасці пакідае вецер. Вось тут — зацішны кавалачак, у ім растуць роўныя, прыгожыя сосенкі, праз тры метры, і гэта менавіта бачна па дрэвах, пачынаецца зона, у якой прадзімае — прычым у любы сезон, у любое надвор’е. І дрэвы тут нахіленыя гэтым адвечным скразняком, скалечаныя ім. Ці вось: бачыш грацыёзныя паставы сосен, якія цягнуцца ў вышыню, яны простыя і велічныя, бо земляны вал, пагорак ці проста густы алешнік тут закрывае іх ад вятроў.

Але на пэўнай вышыні гэтая ахова заканчваецца, і дрэвы пачынае карлючыць, завіваць у вузлы, нахіляць і калечыць.

Калі я ўпершыню ўбачыў гэтыя дрэвы, а было гэта некалькі гадоў таму, я неяк адразу зразумеў, што гэта Беларусь. Тут — што ў літаратуры, што ў гандлі фаркопамі і шаравымі апорамі — ты можаш адвольна развівацца і не бачыць ніякіх перашкод. Але толькі пакуль ты ніхто. Пакуль ты — куст алешыны.

Але калі ты будзеш цягнуцца да нябёсаў і надалей (бо ўсе дрэвы цягнуцца да нябёсаў), калі табе хопіць унутранай моцы і прыгажосці, каб стаць вышэйшым за іншых — тут цябе і сустрэнуць. Вецер скруціць тваю крону, перакруціць ствол, увесь холад і уся лютасць поўначы пачне калечыць цябе, церушыць цябе, схіляць да зямлі. Яны прыкрылі Анлайнер. Яны прыйшлі да Логвінава. Мабыць, мы, пісьменнікі, перайшлі пэўную мяжу незаўважнасці. Мабыць, мы перараслі стадыю алешыны з нашымі кніжкамі і іх продажам…

Хочаш жыць — не выпінайся.

Будзь ніжэйшы.

Цягніся не ўверх, а ўніз. Ці ўбок. У выніку зробішся не дрэвам, а помнікам агідзе і вычварэнству.

Агледзьцеся навокал, іх вельмі шмат, такіх некалі прыгожых сосен, скалечаных нашымі паўночнымі вятрамі. Культурных дзеячаў, якія цягнуцца не ўверх, а ўніз, «паліваючы» сваіх, грамадскіх дзеячаў, на якіх мы некалі маліліся, праз якіх выходзілі на плошчы і гатовыя былі ахвяраваць свабодай ці нават здароўем, а цяпер яны — хутчэй абрубкі, чым людзі.

І вось што я хачу сказаць: вельмі проста паехаць з нашага лесу. І стаць малайскай пальмай. Ці канадскім дубам. Ці амерыканскай піхтай. Але — і вось тут самае галоўнае — пражыць годна можна і тут.

Сярод скалечанага лесу, паміж паніклымі і перакручанымі стваламі, стаіць вялікая сасна, высокая і роўная, як сон.

Я бачыў яе на ўласныя вочы.

Я хачу жыць так, як жыве гэтая сасна — сярод нашых вятроў, страху і холаду. Я веру, гэта магчыма. Я бачыў яе, і яна дала мне надзею.


4 Каментаў у “Віктар Марціновіч: Уся Беларусь у адной метафары”

  1. Sotnieks says:

    Сапраўды годнае гадуецца толькі ў жорсткіх умовах.
    Высокі і роўны, які вырас тут, варты дзесяці высокіх і роўных, што выраслі недзе ў Нямеччыне.

    “Thou must obey some one, and for a long time; otherwise thou wilt come to grief, and lose all respect for thyself” — this seems to me to be the moral imperative of nature, which is certainly neither “categorical,” as old Kant wished (consequently the “otherwise”), nor does it address itself to the individual (what does nature care for the individual!), but to nations, races, ages, and ranks; above all, however, to the animal “man” generally, to mankind. – F. W. N.

  2. savva says:

    С необычного угла рассмотрены события, но давольно точно, и красиво

  3. Марціновіч вандруе ў шкалярскі рамантызм?

  4. >> На гэтым баку ніколі нікога няма. Мала хто з рэспектабельных заўсёднікаў капучына-бараў Ніды можа вытрымаць тут працяглы час. Ды і знайсці шлях да гэтага ўзбярэжжа не так проста… >>

    Казкі нейкія, заўсёдна там можна пабачыць дзікіх турыстаў, дый знайсьці шлях да таго ўзьбярэжжа ну проста прасьцей простага (заблукаць немажліва – з двух бакоў вада)… І ўся мэтафара Беларусі гэткая ж няслушная, як і аўтарскі опіс Куршскае касы.

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика