У маленькім памяшканні клуба “ІЛІ” – вялікі натоўп людзей. Наперадзе стаіць моладзь, бліжэй да сцяны і бара ціснуцца закаханыя. Гэтыя людзі прыйшлі на канцэрт гурта “Lepshy kvas”, які два месяцы таму заявіў, што збярэ поўную залу – 200 чалавек. Па словах удзельнікаў, гэта атрымалася не да канца, але калі б гурт не сказаў, ніхто б і не заўважыў. Напэўна, гэта звязана з тым, як горача падтрымлівала музыкаў публіка: адзін крычаў за траіх.
“Лепшы квас заспявае для вас”, – так гучала прывітанне. І заспяваў сярод упэўненага скандавання.
Уладзіслаў Лепяшынскі, кіраўнік музычнага ансамбля, спыняе ігру на гітары і кажа:
– Мы вырашылі так: сёння мы развітаемся са старымі песнямі, каб потым вам прэзентаваць нешта цікавае.
Сказана – зроблена. Слухачам дастаткова толькі пачуць знаёмую музыку, а словы згадваюцца самі сабой. І сапраўды: варта было толькі даць публіцы магчымасць заспяваць песню “Паміж намі” – людзі ўжо гучна і складна дадаюць:
Усмешкі не пабачу тваёй аніколі
І цёплы пацалунак у вусны не атрымаць.
І ўвогуле, канцэрт здаваўся сустрэчай сяброў, якія дасканала ведаюць, хто і пра што пяе, а галоўнае – адчуваюць. Можа, так здавалася менавіта дзякуючы тэкстам песень, сэнс якіх гранічна блізкі маладому чалавеку, а можа, таму, што яны дазваляюць быць адначасова разам са ўсімі і сам-насам з сабой.
Апладысменты падчас “Грай ува мне” былі накіраваныя яшчэ аднаму асабліваму чалавеку, госцю Віталю Рыжкову, паэту і ўдзельніку гурта Belaroots, які разам з “Квасам” зачытаў рэп. Пасля гэтага выступу і так дастаткова актыўная публіка разгарачылася яшчэ больш: нехта крычаў “На квас!”, а нехта залазіў на сцэну (добрыя хлопцы-музыкі нават крыху адышлі, каб усім ахвочым хапіла месца), адным словам – адрываліся. Ды ніхто гэта і не забараняў: камунікацыя з публікай была, як з сябрамі, максімальнай.
А яшчэ завітаў рэп-выканаўца Вожык. Нават калі вам не падабаецца гэты напрамак у музыцы, энергію вы адчулі б дакладна.
Быў сярод гасцей і паэт Алесь Снег. Перад тым як выканаць з “Лепшым квасам” песню “Ты” (дарэчы, пакладзенай на яго словы), заўважыў: “Здаецца, што вас тут тысяча”. Што ж, пажадаем гурту ў хуткім часе дасягнуць такой колькасці.
А калі выконвалі “На мора” з гуртам “Час лайна”, у Яўгена Накваса парваўся баян. Разумееце, як стараліся хлопцы?
Пытаю Уладзіслава Лепяшынскага, ці ўсё атрымалася. Адказвае:
– Мы аддаваліся на 100%, і публіка таксама. Крыху не атрымалася выканаць нашую мэту, сабраць 200 чалавек, але ў клубе і так быў біток. Спадабалася праца з сябрамі, якія выйшлі з намі на сцэну, спадзяюся, хутка запішам з імі песні, якія мы выконвалі. Я пасля такіх эмацыйных канцэртаў заўсёды натхняюся на працу, таму будзем працаваць над новай праграмай. Самае галоўнае, што слухачы засталіся задаволенымі пасля канцэрта.
– А што наконт планаў на будучыню?
– У нас пачынаецца тур па гарадах Беларусі ў падтрымку курсаў “Мова Нанова”. Будзем працягваць падрыхтоўку да летніх фестываляў, плануем у ліпені ехаць з канцэртамі ва Украіну.
Іду да выхаду. У чарзе ў гардэроб чую:
– Крутыя пацаны. А чаму яны па-беларуску?
– Ты сур’ёзна?
Калі казаць шчыра, гэта даволі паспяховы пачатак для маладога гурта – сабраць натоўп людзей, якія па-сапраўднаму адчуваюць сілу музыкі. Галоўнае, каб цябе пачулі, а прызнанне… яно абавязкова прыходзіць, калі ты робіш сваю працу якасна.
Таццяна Ашуркевіч
Фота: Аляксандр Кісялёў, artsiadziba.by