Першае свята роднай ежы для шырокай публікі зладзілі ў дворыку Гістарычнага музея Беларусі на Карла Маркса 27 траўня.
Тут былі і фермеры, і стваральнікі экаторбаў, і садаводы, а яшчэ сцэна, майстар-класы. І, натуральна, шмат разнастайнай ежы: сыры, рыба, малако, масла, гатовыя прадукты. Прыемна было пагуляць тут пасля грузінскага фестывалю і паесці свайго.
Проста ў двары стаяў агульны стол, за які садзіліся кампаніямі, сем’ямі ці паасобку і пачыналі камунікаваць усе з усімі. Вось ён — чароўны ўплыў агульнага вясковага стала.
Маленькія госці маглі пагуляцца з куранятамі і качанятамі, павучыцца саджаць міні-агародзік, паздымацца ў адпаведнай фотазоне, а яшчэ зрабіць сабе традыцыйную беларускую локшыну з суцэльнай мукі. Калі не ведаеце, што за страва, не марнуйце час на гугл (ён ведае толькі Докшыцы), а лепей распытайце ў бабуль. Такую локшыну яшчэ багата хто ўмее рабіць дома.
Арганізавала “Усё сваё” фуд-коўч Ксенія Вяцкая, каб пазнаёміць беларускіх спажыўцоў і беларускіх жа вытворцаў, а заадно нагадаць наведнікам пра тое, як добра гатаваць дома і ўжываць вясковыя прадукты.
“Цяпер людзі дужа абляніліся і разбэсціліся тым, што ўсё ёсць у крамах. Часам я чую ад кліентаў, якія жывуць у вёсцы, што яны набываюць ёгурты ў краме. Хаця ў суседзяў ёсць карова”, — абураецца Ксенія.
Арганізатарка перакананая, што ў Беларусі фермеры могуць шчыльней стасавацца з гараджанамі, толькі варта іх перазнаёміць. Сама пані ўкраінка, бывае за паўднёвай мяжой і на свае вочы бачыць, як там добра наладжаная камунікацыя фермераў і гастрааматараў.
Яшчэ адна ідэя гастраімпрэзы — мінімальная колькасць смецця. У двары стаялі бакі для розных гатункаў адкідаў, а яшчэ ўдзельнікі прапаноўвалі едакам шматразовы посуд, каб і паперай не завальваць сметніцу.
“Мы закупіліся торбамі з тканіны і папяровымі пакетамі, каб ніхто не пытаў “А дзе мне ўзяць?”. Усё поруч. Бяры і хадзі па пакупкі”, — падкрэсліла Ксенія.
Такая тусоўка аматараў ежы і яе гатавання-гадавання можа праходзіць кожны месяц. У першым свяце ўзялі ўдзел 20 вытворцаў і каля 1000 гасцей.
Але да Ксеніі ўжо запісваюцца на наступны раз: “Яшчэ на два фестывалі ўжо звярнулася спадарства, якое хоча паўдзельнічаць. Мы будзем працягваць, калі будзе падтрымка грамадства”.
Марыя Грыц