Новая дзіцячая кніжка ў серыі “Каляровы ровар”: хутка ў кнігарнях!
“Сёння сцэна была нашмат большай. Я стаяў на яе краі, быццам на абрыве над морам. Сэрца шалёна білася. Самотны крот на сцэне…” А вось хто гэты самотны крот, чаму ён на сцэне і чым гісторыя скончылася, чытайце самі и чытайце сваім дзеткам у новай кніжцы “Найлепшы спявак у свеце”, што выйшла ў дзіцячай серыі “Каляровы ровар” Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Гэтую гісторыю пра шчаслівае дзяцінства, сапраўднае сяброўства і вялікія перамогі маленькага чалавечка напісаў шведскі пісьменнік Ульф Нільсан. Беларускай мове навучыла “кроціка” і ўсіх персанажаў кніжкі перакладчыца Алеся Башарымава. Як выглядаў “кроцік” і ягоныя сябры, малюнкамі паказала шведская мастачка Эва Эрыксан.
З кнігай “Найлепшы спявак у свеце” бацькі лёгка дапамогуць сваім дзеткам перамагчы монстра сарамлівасці, а старэйшыя дзеці зразумеюць, што малодшы брацік — гэта не толькі пакутлівыя змаганні за цацкі, але і найлепшая сяброўская падтрымка!
Ульф Нільсан і Эва Эрыксан разам працуюць даўно. Яны зрабілі цэлы шэраг дзіцячых кніжак з малюнкамі, якія ўжо зрабіліся класікай у Швецыі.
“Пераклад кніжак у малюнках, або так званых “кніжак-карцінак” — новы для мяне досвед, і калі Саюз беларускіх пісьменнікаў прапанаваў мне перакласці спярша “Снежнага чалавека”, а потым “Найлепшага спевака…”, то я ўзялася за гэта з цікаўнасці, — кажа перакладчыца на беларускую мову Алеся Башарымава. — Абедзве кнігі напісаныя простаю мовай, з разлікам на зусім маленькіх дзяцей. Пад простай мовай я тут маю на ўвазе і лёгкасць сінтаксічных канструкцый, і тое, што для перадачы сэнсу выкарыстоўваецца досыць мала словаў, калі працуюць асацыяцыі. Перада мной стаяла задача захаваць гэтую простасць.
“Найлепшы спявак у свеце” — гэта гісторыя хлопчыка, які любіў спяваць, але саромеўся рабіць гэта перад публікай, гісторыя таго, як ён перамог гэты комплекс. Яна апісаная з лагодным гумарам, і я думаю, тыя, хто пазнае сябе ў герою, гэта ацэняць і змогуць па-іншаму паглядзець на свае праблемы, якія цалкам могуць аказацца ўяўнымі. А гумар у такім выпадку можа быць найлепшай дапамогай”.
У хуткім часе кнігу “Найлепшы спявак у свеце” можна будзе набыць у кнігарнях Мінска і іншых гарадоў Беларусі.
Кніга “Найлепшы спявак у свеце” — трэцяе выданне серыі “Каляровы ровар”, што выходзіць у Бібліятэцы Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка”. На дадзены момант акрамя кнігі Ульфа Нільсана серыя складаецца яшчэ з дзвюх цудоўна ілюстраваных дзіцячых кніг: “Снежны чалавек” Эвы Суса і “Чытанкі для маленькіх”, укладзенай Вінцуком Вячоркам і Пятром Садоўскім.
Кнігі серыі “Каляровы ровар” — выдатныя беларускамоўныя падарункі для дзетак і павучальныя дапаможнікі па іх выхаванні для дарослых.