Пасля інцыдэнту ў лонданскай галерэі сучаснага мастацтва Tate Modern, калі дзіця ўскараскалася на скульптуру цаной 10 мільёнаў даляраў, Айван Х’юіт і Дзі Біркет абмяркоўваюць, ці трэба маленькім дзецям забараніць уваход у музеі.
Дзіця залезла на скульптуру “Без назвы” Доналда Джада, створаную ў 1980 г., галерэя Tate Modern.
“Так, забараніць!” — кажа Айван Х’юіт, мастацтвазнаўца газеты “Тэлеграф”
Маятнік культурных нораваў ніколі не спыняецца на залатой сярэдзіне. Ён заўсёды вагаецца з адной крайнасці ў іншую.
Вазьміце, напрыклад, такое пытанне: якімі павінныя быць узаемаадносіны дзяцей і ўстановаў высокай культуры? Калісьці адказ быў вельмі просты: ніякімі! Дзецям не месца ў такіх установах. Яны яшчэ няздольныя атрымліваць асалоду ад знаходжання ў музеі ці галерэі: ім будзе сумна ці, наадварот, іх захлыне пераўзбуджэнне, і яны будуць бегаць як шалёныя па адпаліраваных падлогах. Так ці інакш, настрой дарослых наведвальнікаў будзе сапсаваны. Сітуацыя пройгрышная для ўсіх. Лепш пачакаць, пакуль дзіця стане падлеткам — у гэтым узросце маладыя людзі ўжо здольныя прымаць свае ўласныя рашэнні, ведаючы, што, калі яны ідуць на выставу, неабходна падпарадкоўвацца правілам знаходжання ў такіх месцах.
Магчыма, гэта занадта радыкальна для нашага часу, але цяперашнія норавы занадта шпарка крочаць у адваротным кірунку. Сённяшнюю ўсёдазволенасць можна праілюстраваць выпадкам, які нядаўна здарыўся ў галерэі сучаснага мастацтва Tate Modern, калі маладая пара дазволіла свайму дзіцяці ўскараскацца на вельмі дарагую скульптуру Доналда Джада. Адна з наведніц, якая была ў гэты момант у зале (як высветлілася потым, уладальніца галерэі ў Нью-Ёрку), вырашыла зрабіць заўвагу маладым бацькам. “Я была шакаваная, — кажа яна. — Я сказала ім, што яны не павінныя дазваляць дзіцяці гуляцца з творам мастацтва, які каштуе 10 мільёнаў даляраў. Маці павярнулася да мяне і сказала, што я нічога не разумею ў дзецях, і дадала, што калі ў мяне ёсць уласныя, то яна ім спачувае”.
Вось такога абсурду мы дасягнулі дзякуючы сучаснай філасофіі, арыентаванай у першую чаргу на патрэбы дзяцей, якая сцвярджае, што дзецям дазволена ўсё і што іх нельга караць і вучыць, а менавіта такія погляды пануюць цяпер у грамадстве. Многія сур’ёзна прытрымліваюцца думкі, што нельга вучыць нашых “бэбі” нормам добрых паводзін у “дарослых месцах”, такіх як музеі і галерэі, бо гэта ёсць адной з форм жорсткага абыходжання з дзецьмі, гвалтам над дзіцячай псіхікай, і трэба пазбаўляцца ад такой састарэлай практыкі. Мы мусім дазволіць дзецям бегаць усюды, дзе яны пажадаюць, лапаць ліпкімі пальцамі антыкварную мэблю і старажытныя кітайскія вырабы з бронзы, а таксама паўсюдна жлуктаць свае “дзюшэсы” ці лізаць “чупа-чупсы”, якія прадбачліва прадаюцца ў кавярні музея.
Іронія ў тым, што ў падмурку такога сучаснага звышклопату пра правы дзяцей ляжыць віктарыянская ідэя пра тое, што з самага маленькага ўзросту дзеці павінныя быць далучаныя да высокай культуры. Праблема ў тым, што гэтую добрую ідэю змешваюць з адной надзвычай заганнай практыкай. Чамусьці існуе думка, што высокая культура павінная быць зніжаная да ўзроўню дзяцей. Высокая культура — гэта такі ж прадукт свету дарослых, як, напрыклад, матэматыка, дэмакратыя ці навука. Гэта цяжкая дысцыпліна, якой трэба вучыцца. Яна недаступная дзецям апрыёры. Калі мы не згодныя з гэтым, калі мы заахвочваем дзяцей думаць пра музейныя экспанаты ці карціны як пра нейкія цацкі, з якімі можна гуляцца, лапаць рукамі, а потым кінуць куды-небудзь, калі надакучыць, дык мы хлусім самі сабе — і ніяк іначай. Заахвочванне нашых дзяцей да разумення высокай культуры праз хлусню не падаецца мне добрай ідэяй.
Вядома, што вынікі будуць супрацьлеглымі таму, чаго жадалася б усім гэтым сур’ёзным дзядзям і цёцям, што адпрацоўваюць свае гранты на ніве дзіцячай псіхікі. Калі гэтыя дзеці стануць падлеткамі, яны не будуць думаць пра музеі, галерэі і тэатры як пра нешта “дарослае”, як пра таямніча-спакуслівыя месцы для дарослых, у якіх можна атрымаць задавальненне ад прагляду незразумелых каштоўнасцяў. Яны будуць думаць пра іх амаль тое ж самае, што думаюць пра Дыснэйлэнд, краму цацак ці дзіцячыя ТБ-каналы: гэтыя месцы прыстасаваныя для задавальнення нашых патрэб, калі мы былі дзецьмі, і таму трэба бегчы ад іх як мага хутчэй, бо нам вельмі карціць стаць дарослымі, а ўсё “дзіцячае” трэба пакінуць у мінулым.
У будучыні такім чынам выгадаваных дзяцей чакае шмат праблем. Я ўпэўнены, што дзеці, якім цяпер дазваляюць рабіць у музеях усё што хочацца, калі дасягнуць дарослага жыцця, будуць глядзець на любыя праявы высокай культуры з пагардай, як на штосьці, што не мае ўласнай унутранай каштоўнасці.
“Не, не забараняць!” — кажа Дзі Біркет, дырэктар сайта “Дзеці ў музеях” kidsinmuseums.org.uk
Жах! Да Вінчы і залаты пярсцёнак дынастыі Цынь эпохі палеаліту ў небяспецы! Трэба хуценька прыбраць усе шэдэўры і схаваць іх у падсобцы! Тое, што немагчыма схаваць, неабходна захутаць у цэлафан. Там, дзе нельга захутаць, патрэбна паставіць таблічку: “Рукі прэч ад гэтай мармуровай скульптуры XIV стагоддзя!” Цэлы натоўп дзяцей вось-вось уварвецца ў музей! Яны будуць лапаць сваімі нямытымі ручкамі неацэнныя мастацкія творы! Мы абавязаныя не дапусціць гэтага!
Вось што прапануе нам Айван Х’юіт, самапрызначаны абаронца нашых нацыянальных музеяў і карцінных галерэй. Ягоная істэрыя ўзмацнілася пасля нядаўняга выпадку ў галерэі, калі нейкае дзіця залезла на адну скульптуру, якая выглядала вельмі падобнай да… прыступак. Такія, як Х’юіт, усе тыя, хто аб’яўляе сябе абаронцамі твораў высокага мастацтва ад усялякіх мелкіх пагроз, гэта значыць, ад дзяцей, заклікаюць да строгага кантролю — забараніць непаўналетнім уваход у святая святых мастацтва. Як гэта зроблена ў прыватным музеі “Калекцыя Фрыка” (Frick Collection) на Пятай авеню ў Нью-Ёрку, куды ўваход забаронены ўсім, каму няма 12 гадоў. Х’юіт і ягоныя вечна незадаволеныя аднадумцы жадалі б забараніць насалоджвацца мастацтвам усім, пакуль у іх няма правоў кіроўцы, пакуль яны не пабраліся шлюбам і пакуль не ўгразлі ў іпатэку.
Насамрэч не дзяцей жадаюць забараніць усе гэтыя х’юіты, а радасць. Калі адзін з гэтых занудных х’юітаў апынаецца перад карцінай Цінтарэта, ён адыходзіць ад вяроўкі цёмна-барвовага колеру, якая вісіць перад карцінай, ківае галавой, быццам пацвярджаючы нейкі вельмі істотны факт адносна мазкоў і тэхнікі выканання, павольна дакранаецца да сківіцы і мармыча сабе пад нос (амаль нягучна, я спадзяюся): “Mмммммм…”. Няма ніякага ўсплёску захаплення, яму не хочацца пляскаць у далоні і крычаць “ура!” Фактычна, няма ніякіх адчуванняў ці суперажывання ад таго, што ён стаіць перад вялікім творам мастацтва. Усё, што ён адчувае, — толькі асэнсаванне таго, што перад ім акадэмічна выкананы шэдэўр, пра які напісана ў кожным падручніку па гісторыі мастацтва. Сумна.
Няўжо нехта сапраўды хоча адчуваць такія ж мёртвыя пачуцці? Дзеці павінныя хадзіць у музеі і галерэі, каб з самага маленства ў іх развівалася пачуццё прыгожага, каб вялікія мастацкія творы паступова вучылі іх атрымліваць асалоду ад мастацтва. Мы павінныя радавацца, калі маленькія дзеці з такім запалам рэагуюць на карціну Рубенса ці іншага генія жывапісу. Хіба гэта не тое, чаго мы насамрэч хочам?
Х’юіт мяркуе, што лепш пачакаць, пакуль дзіця дасягне падлеткавага ўзросту, а ўжо потым заахвочваць яго да стасункаў з чым-небудзь эстэтычным. А як тады быць з настаўнікамі, якія вядуць сваіх вучняў на экскурсію ў мастацкі музей? Такія паходы таксама не будуць вітацца?
Мне здаецца, што Х’юіт ніколі не меў справы з падлеткамі, а я ўжо даўно працую з імі. Ён проста не ведае, што ў падлеткавым узросце запозна знаёміцца з мастацтвам. Я цалкам падтрымліваю тое, каб 14-гадовыя наведвалі галерэі, але зрабіць гэта нялёгка — яны не вельмі хочуць хадзіць па музеях. Да таго ж яны прыходзяць туды з мабільнымі тэлефонамі і іншымі дэвайсамі, якія наогул не вітаюцца ні ў адной галерэі. А вось трохгадовае дзіця з айподам я яшчэ не бачыла.
Але, магчыма, Х’юіт мае рацыю. Ці павінныя мы дазваляюць дзецям бегаць, шумець і сваволіць і такім чынам перашкаджаць іншым наведнікам атрымліваць асалоду ад знаходжання ў музеі? Вядома ж, не. Але адзіная прычына такіх паводзінаў — гэта тое, што дзецям робіцца невыносна нудна. Калі паспрабаваць зацікавіць дзіця мастацкім творам, яно не будзе адцягвацца ні на што іншае і забудзецца на свае забавы і капрызы. Калі дзеці стаяць з адкрытымі ратамі вакол экскурсавода, які расказвае ім нешта цікавае, яны забываюць пра ўсё на свеце. Таму, замест таго каб забараняць дзецям уваход у музей, запрасіце іх на выставу, зрабіце для іх адмысловую праграму, раскажыце ім цікавую гісторыю пра карціну ці скульптуру, і ў іх не застанецца часу на бегатню па адпаліраваных лесвіцах паміж паверхамі. Раздайце ім маляванкі і пакажыце арыгінал — хай яны малююць свае калякі-малякі ў раздадзеных маляванках. Ці зрабіце мазаіку з якога-небудзь сусветна вядомага партрэта, пакіньце іх перад гэтым партрэтам, і хай яны збіраюць свой пазл. Раздайце ім аркушы і алоўкі — хай яны намалююць сваю копію любой карціны, якая ім спадабаецца ў гэтай зале. І гэта толькі некалькі прыкладаў таго, чым можна заняць дзяцей у музеі — такі паход ва ўстанову высокай культуры ім дакладна спадабаецца.
Урэшце, хто захоча жыць у краіне, дзе высакалобыя дзядзі і цёці ківаюць галавой і нешта мармычуць сабе пад нос? Мне больш даспадобы краіна, у якой людзі радуюцца мастацтву ў любым узросце. Усё, што для гэтага патрэбна, у нас ёсць — вялікая колькасць выдатных, багатых, яркіх музеяў і галерэй.
Паводле telegraph.co.uk