Пісьменніца Эн Морган (Ann Morgan) паставіла перад сабой мэту: прачытаць па адной кніжцы з кожнай краіны ў свеце за год. І вось што з гэтага атрымалася.
Я заўсёды была ўпэўненая, што я даволі касмапалітычны чалавек, але аднойчы я ўважліва паглядзела на свае кніжныя паліцы і вымушаная была прызнаць, што памыляюся. Акрамя некалькіх індыйскіх раманаў і дзіўнаватых кніг з Аўстраліі і Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, у маёй літаратурнай калекцыі былі выключна брытанскія і амерыканскія аўтары. Горш за тое, я амаль ніколі нічога не чытала з перакладной літаратуры. Усё, што я ведала, абмяжоўвалася творамі ангельскамоўных пісьменнікаў.
У пачатку 2012 г. я вырашыла паставіць перад сабой наступную мэту: паспрабаваць прачытаць па адной кнізе з кожнай краіны свету. ААН прызнае 195 дзяржаваў + былы сябра ААН Тайвань. Я дала сабе адзін год на тое, каб зразумець, што я страчваю, чытаючы толькі ангельскіх і амерыканскіх творцаў.
Упэўненасці, што мая задумка атрымаецца, у мяне не было. Адзінае, пра што я падумала, было тое, што я наўрад ці знайду па кнізе з кожнай краіны ў ангельскім перакладзе на паліцах маёй мясцовай кнігарні, таму я вырашыла папрасіць пра дапамогу чытачоў з усёй планеты. Я стварыла блог пад назвай “Год на тое, каб прачытаць увесь свет” з заклікам дасылаць мне свае прапановы наконт кніг, з якімі я абавязкова павінная пазнаёміцца і якія існуюць у перакладзе на ангельскую мову.
Дзіўна, але гэта спрацавала! Я нават не чакала, што людзі з усяго свету пачнуць пісаць мне і прапаноўваць творы розных пісьменнікаў. Некаторыя дасылалі перакладзеныя кнігі сваіх любімых аўтараў. Іншыя не пашкадавалі часу і сабралі для мяне інфармацыю па цікавых пісьменніках замежжа. Акрамя таго, некалькі аўтараў, сярод якіх Ак Вельсапар з Туркменіі і Хуан Давід Морган з Панамы, даслалі мне неапублікаваныя пераклады сваіх раманаў, што дало мне рэдкую магчымасць прачытаць творы, недаступныя 62 % брытанцаў, бо яны не валодаюць замежнымі мовамі. Нават з такой экстраардынарнай камандай бібліяфілаў, якая падтрымлівала і дапамагала мне, пошук кніг не быў такой і лёгкай задачай. Пераклады замежнай літаратуры на англійскую складаюць толькі 4,5% ад агульнай колькасці твораў, выдадзеных у Вялікабрытаніі і Ірландыі, таму знайсці ангельскія версіі шмат якіх замежных кніг было вельмі цяжка.
Гэта асабліва датычыла афрыканскіх краін, дзе размаўляюць на французскай і партугальскай мовах. Нам амаль нічога невядома пра літаратуру такіх дзяржаваў, як Каморскія выспы, Мадагаскар, Гвінея-Бісау і Мазамбік – я змагла знайсці толькі неапублікаваныя рукапісы з творамі тамтэйшых літаратараў. А калі справа дайшла да малюпаценькай астраўной дзяржавы Сан-Тамэ і Прынсыпі, я б увогуле ніколі не справілася б без каманды добраахвотнікаў з Еўропы і ЗША, якія пераклалі для мяне кнігу кароткіх апавяданняў мясцовай пісьменніцы Алінды Бэжа (Olinda Beja).
Выявіліся і такія месцы, дзе ўвогуле рэдка што запісваецца на паперы. Напрыклад, калі вам раптам захочацца добрай літаратуры на Маршалавых выспах, хутчэй за ўсё вы пойдзеце да мясцовага старасты (iroij) і будзеце прасіць яго дазволіць вам паслухаць аднаго з мясцовых вусных апавядальнікаў, а вось надрукаваную кнігу наўрад ці знойдзеце. Такое ж становішча і ў Нігеры, дзе легенды традыцыйна апавядаюцца грыётамі (griot) – спецыяльна выхаванымі людзьмі, якія з’яўляюцца асобнай кастай, што ўключае музыкаў, спевакоў і апавядальнікаў, якія пачынаюць вывучаць мясцовы фальклор з сямігадовага ўзросту). Запісаныя версіі іх захапляльных выступаў зусім нешматлікія і адлюстроўваюць толькі невялікую частку гэтае багатае культурнае традыцыі.
Яшчэ адна праблема ўзнікла адкуль я і не чакала: у мае планы ўмяшалася міжнародная палітыка – на мапе свету з’явілася новая краіна – Паўднӫвы Судан. Вядома, гэта быў момант радасці для яго грамадзян, якія перажылі дзесяцігоддзі грамадзянскай вайны, пакуль не здабылі сваю дзяржаўнасць, а для мяне гэта стварыла дадатковыя праблемы. У маладой краіне адсутнічаюць дарогі, лякарні, школы, няма ніякае інфраструктуры… якія тут могуць быць кнігі? Калі б не адзін добры чалавек, які звязаў мяне з пісьменніцай Джуліяй Дуані (Julia Duany), што даслала мне свае творы, мне напэўна давялося б сесці на самалёт да Джубы (сталіца Паўднёвага Судана), знайсці там мясцовага жыхара і прымусіць яго расказаць мне суданскую казку на месцы.
У цэлым пошук кніг заняў столькі ж часу колькі і само чытанне і вядзенне блога, у якім я дзялілася сваімі ўражаннямі ад прачытаных твораў. Спіс выбранай для азнаямлення літаратуры быў надзвычай вялікі. Чытаць даводзілася і начамі, але я хацела быць упэўненая, што прытрымліваюся свайго графіка і прачытваю па адной кніжцы кожныя 1.87 дня.
Мае высілкі былі недарэмнымі. Я вандравала па літаратурных пейзажах планеты, і раптам пачало здарацца неверагоднае. Я не проста падарожнічала разам з аўтарамі, седзячы ў сваім фатэлі, а пачала пражываць жыцці тых, хто расказваў мне пра свае прыгоды. У кампаніі бутанскай пісьменніцы Кунзанг Чодэн (Kunzang Choden) я не проста наведвала экзатычныя храмы, але і бачыла іх як бы іх пабачыў мясцовы будыст. Захопленая фантазіяй мангольскага пісьменніка Галсана Чынага (Galsan Tschinag), я блукала разам з хлопчыкам пастухом ў Алтайскіх гарах. Разам з забароненай у сваёй краіне Ну Ну І (Nu Nu Yi) я пабачыла рэлігійны фэст у М’янме з пункту гледжання трансгендарнай асобы.
Дзякуючы адораным аўтарам я зразумела, што падарожжа праз прачытанне кнігі дало мне тое, што вельмі рэдка атрымліваецца перажыць тым, хто вандруе па рэальным свеце з заплечнікам і гідамі-экскурсаводамі: кнігі перанеслі мяне ў думкі сваіх герояў, якія жывуць далёка-далёка, і паказалі мне свет іхнімі вачыма. Гэтыя гісторыі ўражваюць мацней за тысячы тэлевізійных рэпартажаў, яны не толькі паказваюць усю паднаготную жыцця ў іншых краінах, але і дазваляюць мне адчуць сэрцам тое, што адчуваюць героі гэтых кніг.
А гэта ў сваю чаргу змяніла і мае ўласныя погляды. Прачытваючы аповеды, якімі падзяліліся са мной кніжныя аматары з ўсяго свету, я зразумела, што я не адна, што я – частка вялікай сеткі, што распасціраецца па ўсёй планеце.
Адна за адной назвы краін ў спісе, які быў задуманы і складзены проста як інтэлектуальная забаўка, ператвараліся ў нешта жывое, у яркія месцы, дзе жывуць людзі, якія смяюцца і плачуць, кахаюць і ненавідзяць, спадзяюцца на нешта ці нечага пужаюцца. Краіны, якія калісьці здаваліся мне экзатычнымі і далёкімі, сталі блізкімі і знаёмымі – цяпер я магла сказаць, што я “была” ў іх, “ведаю” іх, яны мне больш не чужыя. Цяпер я ведаю дакладна: літаратура робіць свет рэальным.
Спіс кніг, якія былі прапанаваныя Эн Морган для чытання, можа пабачыць тут.
Уражанні брытанскай пісьменніцы ад беларускай літаратуры – у другой частцы артыкула.