22 лютага ў кнігарні “ЛогвінаЎ” вядомы тэлежурналіст Аляксандр Ступнікаў прэзентаваў сваю новую кнігу “Всё к лучшему…”. Эміграцыя ў ЗША, служба ў войску ў Манголіі, праца на тэлерадыёкампаніі “Бі-Бі-Сі” ў Лондане, стварэнне бюро тэлеканала “НТВ” на Блізкім Усходзе, дэпартацыя з Беларусі — усе гэтыя падзеі з бурлівага жыцця пісьменніка, які аб’ехаў амаль увесь свет, леглі ў аснову вышэйназванай кнігі аповедаў.
“Калі мае дзеці пачалі падрастаць, — кажа Аляксандр пра падзею, якая падштурхнула яго да напісання кнігі, — я злавіў сябе на думцы, што яны ўспрымаюць маю слыннасць як выйгрыш у латарэю альбо лічаць, што гэта ўсё ад Бога. Тады я задумаўся і вырашыў напісаць гэтую кнігу, каб паказаць ім, што ўсё ў жыцці можна пераадолець, галоўнае — ставіць канкрэтную мэту і дамагацца яе”.
Аляксандр Ступнікаў таксама вядомы сваімі кнігамі вершаў “Пятый угол” і “Другое измерение”, але насычанае і цікавае жыццё натхняе яго на напісанне не толькі вершаў, але і прозы.
“У мяне на 80 адсоткаў гатовы матэрыял для другой кнігі, — расказаў пра творчыя планы пісьменнік. — Для кнігі я адабраў каля дзесяці інтэрв’ю з людзьмі, якія мяне вельмі ўразілі. Таксама ў кнігу будуць уключаныя невялічкія аповеды і вершы. Будзе і этнаграфічная частка, якая складаецца з аповедаў пра караімаў, друзаў, бедуінаў і іншыя нацыянальнасці. Спадзяюся, што мы пабачым кнігу гэтым летам”.
Апроч выдання кнігі Аляксандр Ступнікаў плануе стварыць новы дакументальны фільм пра яўрэйскія партызанскія атрады з Еўропы, а таксама фільм з працоўнай назвай “Последний”, які расказвае пра лёс пяцёх розных людзей, жыццё якіх звязанае з Другой сусветнай вайной.
“Любыя непрыемнасці трэба ператвараць у выгаду”, — так гучыць дэвіз Аляксандра Ступнікава, які на працягу ўсяго жыцця штурхае яго да стварэння новых твораў, як для тэлевізійных праграм, так і для новых кніг.
“Я заўсёды рабіў так, як лічыў патрэбным. Калі чалавек знаходзіцца ў згодзе з самім сабой, то ён зможа пераадолець любыя перашкоды на сваім шляху”, — падагульніў сустрэчу Аляксандр Ступнікаў і з радасцю раздаў аўтографы ўсім ахвотным.
Нагадаем, што Аляксандр Ступнікаў чатыры гады працаваў у штаце Рускай службы “Бі-Бі-Сі” ў Лондане, быў галоўным рэдактарам першай у Нью-Ёрку штодзённай рускай радыёстанцыі “WMNB”, а таксама кіраўніком бюро тэлеканала “НТВ” у Беларусі і на Блізкім Усходзе. На замежным вяшчанні канала “НТВ” вёў папулярныя аўтарскія праграмы “Сёння ў Ізраілі” і “Сёння і цяпер”. Аўтар дакументальнага фільма пра яўрэйскія партызанскія атрады ў Беларусі “Изгои” (2009).