Адзінаццаты раз у Беларусі прайшоў “Дударскі фэст”. На вялікім пяцігадзінным гала-канцэрце выступілі восем абсалютна розных праектаў, якія выкарыстоўваюць у сваёй музыцы дуду. Сярод галоўных адкрыццяў фэсту — эксперыментальны праект Змітра Сасноўскага з ды-джэем і гурт “Пава”.
Згадаць лішні раз інструмент, які адрознівае беларусаў ад шматлікіх іншых народаў. Гэтак акрэсліваюць мэту “Дударскага фэсту” яго арганізатары. Задума паўстала яшчэ ў 1991 годзе, калі энтузіясты вырашылі вярнуць з небыцця дуду, што была на той час толькі музейным экспанатам. Па выніку фэст зрабіўся традыцыйным і з кожным годам збіраў усё больш прыхільнікаў з розных краінаў Еўропы.
Сёлетні “Дударскі фэст” складаўся з трох канцэртаў. Першы адбыўся ў Палацы ветэранаў, другі меў паўзакрыты фармат і прайшоў у Дудутках, а трэцяму быў нададзены статус “гала-канцэрту”. У ім узялі ўдзел самыя яскравыя музычныя гурты розных стыляў, якія выкарыстоўваюць дуду. Умоўна вялікую пяцігадзінную праграму падзялілі на тры часткі — сярэднявечную музыку, фолк-мадэрн і рок-сэт.
Адкрыў канцэрт хэдлайнер і цяперашні завадатар фестывалю — Зміцер Сасноўскі з гуртом “Стары Ольса”. Музыкі падрыхтавалі праграму, якую немагчыма слухаць седзячы. У выніку танцпляц зладжана гайдаўся ў такт музыцы цягам усяго выступу. “Давайце праспяваем песню, кожны куплет якой заканчваецца воклічам “ооооо”, — прапанаваў Зміцер Сасноўскі. З рэакцыі залы стала зразумела, што гэта была “У карчме”. Алесю Чумакову падпявалі ўсе без выключэння, а сам Зміцер заахвочваў: “Той, хто не пяе, —поўны лось”. Танцы працягваліся і пад выступ гурта “Cornu Copia”, які асабліва запаліў публіку двума сваімі нумарамі — “Полькай” і “Зялёным дубочкам”.
Між выступамі каманд Зміцер Сасноўскі разыгрываў сярод гледачоў часопіс “Дудар” і дыскі дударскай музыкі. На некаторыя яго пытанні адказвалі імгненна. Напрыклад, калі ў Беларусі была ўпершыню намаляваная дуда (у XVI стагоддзі). А вось пытанне, у якім горадзе жыве заснавальнік “Дударскага фэсту”, выклікала пэўныя складанасці. Выявілася, што Тодар Кашкурэвіч жыве ў Ракаве. “У нашай дудзе было максімум восем басовых трубак, уявіце, якія лёгкія мелі нашыя продкі”, — працягваў адукоўваць прысутных Сасноўскі.
Потым выйшаў анансаваны дуэт Дзяніса Сухога і Стася Чавуса, якія выконваюць аўтэнтычную музыку з выкарыстаннем дуды. Але пасля першага твора да іх далучыўся трэці ўдзельнік — добра вядомы ўсім удзельнікам дударскага руху Яўген Барышнікаў. Арганізатар “Дударскага клуба” выступіў у якасці бубнача, заявіўшы, што “дуда без бубна — сірата”.
Паводле добрай традыцыі ў “Дударскім фэсце” ўзялі ўдзел і замежныя госці. Гэтым разам у нас упершыню быў гурт “Трызна” са Шчэціна. Яны прыехалі ў Мінск пасля канцэрту ў Чэхіі, так што два дні амаль не спалі, але на стомленых не выглядалі. Цікава, што адна з дудаў у іх калекцыі — з Беларусі, ды і самі музыкі падчас выканання сваіх твораў прызнаваліся ў любові да нашай краіны. Адзін са сваіх твораў яны прысвяцілі гурту “Стары Ольса”, музыку якога шмат слухалі, калі вучыліся граць на старадаўніх інструментах.
Далей пачаўся “некаторы дурдом”, як акрэсліў дзею Зміцер Сасноўскі. Ён прадставіў гледачам эксперымент з ды-джэем Паўлам Бальцэвічам, да якога далучыўся яшчэ Дзяніс Шматко з гурта “Тутэйшыя”. Сэнс яго быў у поўнай імправізацыі на дудах на фоне электроннага біту. “Гэта новая старонка. Мы толькі пачалі, а ўжо атрымалі тры запрашэнні на вечарыны”, — натхнёна тлумачыў Зміцер. Эксперымент сапраўды прайшоў на ўра. Радавацца сапраўды ёсць чаму: 20 гадоў таму дуду можна было пабачыць толькі ў музеях, а цяпер яе можна пачуць з вялікай сцэны, ды яшчэ і ў спалучэннях з рознымі стылямі. Засведчылі адраджэнне інструмента і наступныя выступоўцы — сапраўднае адкрыццё сёлетняга “Дударскага фэсту”, гурт “Пава”, які заснавалі музыкі з гурта старадаўняй музыкі Testamentum Terrae. Яны зачаравалі сваім нью-эйджам ды ізноў прымусілі ўсіх танчыць. “Той, хто не танчыць, хай бы зняў нас на відэа, а то ў нас яго няма”, — папрасіў Юрась Панкевіч. Гэтыя сямёра музыкаў сапраўды выглядалі на супергурт, які можа з поспехам выступаць у якой заўгодна краіне. Свайго калегу Змітра Барсукова, які пераняў мікрафон, каб заспяваць, Юрась прадставіў як “караля вясковага даб-стэпу”, чым пасмяшыў публіку.
Пры канцы наведнікаў “Дударскага фэсту” чакала рок-частка, якую адкрыў своеасаблівы экспрэсіўны калектыў “Кашлаты Вох”. Кажуць, што яны выгналі свайго гукааператара, бо ён быў не ў змозе піць нароўні з імі. Музыкі сапраўды маюць дуду чыста для прыліку і вызнаюць панк-рок. Сярод сваіх твораў яны нечакана сыгралі старую песню гурта Neuro Dubel пра людзей, якія спяць. Вакаліст бегаў па сцэне, як малпа, ды рыкаў, як леў. Самыя трывалыя атрымалі ў падарунак яшчэ сэт гурта Litvin Troll на чале з Андрэем Апановічам, які прадстаўляў сваю новую праграму. Іх, як і ўсіх папярэдніх выступоўцаў, публіка клікала на біс. Завяршыўся фэст харавым выкананнем песняў “Пахне чабор” і “Купалінка”.
Мікалай Дубавіцкі
Фота: Зарына Кандрацьева