Дырэктар літоўскага музычнага агенцтва “M.P.3” Вайдас Стакевічус задумаў праект пад назвай “170 км”. 35-гадовы прадусар плануе ладзіць канцэрты беларусаў у Літве і выпраўляць на выступы ў Беларусь літоўскія гурты. Глабальная ідэя праекту — змяніць стаўленне да нашай краіны.
— Вайдас, адкуль з’явілася ідэя праекту?
— Цікавасць да самой Беларусі ў мяне з’явілася даволі даўно, бо часта прыязджаю да вас на футбол, на канцэрты. Сам для сябе адкрываў нямала цікавага ў вашай музыцы. Падумаў так: калі мне гэта даспадобы, то і літоўскую публіку гэта можа зацікавіць. Рэч у тым, што літоўцы практычна нічога не ведаюць пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Мы так блізка, але не ведаем, якія песні спяваюць нашыя суседзі, што ў іх новага з’яўляецца. Такое адчуванне, што знаходзімся за Атлантычным акіянам. Вось гэта і мусіць паправіць праект “170 км”.
— Якім чынам збіраецеся рэалізоўваць праект?
— Вырашылі разам з кампаніяй “M.P.3” трошкі папрацаваць над пашырэннем нашых сувязяў ды зладзіць сёлета 5-7 канцэртаў беларускіх каманд у Літве, а таксама прывезці ў Беларусь некалькі літоўскіх каманд. Мы прадусуем такія нашыя гурты, як Antis, Biplan, Rasabasa, Siela. Хочам, каб людзі зацікавіліся тым, што адбываецца ў іх суседзяў. Раней мы проста рабілі канцэрты, прывозілі замежных выканаўцаў, Сamouflage, Марка Алманда, напрыклад. Зрабілі ды ўсё. А цяпер паўстала нейкая філасофія і напрамак дзейнасці — у нас з’явілася павышаная цікавасць да беларускіх, а таксама ўкраінскіх, латышскіх выканаўцаў. Мы вырашылі, што будзем працаваць канкрэтна з гэтымі краінамі. Гэта і для душы прыемна, і цікава. Мяркую, што знойдзецца слухач у Літве для вашых выканаўцаў.
— Ці ёсць ужо ў вас нейкія канкрэтныя сведчанні таго, што літоўцы выказваюць цікавасць да беларускай музыкі?
— Бачу пазітыўныя сігналы ў сувязі з арганізацыяй канцэрту “Крамбамбулі” ў Вільні. Гэта якраз першы канцэрт у межах нашага праекту “170 км”. Дамовіліся,што гурт Лявона Вольскага выступіць тройчы — 28, 29 і 30 красавіка. Ведаю, што ёсць вялікая цікавасць не толькі ў Мінску, але і ў Вільні. Больш чым месяц да канцэрту, а тут на практычна невядомы літоўцам гурт пачынаюць набываць квіткі. Вельмі станоўча прыняла ідэю і літоўская прэса. Гэта добры старт. Калі атрымаецца сабраць багата людзей на першыя канцэрты праекту, потым будзе лягчэй прывозіць іншыя гурты, назва самога праекту тады запрацуе на нас.
— У выпадку з “Крамбамбуляй” на гэтую цікавасць магло паўплываць уключэнне музыкаў у “чорны” спіс. Ці знаёмыя вы з сітуацыяй, у якой апынуліся шэраг вядомых беларускіх выканаўцаў?
— Так, вядома. Але нашае агенцтва імкнецца ў палітыку не лезці. Самае галоўнае для нас — творчы бок, і мы не хочам палітызаваць свой праект і сваю дзейнасць. Я адкрыў для сябе Беларусь і хачу заразіць сваім адкрыццём іншых.
— Чым, па-вашаму, можа зацікавіць беларуская музыка новага слухача?
— Тое, што давялося пачуць мне, дазваляе сказаць, што беларуская сцэна, можа быць, нават больш разнастайная, чым літоўская. У вас ёсць нямала гуртоў, на творчасць якіх мог бы быць някепскі попыт.
— Каго з беларускіх выканаўцаў вы яшчэ хочаце бачыць з канцэртамі ў Літве?
— Вельмі нам спадабалася каманда “Нагуаль”, а яшчэ гурт з маладой спявачкай Lilac. Хочацца сёлета іх прывезці і паказаць нашаму слухачу. Нашыя краіны не такія і вялікія, але калі выканаўцы пачнуць актыўна ездзіць з канцэртамі па Літве і Беларусі, то тэрыторыя для дзейнасці будзе большая, а там, можа, атрымаецца яшчэ і Латвію далучыць.
— Вы збіраецеся ладзіць і канцэрты літоўскіх гуртоў у Беларусі. Чым яны могуць быць цікавыя нашаму слухачу?
— Я магу памыляцца, але маю прадчуванне, што цікавасць будзе. Беларусь і Літва былі калісьці ў адной дзяржаве. Таму, мяркую, беларусам цікава будзе даведацца, што адбываецца ў суседзяў. Я сам ездзіў у якасці музыкі ў складзе гурта “Suicide DJs” з міні-турам па Беларусі. Мы давалі канцэрты ў Мінску, Віцебску і Баранавічах. І я адчуў інтарэс, адчуў, што беларусам падабаецца нашая краіна. Першыя канцэрты пакажуць, ці памыляюся я.
— Але чаму, па-вашаму, пры такой блізкасці ў нас дагэтуль такі слабы культурны абмен?
— Некалькі гадоў таму праводзілася сацыялагічнае апытанне на вуліцах Вільні. Людзям задавалі пытанне: якая, на іх думку, адлегласць да Мінска. Адказвалі, што нават 500 кіламетраў. Далёка не кожны ведаў, што паміж Вільняй і Мінскам адлегласць 170 кіламетраў (калі машынай, то 186 км). Што Мінск — найбліжэйшая сталіца да Вільні. Наогул жа ў Літве Беларусь лічыцца нямоднай. Усе высілкі скіраваныя ў іншы бок. Моладзь думае, што крута ў Нямеччыне, ЗША, Скандынавіі, а на Беларусь не зважае. З дапамогай праекту “170 км” мы хочам патлумачыць, што гэта не так. Беларусь — вельмі цікавая краіна, са сваёй культурай, у якой жывуць вельмі добрыя людзі. Там самае смачнае марозіва ў свеце, там прыгожая прырода, моцны футбол і якасная музыка.
— Ці хопіць у вас сілаў і рэсурсаў, каб змяніць сітуацыю з дапамогай гэтага праекту?
— Мы не хочам быць выключнымі ўладальнікамі гэтага праекту. Любыя агенцтвы і гурты могуць далучацца. Якраз адна з мэтаў нашай задумы ў тым, што іншыя арганізатары таксама возьмуцца рабіць нешта падобнае пад гэтым значком — “170 км”.
Размаўляў Сяргей Будкін