Адразу дзвюма кнігамі — “Адкладзеная свабода” Віталя Сіліцкага і “Быць (пры)сутным” Алеся Анціпенкі — распачалася кніжная серыя “Бібліятэка “Беларускі калегіюм”, прэзентаваная 29 лютага ў галерэі “Ў”.
Пра ідэю серыі — “падоўжыць жыццё інтэлектуальных хуткаспажывальных тэкстаў” — прысутным, сярод якіх былі навукоўцы, літаратары, музыкі, грамадскія дзеячы і людзі, зацікаўленыя добрай літаратурай, расказаў яе натхняльнік — культуролаг Максім Жбанкоў:
“Мы хацелі зрабіць серыю лёгкай беларускай інтэлектуальнай думкі. Па-першае, кніжкі мусілі быць маленькімі, зручнымі, каб хадзіць з імі па вуліцах, хавацца ў трамваі, насіць у кішэні. Па-другое, мы хацелі пазначыць нейкія іншыя, магчыма, малавядомыя вымярэнні беларускага інтэлектуалізму. Таму што ўсе ведаюць, што беларускія мысляры пішуць манаграфіі, выдатныя кніжкі эсэ, але побач з гэтым ёсць тэксты пявучыя, якія злятаюць з сайтаў праз пару хвілінаў ці дзён, і якія, на жаль, ніхто потым не згадае, акрамя інтэлектуальных маньякаў. А гэтыя тэксты вартыя ўвагі, вартыя таго, каб іх ведалі, каб да іх вярталіся”.
А каардынатар серыі Алесь Анціпенка агучыў спіс патэнцыйных аўтараў (не менш за трыццаць імёнаў) — “вядомых людзей, якія былі заўважныя гэтыя 10-15 гадоў у нашай краіне”. Сярод іх — Уладзімір Мацкевіч, Валер Булгакаў, Севярын Квяткоўскі, Валянцін Акудовіч, Максім Жбанкоў і шмат іншых. Алесь Анціпенка падзяліўся найбліжэйшымі планамі:
“У самым пачатку лета мы плануем выдаць яшчэ дзве кніжкі: адна з іх — Валера Булгакава, а другая — Сяргея Харэўскага”.
Самае істотнае, што ёсць у гэтай серыі, агучыў філосаф Валянцін Акудовіч, які выступіў галоўным рэдактарам:
“Вы ведаеце, што ўся гісторыя Беларусі — гэта толькі страты. Беларусь — балота, якое праглынае ўсё: тэксты, кнігі, людзей, герояў, падзеі. Нашая задача застаецца канцэптуальнай — каб і наш час, нашыя тэксты і нашыя героі не зніклі ў тым балоце, дзе зніклі тысячагоддзі да нас”.
Таму зусім не выпадкова, што серыя “Бібліятэка “Беларускі калегіюм” пачалася з кнігі нябожчыка Віталя Сіліцкага “Адкладзеная свабода” — “найбольш значны і актуальны тэкст аўтара”, па словах рэдактара кнігі Алеся Анціпенкі (упершыню быў надрукаваны ў 2003 годзе (!) у часопісе “АРХЭ”). — Гэты тэкст мяне ўразіў па некалькіх пазіцыях: па-першае, гэта была сур’ёзная аналітыка, паліталагічны тэкст, які датычыў вельмі істотных момантаў найноўшай палітычнай беларускай гісторыі. Канцоўка мяне ўразіла яшчэ больш, таму што гэта высновы, у якіх ён прапануе тры мажлівыя сцэнары развіцця падзеяў у нашай краіне. Калі каротка выкласці гэтыя сцэнары, то першы — гэта трансфармацыя рэжыму пад уплывам вонкавых (расійскіх) фактараў, другі — самазахаванне рэжыму з апорай на сілавыя структуры і трэці — дэмакратычны прарыў. Віталь ацэньвае імавернасць кожнага з гэтых сцэнароў і піша, што найменш імавернае ў нашай сітуацыі развіццё падзеяў паводле сцэнару дэмакратычнага прарыву”.
Вечар успамінаў працягнуў вядомы айчынны палітолаг Дзяніс Мельянцоў:
“Віталь – рэдкі прыклад чалавека, які зрабіў сабе імя на Захадзе, увайшоў у заходнюю навуку (канцэпцыя “прэвентыўнага аўтарытарызму”) і мог бы зрабіць найвыдатнейшую кар’еру ў любым заходнім універсітэце, але ён вярнуўся на Беларусь, каб не толькі прынесці заходнюю культуру ў навуковую традыцыю Беларусі, але і каб даследаваць і непасрэдна ўплываць на тое, што ён бачыць. У гэтым сэнсе Віталь быў не проста навукоўцам, даследчыкам, аналітыкам, ён быў таксама грамадскім дзеячам, цікавым палемістам, блогерам”.
Апошняй на імпрэзе была прэзентаваная кніга Алеся Анціпенкі “Быць (пры)сутным”.
“Для мяне гэта вельмі важны канцэпт: быць прысутным, быць актуальным, не ў сэнсе быць модным. Быць прысутным — значыць быць у тым моманце, які ёсць цяпер, уяўляць напоўніцу і ўсведамляць сябе і ўсё тое, што вакол”, — патлумачыў аўтар назву кнігі.
А “пастаянна адсутны” спадар Акудовіч, які выступіў тут у якасці рэдактара, перафразаваў адзін з любімых афарызмаў Анціпенкі, пагаварыў пра няспраўджаныя магчымасці і іх сэнс і выказаў спадзяванне, “што пра пошукі экзістэнцыйныя, пошукі духоўныя, страшэнна сур’ёзныя, спадар Анціпенка напіша сваю вялікую кнігу, і я буду яе харошым рэдактарам”.
“Я нарэшце зразумеў, што за серыю мы зрабілі. Напэўна, гэтая серыя і ёсць спробай стварэння нефарматнай інтэлектуальнай прасторы, калі ёсць выклікі, на якія трэба адказваць, ёсць словы, якія трэба знаходзіць, і ёсць тыя, мы спадзяемся, хто гэтыя словы пачуе”, — завершыў імпрэзу Максім Жбанкоў.
Застаецца толькі чакаць працягу.
Зарына Кандрацьева.