Пачытаў раман Артура Клінава. Пачытаў рэцэнзіі. І не магу не выказацца. Няхай даруюць мне прафесійныя крытыкі і мовазнаўцы, буду пісаць пра тое, што адчуваю і як умею. Гэта не крытычны разбор твора, а маё адчуванне яго. Дык вось…Найперш скажу, што гістарычную лінію рамана, якая, кажуць крытыкі, практычна не ўпісваецца ў сам раман, я чытаць не стаў. Мажліва, пачытаю пазней. Тут мой асабісты бзік: я не магу ўспрымаць рэалістычную гістарычную прозу (рамантычныя прыгоды – не ў лік). Не проста лічу, а перакананы, што сённяшні аўтар заўсёды хлусіць, калі піша пра даўнія гады. Бо нельга ведаць, як думалі, разважалі ў мінулым. Гэта галоўнае. Таму нават знакамітыя “Каласы” нашага класіка я адкладаю ўбок, не – тым больш адкладаю ўбок, бо там, дзе гаворка ідзе пра выбітныя постаці, я кажу ў думках аўтару: “Выбачай, ты хлус. Ты не маеш права падаваць мне таго ж Каліноўскага такім, якім бачыш яго ты. Бо ты не можаш ведаць, што, як і чаму думаў такі герой. Дазволь мне абысціся без тваёй фатаграфічнай карткі – з мяне дастаткова супярэчлівасцяў сапраўдных гісторыкаў”.
Так, я разумею, што думаю няправільна, што ёсць мастацтва, якое павіннае, якое можа і права мае… Але не – і надоўга. Мяне Адамовіч адвучыў верыць пісьменніку ў гістарычнай частцы, калі апісваў сон Гітлера. Мне было і смешна, і балюча…
Вось… Цяпер пра “рэальную” частку рамана Артура Клінава “Шклатара”.
Перад тым жа Жбанковым у мяне вялікая перавага, калі я чытаю раман. Перад многімі і многімі з Мінска перавага.
І яна ў тым, што я – чытач.
Не ведаю амаль, якія там рэальныя людзі хаваюцца за прозвішчамі на старонках. Я не чуў і не бачыў у рэальнасці многіх дзеяў, што апісваюцца ў рамане. Мне пазней стала што-кольвечы вядома, пасля прачытання, калі я асцярожна пацікавіўся ў каго іншага… Я не ведаю асабістага жыцця спадара Клінава (ды і не надта буду выпытваць, як давядзецца дзе пасядзець). Не ведаю, што робіцца ў “Ў”, апроч прэзентацый і продажу кніг. Ды нейк і не цягне.
Не суадношу герояў кнігі з рэальнымі людзьмі і падзеямі – вось мая перавага.
Таму я чытаў раман як ПРОСТЫ ЧЫТАЧ. Чытаў не як выкрывальніцкія ўспаміны, а як мастацкі тэкст.
І я чытаў пра гісторыю кахання. Адчайную, невыносную ў сваім эмацыйным напружанні. На фоне палітычных падзей і нейкага, як кажуць, багемнага жыцця.
Для мяне асаблівасць рамана Клінава “Шклатара” ў тым, што ён нечым сам нагадвае той самы багемны напой – абсэнт. Літаральна ў гэтым годзе (не смейцеся – я ж правінцыял) мне давялося пакаштаваць абсэнт, легальны, з Еўропы. І вось тут я зразумеў, што такое “послевкусіе”. Так і з раманам. Абумоўленасць усяго рамана становіцца зразумелай толькі пасля апошняй кропкі. І нават трошкі пазней. Потым.
Наступае “послевкусіе”.
Гэта пачуццё нашмат больш непрыемнае, чым пасля абсэнту (дарэчы, нешта фантастычнае ў плане смаку, вельмі рэкамендую па 20 грамаў… выбачайце, адхіліўся).
Дык вось, пасля прачытання рамана наступае прасвятленне. Стала зразумелым, што амаль анекдатычна зашыфраваныя палітычныя падзеі ў Мінску менавіта такімі і павінныя быць. Бо яны ў нутры сваім – несапраўдныя.
Дарэчы скажу: закіды пра тое, што, вось, маўляў, замежжа даведаецца пра нас і нашы рэвалюцыі праз раман Клінава – несур’ёзныя. Клінаў не збіраўся знаёміць заходні свет з нашымі праблемамі.
Па сутнасці, я пабачыў супрацьстаўленне грамадскага і асабістага жыцця.
Чым больш напалу страсці ў асабістым – тым меней эмоцый і веры ў грамадскім. Чым заблытанейшы вузел прыватных адносін – тым прасцейшыя, просталінейнейшыя грамадскія адносіны.
Чым больш праўды і гарачыні ў каханні – тым менш праўды і чысціні ў палітыцы.
Вось цяпер зразумелая карыкатурная зашыфраванасць кшталту “Партызанфільма” – бо для Клінава жыццё вакол, то бок яго грамадскае жыццё стала папраўдзе карыкатурным. Але энергія душы павінная быць некуды скіраваная – і яна скіроўваецца ў каханне. Ну, няхай у сэкс (хоць там сэксу і няма фактычна).
Калі Клінаў і пісаў пра сябе, то ён пісаў не пра сябе, а пра сваё пакаленне – тых, хто некалькі год запар верыў, а пасля стаў проста гуляць у палітычную гульню.
Практычна тупіковае заканчэнне рамана, якое адначасова з’яўляецца і адкрытым фіналам, паказвае расчараванне, бязвольнасць і – галоўнае – нежаданне больш займацца хоць чымсьці значным. Жаданне плыць па цячэнні, падпарадкавацца абставінам, абы толькі нас не чапалі…
А каб плысці па цячэнні, трэба быць… пустым. Поўная бутэлька тоне.
Клінаў паказаў, як яго герой (чытаем – творчая частка яго пакалення) становіцца менавіта шклатарай – пустым посудам, з якога вымытыя рэалістычнымі падзеямі і праўдай пра гэтыя падзеі вера і жаданне верыць, жаданне хоць нешта змяніць яшчэ. Тупік кахання азначае не што іншае, як сімвал немагчымасці мастака і творцы схавацца ў асабістым, занурыцца, адкараскацца ад агульных праблем. І тая самая былая жонка – гэта не проста сімвал прагматычнасці і ненавіснага бар’ера да новага жыцця.
Яна якраз – сімвал вяртання да рэальнасці, а галоўнае – сімвал Дамоклавага мяча неабходнасці плаціць за ўсё і ўсюды. Плаціць за ўсё!
Што ратуе ад расплаты? Абыякавасць. Стаў абыякавым – уратаваўся…
Сам аўтар адносіць сябе да шклатары, як і тых, хто блізкі яму па духу. Гэтае пакаленне рамантычных мастакоў прайграла беспаваротна, бо не здолела вытрымаць той колькасці ілжы, на якой быў замяшаны асфальт дарогі да новай Беларусі.
Ды і самі асфальтаўкладчыкі раптам выявіліся леснікамі-браканьерамі…
Такім чынам, даруйце за пафас, але для мяне “Шклатара” – гэта рэквіем па страчаных магчымасцях цэлага пакалення. Гэта паніхіда па магчымасцях. Пахавальны марш на хаўтурах незалежнасці і волі.
Клінаў дарэшты асэнсоўвае паразу. Сваю няздольнасць нешта змяніць. І адначасова паказвае, што і той багемны фон – за яго каханнем – не здольны нечага змяніць. Бо фон – вось яшчэ выбітная думка рамана – застаецца ўсяго толькі фонам. Ён нават не самастойны фон, а створаны некім уладным і трымаецца ўсяго толькі дзякуючы таму ўладнаму, які дазваляў і дазваляе пакуль гуляць багеме ў актыўнае грамадскае жыццё…
Карацей, сябры-крытыкі, можаце мяне трушчыць як грэцкі арэх. Але я скажу шчыра: ніколі перада мной не паўставала такая поўная карціна часткі грамадска-палітычнага жыцця Мінска, сапраўднай паразы творчай грамадскай думкі, сапраўднай прорвы…
Валеры Гапеееў