11 сакавіка а 18-й гадзіне адбудзецца прэзентацыя кнігі Вольгі Пярмінавай “Бісерапляценне ў беларускай традыцыі” ў галерэі Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці (будынак Пушкінскай бібліятэкі, ст. м. “Плошча Якуба Коласа”, вул. Гікалы, 4). Кніга выйшла ў серыі “Майстроўня” Студэнцкага этнаграфічнага таварыства. У гэтай жа серыі раней выдадзеныя кнігі В. І. Селівончык “Ткацтва на дошчачках” і М. М. Віннікавай “Гарсэт, кабат, шнуроўка…”
Чым адметная кніга Вольгі Пярмінавай “Бісерапляценне ў беларускай традыцыі”?
– Прыводзяцца факты па гісторыі бісеру на беларускіх землях, якія раней не разглядаліся комплексна.
– Упершыню публікуюцца звесткі аб бісерных упрыгожаннях Пасожжа з палявых дзённікаў М. Ф. Раманюка, стваральніка альбома “Беларускае народнае адзенне”.
– У кнізе шмат ілюстрацый: старых і нядаўніх фотаздымкаў жаночых строяў, дэталяў вырабаў з бісеру.
– Выданне змяшчае схемы і парады, якія дазволяць самастойна зрабіць бісерную “кружку”. Ці “лавачку”. Ці “лучку”, тут ужо каму якая назва больш падабаецца.
Некаторыя цікавосткі з кнігі:
1. Бісер і пацеркі вядомыя на тэрыторыі Беларусі з ранняга Жалезнага веку. Бісерныя маністы археолагі знаходзяць падчас раскопак па ўсёй краіне.
2. На знакамітай урэцкай шкломануфактуры, адзінай у Рэчы Паспалітай, што займалася вытворчасцю люстэркаў, выраблялі і бісер.
3. Найбольш яскравыя спосабы выкарыстання бісеру сустракаюцца ў Веткаўскім і Брагінскім раёнах.
4. У Ветцы бісерам нароўні з галаўнымі ўборамі і адзеннем вышывалі нават абразы.
5. Для шыйнага ўпрыгожання з бісеру ў веткаўскіх і брагінскіх гаворках зафіксавана каля 10 назваў: “гарлячка”, “пляцёнка”, “падгорнік”, “кружка”, “лавачка”, “лучка”, “маніста”, “наміста”, “каралі”, “занізкі”.
Алена Ляшкевіч
Ілюстрацыі з сямейнага архіва І. Ц. Мельнікава, архіва Веткаўскага музея народнай творчасці і праекта навуковай рэканструкцыі неглюбскага строю І. Ю. Смірновай і М. М. Віннікавай (фота М. і К. Аракчэевых)