This movie requires Flash Player 9
13.12.2016 | "Культурызм" з Віктарам Марціновічам

Віктар Марціновіч: Вайна рускага свету з рускім светам

Гэтую аперацыю можна апісаць адным чынам: «нелагічна».

І рэч не толькі ў тым, што звычайна затрыманне выкарыстоўваецца як апошняя мера, на якую ідуць пасля неаднаразовых спробаў выправіць небяспечныя думкі падазраванай асобы.

І не ў тым, што «Рэгнум» і іншыя сайты, на якіх публікаваліся затрыманыя, дагэтуль не ўнесены ў спіс забароненых у Рэспубліцы Беларусь (па стане на вечар суботы) і дзякуючы гэтаму на іх пайшоў велізарны трафік, спароджаны аперацыяй. Дык гэта правасуддзе ці ўдалая рэкламная акцыя?

Затрыманні, з іх непазбежнай гераізацыяй ахвяр, з іх мабілізацыяй усіх іншых рускасветцаў у рэгіёне, кансалідацыяй вакол вязняў — гэта зусім не вайна з рускім светам. Гэта крок да яго росквіту.

Узнікае ўражанне, што ўлада наогул не ўмее працаваць з ідэямі. Між тым ніколі затыканне рота не вяло да імгненнага заняпаду ідэі, якую той рот выказваў. Згадайма хаця б беларускае адраджэнне. Ужо і Пазняка з краіны выціскалі, і фронт калолі, і мову з універсітэтаў прыбіралі, а сёння ідэя жывая як ніколі. Тут можна было б заклікаць да перамогі над рускім светам на сімвалічным полі і нават прапанаваць некалькі вельмі пэўных крокаў да яе.

Але вось што: я не вельмі веру, што гэтыя арышты — наогул вайна. Прынамсі, што гэта вайна з рускім светам. Бо, разумееце, вельмі важна запытацца: а хто, уласна, з тым рускім светам ваюе?

Беларускія сілавікі? Дык той вядомы міністр, што выходзіў на парад у форме НКУС, — ён яшчэ пры пасадзе. Беларускія сапраўдныя, свядомыя ідэолагі, якія раптам перамаглі славянафілаў у эфіры? Дык не ж! Затрыманне для буйных афіцыйных медыяў каментуе Дзермант, які шмат для каго — таксама рускі свет. У самай яскравай яго праяве.

Атрымліваецца неяк незразумела. Адны адэпты рускага свету, у якіх ёсць выхад на тэлебачанне, і аднадумцы ў сілавых структурах перамаглі іншых адэптаў рускага свету, якія былі больш маргінальныя, хай сабе і выкладалі ў дзяржаўных універсітэтах.

І я нават бачу розніцу паміж імі. Асноўная загана тых, каго затрымалі, у тым, што рускасвецкія ідэі яны атрымлівалі па пошце з Масквы. А нашы легальныя рускасветцы — яны на мясцовых заробках і з мясцовымі куратарамі.

Магчыма, нехта думае, што паглынання пуцінскім савецка-рускім праектам беларускай культуры і самасці можна пазбегнуць трыма выпадковымі арыштамі. Што рускасветцы хай сабе і далей пануюць у эфіры, у адукацыі і ў культуры, а беларусы — яны народ разумны, мову арыштаў вельмі добра цямяць. І зараз пачнуць спрытнячком засвойваць родную гаворку, каб і да іх не прыйшлі.

Але ў сітуацыю закладзеная такая канцэнтрацыя супярэчнасцяў, што празрыстых і простых высноваў любы, у каго ёсць галава, з яе зрабіць не можа.

Калі мы так узяліся змагацца з рускім светам, дык чаму б не пачаць з прызначэння Валянціна Акудовіча дэканам факультэта філасофіі і сацыяльных навук? Бо дзіўна бачыць у кіраўніцтве структурнай адзінкі галоўнай дзяржаўнай ВНУ Беларусі людзей, якія наведваюць выступы Салаўёва. Чаму б не пачаць з вяртання Латушкі на пост міністра культуры? Чаму б не прызначыць на дзяржаўныя пасады патрыётаў без пазнакі «западноруссіст» у CV? Чаму Арлоў, Трусаў, Дынько ды іншыя сапраўдныя барацьбіты за беларускае калі і з’яўляюцца ў дзяржаўным люстры — дык толькі для кпінаў і выказвання да іх прэтэнзій?

Але акрамя версіі пра ачыстку паляны «беларускіх русістаў» пад сваіх «харошых людзей», кіраваных з Мінска, можа быць яшчэ адна версія.

Цяпер, як мы ведаем, ідзе вялікі гандаль з Расіяй адразу па ўсіх кірунках, ад крэдытаў і пазык да цэнаў на энерганосьбіты і вайсковай супрацы. Так гістарычна склалася, што Беларусь заўсёды падыходзіць да эканамічных спрэчак з узмацненнем уласных тэзісаў. Звычайна, калі трэба нешта разруліць з Еўропай, бяруць у турмы некалькі ні ў чым не вінаватых апазіцыянераў. І чакаюць, што заходнія перамоўшчыкі выкупяць іх свабоду эканамічнымі залагоджваннямі.

Першая спроба паводзіць сябе гэтаксама з рускімі датуецца 2013-м годам, калі для «ўзмацнення» беларускай пазіцыі ў спрэчцы па каліі быў затрыманы Уладзіслаў Баўмгертнер. Калі цяпер мы бачым паўтор, дык нічога добрага з такой гульні з Крамлём не атрымаецца.

Бо, па-першае, падазраваныя — людзі не Баўмгертнеравага ўзроўню. Па-другое, «рускаму свету» акурат важная была нагода. І зараз усё тое, што раней казалася па маскоўскіх каналах з ваганнем у голасе, завішчыць гучным рокатам.

І перадапошняе. Складанне праскрыпцыйных спісаў — вельмі салодкі занятак. У свой час яму аддаваліся Сула, Актавіян (па праскрыпцыі апошняга забілі Цыцэрона). Але праскрыпцыі — нешта антанімічнае еднасці. Беларускі свет з асобаў, выключаных з праскрыпцыйных спісаў, не скласці.

Што тады рабіць? Я падкажу. Набудзьце бацькам спадарожнікавую антэну. Перакладзіце на беларускую мову фільм, як гэта зрабіў Андрэй Кім. Проста збярыцеся з сіламі і паспрабуйце — фільм пойдзе ў пракат, Кім жа здолеў! Зрабіце так, каб беларускім дзеткам было на чым гадавацца! Схадзіце ў кнігарню і набудзьце там кніжак на беларускай мове. Тыя, што спадабаюцца, раздайце сваім сябрам. Загаварыце па-беларуску. Прыйдзіце на канцэрт Вольскага. Зрабіце так, каб нас было бачна (цяпер — не бачна!). Зрабіце так, каб, гледзячы на беларусаў, краіна Беларусь пачала паводзіць сябе як краіна, а не як кодла кланаў рускага свету, якія ніяк не дамовяцца паміж сабой.

Вось тады, і толькі тады, рускаму свету будзе супрацьстаяць беларускі свет.

Віктар Марціновіч


9 Каментаў у “Віктар Марціновіч: Вайна рускага свету з рускім светам”

  1. Nik says:

    Русскоязычный Мартинович озаботился адраджэннем мовы и перакладам книжак для дзетак. Всё печется о чьих-то дзетках. Своих заведи и разговаривай с ними на мове.

  2. Константин says:

    Да Виктор, то ли по незнанию, то ли по злому умыслу играет в ту же игру, что и регнум, только на другой стороне поляны. И те и другие противопоставляют белорусов русским и до слёз пытаются выяснить, кто же праведнее. И те и другие запрограммированы на провал, т к в основе творчества разноликий нигилизм (мы не такие как они). Кроме отрицаний и недовольства положением дел, что могут предъявить такие публицисты? Реальность гораздо сложнее, а побеждает всегда Любовь!
    Виктор, я же предлагал вам упражнение, замените всё упоминание русского на С++, а белорусского на java.

  3. Андрэй, Гомель says:

    Я не ведаю ці быў аўтар у Польшчы. Калі дакладней у Беластоку. Я не быў і не ведаю ці патраплю. Але чуў і чытаў, што тамтэйшыя беларусы, тыя хто жывуць і размаўляюць на мове, якую некаторыя называюць трасянкай, а я лічу жывой беларускай, чамусьці часьцей называюць сябе рускімі. І здаецца ж жывуць яны без асобага прыгнёта і страха, але ж… Я ўжо не раз пісаў і на гэтым сайце і на іншых, што ў беларусаў, як і ўва ўкраінцаў, ёсць пачуццё рускасці. Менавіта рускасці, найперш, не літоўскасці, не крыві-дрыгі-радзімічскасці, а нават і не беларускасці, а …. рускасці. І я разумею што гэта гучыць неяк тафталагічна, ці мо шызафрынічна, але, слушна лічаць тыя, хто кажа што нашую беларускую ідэю трэба будаваць з выкарыстаннем сваёй, не маскоўскай, не кіеўскай, а сваёй Рускасці. Так бы мовіць Беларускай рускасці. Пра гэты ж між іншым выказаўся сп. А.А.Трусаў і расіяне нават страшэнна абурыліся. Дый іншыя падобным чынам выказваліся. А інакш, будзем спатыкацца кожны раз аб сваю гісторыю, і аб свой уласны народ. Бо справа не толькі ў нашай мове, на якой размаўляюць па прычыне урбанізацыі ўсё меней беларусаў. Справа яшчэ і ў тым, як мне здаецца, што разам з мовай, напачатку 1990–х гг. дзеячы спрабавалі “прадаць” яшчэ цылы вагон і маленькую цялежку, вельмі не папулярных у народзе (і дагэтуль не папулярных) ідэалагемаў і ідэяў, Здавалася, што каб стаць свядомым беларусам, дастаткова проста пачаць ненавідзець суседнюю краіну, і вінаваціць ва ўсіх унутрвных праблемах каланіяльную, так бы мовіць, спадчыну. і хопіць з цябе. Але што гэта дасць. Вось заўтра раптам Беларусь ператвараецца ў прававую, дэмакратычную дзяржаву, Прыходзяць ва ўладу (здаецца ж такі таксама міма выбараў менавіта нацыяналісты, бо ўсё ж не самыя папулярныя палітыкі) нацыяналісты, кшталту З.С.Пазняка і што далей? Вы сапраўды верыце ў тое, што праблемы скончацца?. Вы ў гэта верыце, ці мо веруеце??? А можа ізноў такі вы прадаеце тое, што гэтым людзям не цікава, не трэба, Пра нацыянальнае адраджэнне ў нас, як я лічу, нельга лямантаваць, трэба ціхенька рабіць. Ці-хе-нька. Навашто ціхенька? Таму што нам беларусам, падабаецца вам гэта, ці не, большасці з нас, гэта ўсё не дужа цікавіць. І ў гэтым сэнсе дзяржава, гэтая аўтарытарная лукашэнкаўская машына, працые, кепска, але больш эфектыўна. Як мне здаецца. Прабачце калі што не так…

  4. Val says:

    Антэну ўжо можна не набываць =/

    • Віктар Марціновіч says:

      ну хаця б Беара Грыўза глядзець замест КІсялёва :)

  5. Ясь says:

    « ў беларусаў, як і ўва ўкраінцаў, ёсць пачуццё рускасці»
    ++++ 1) Выглядае на тое, што тут “русскасьць” маецца наўвеце не этнічнасьць, не культурная належнасьць, а канфэсыйнасьць, менавіта — вызнаваньне “хрысьціянства-праваслаўя”. Кшталту: “Мы же все православные, то есть — русские!” Аналягічна, як у польскім дакумэнту 1934 году ў частцы азначэньня грамадзяніна напісанае: poliak, białorusin (то бок, грамадзянін Польшы, праваслаўны).
    2) Недаўна была ў мяне размова з службоўкаю ў аднае щстанове ў заходне-беларускім мястэчку. Кабета на маю беларускую мову зь недаўменьнем заўважыла: «А почему это вы по-ПОЛЬСКИ разговариваете?» Я: «Папольску? Я размаўляю пабеларуску!» Кабета: «Нет, это я с вами на чисто белорусском языке разговариваю!» :-)))

    • Віктар Марціновіч says:

      Янка Купала. Тутэйшыя :)

    • Андрэй, Гомель says:

      На вялікі жаль казаць пра “канфесійнасць” даволі цяжка, па-просту не выпадае, прынамсі ў шырокім сэнсе, асабліва на фоне грамадзянскага свята – новы год, калі аграмаднае колькасць народу можа пачаць спяваць пеўнямі, а пасля “нахрукацца” да нечалавечага стану. Але культурна, менавіта найперш культурна, так. Ёсць усведамленне рускасці, якое было заўсёды, і ў ВКЛ, і ў РП-1-й і 2-й, РІ і ў ссср, і яго трыба ўлічваць і выкарыстоўваць, а не прыкідвацца вожыкам і не заўважаць. Бо інакш выкарыстаюць іншыя. І гэтае пачуццё у сёняшнім апастасійным грамадстве найперш – культурнае.
      І я хацеў падкрэсліць іншае:У мяне ёсць пытанне Як гэта “прадаць” грамадству? ЯК. Чаму не набываюць кніжкі дзеткам і г.д. Канешне ж таму што напісана “на непанятном языке” найперш здаецца. Але не толькі. І вось тут ужо пытанне ў змесце. Бо праблема не только ў форме – беларускай, але і ў тым ЧЫМ гэтую беларускую форму пачынаюць запоўняць. І якім характарам, бо даволі часта тон даволі безапеляцыйны, маўляў нам вядомыя ўсе сакрэты, а вы нічога не разумееце. Змест шмат у каго з пералічаных аўтараў – для сёняшняй беларускай свядомасці – рэвалюцыйны. Беларусу раптам кажуць ты памыляўся амаль ва ўсім, што ты ведаеш. Усё наадварот. І чакаюць што мы ў гэта просценька так паверым, а калі не верым, то лічаць нас за ідыётаў. Да чаго гэта прывядзе? Тут трэба шмат цярпець і шмат любіць, а інакш здаецца нічога не атрымаецца.

  6. ЛЮДАМАНТ says:

    “бела-рускі мір” -“русскій мір ” Хто можа давесьці ў чым розьніца паміж гэтымі ідэялагемамі ? А чаму і куды зьнікла наша матка (матрыца) Літва ?
    Што такое беларусізм як не неданосак імперскага западнорусізму ? “Адраджэньне Беларусі” – што гэта такое, што за фантом ? Дзяржавы і нацыі з такім мяном ніколі ў гісторыі не існавала. Балцкі політэістычны этнас КРЫВІЧЫ (найбольш распаўсюджаны) супольна зь іншымі балтамі
    вызнаваў сваім рэлігійным лідэрам КРЫВЭ-КРЫВЭЙТЭ, а на шчасьце незабыты наш ЗЬНІЧ яшчэ вечна гарыць у нацыянальнай памяці… А фантомных беларусаў прыдумалі маскавіцкія камісары ў чорных расах … Плюньце на плойму літоўскіх рэнегатаў=здрайцаў тыпу западноруса Каяловіча-Багушэвіча-Грыгаровіча-Турчыновіча-Карскага … Пасьля савецкай адукачкі нам імплантавалі новых западноТрусаў тыпу Арлова-Краўцэвіча, якія фактычна накідаюць цёмным людцам усё той жа западнорусізм/панславянізм , дзе белыярусы = гэта тыя ж русы толькі з рэгіянальнай адметнасьцю… Лукашэнка паўтарыў Міхаіла Каяловіч на савецкі капыл. А вы, сп.Марціновіч, як сябе ідэнтыфікуеце ?

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика