12 красавіка, акурат у дзень касманаўтыкі, у космас “паляцела” Вера Бурлак — эквілібрыстка ад паэзіі. У добрай кампаніі немаўлят, Моцарта, Казіміра Малевіча, вучняў з сёмага “Бэээ”. Не падумайце дрэннага — усё выдатна. Проста мы толькі што прызямліліся пасля прэзентацыі новай кнігі Веры Бурлак (Джэці) “Дзеці і здані”.
Імпрэза пачалася з самалёцікаў. Джэці і акторы з Лятучай тэатральнай каманды ператварыліся ў маленькіх механічных птушак, якія лётаюць паводле правілаў броўнаўскага руху. Неўзабаве Вера заспявала песню пра страшныя вочы жыцця, якія яна “ці цалуе ў…”, “ці пасылае на…” Потым распачаўся спектакль, дзеянне якога разгортваецца ў радзільным доме, а галоўнымі героямі выступаюць 10 немаўлят. І ўсе такія розныя… Ёсць, напрыклад, дысідэнт (“Медсястра, са звышгрэблівай мінай: “Посмотри, он еще и сцыт!” І скруцілі мне рукі за спінай, А вочы апёк альбуцыд). А вось яшчэ цікавы персанаж — Ракета, нечым падобная да самой Джэці: “Я так сюды ляцела, што абганяла час! Дашчэнту прапацела, Раструшчыла абцас… Ці жарты — з іншасвету! Аж свіснула ўвушшу! Я па жыцці ракета — І гэта дакажу!”.
Час ад часу ў матчынай імпрэзе пачынаў саліраваць сын Кастусь. Спачатку ён намагаўся адваяваць у таты, паэта Віктара Жыбуля, фотакамеру — маўляў, “хачу сам здымаць фільмік”. Але потым захапіўся нейкай кніжкай.
Джэці ж прынялася за сачыненні вучняў 7-га класа “бээ” па карціне Малевіча “Чорны квадрат”. У вучнёўскіх сшытках былі розныя варыянты. Ад неграў, прадстаўнікоў рабочага класу (а калі што скажуць скіны, то ім паэтка паабяцала зняць штаны) да чорных катоў у дымаходзе.
Потым пайшла душашчыпальная гісторыя пра Дон-Жуана, якому надакучылі жанчыны (“ад іх толькі дзеці і хваробы”). Жанчыны пакрыўдзіліся і сышлі, затое прыйшоў Камандор, які паспрабаваў завербаваць Дона ў пекла. Але раптам вярнуліся жанчыны, і гісторыя, якая пачынала набываць дэвідлінчаўскія фарбы, скончылася хэпі-эндам.
Пры канцы вечара Джэці праспявала некалькі песняў на вершы ўлюбёных аўтараў. Адзін з такіх — Мікола Бацюшкоў, “паэт-рабочы, які прыйшоў у паэзію ад варштата. Дзякуючы яму я зразумела, што з беларускай мовай можна эксперыментаваць у духу Кэрала”.
Пасля прэзентацыі пачалася аўтограф-сесія, у перапынку якой Джэці адказала на некалькі пытанняў “Будзьмы”.
— Я вось гляджу на тваю сукенку, на якой каляровыя каты, дзівосны рыбіны і птушкі, і не магу зразумець, дзе тут можна дамаляваць страшныя вочы жыцця, памерлых і здані, пра якія ты пішаш вершы і спяваеш песні.
— Могілкі для мяне — не змрочная рэч. З дзяцінства мне цікавае тое, што адбываецца з намі не толькі пры жыцці, але і пасля. Мне цікава не як яно там будзе, а як яно ўжо знаходзіцца ў гэтым свеце. Мне здаецца, што тыя, хто сышоў ад нас, усё адно нейкім чынам прысутнічаюць. Гэта не спірытызм і не містыка — гэта адчуванне дыялогу. Прастора, у якой мы жывем, шырэйшая за сацыяльную прастору і за чалавечыя зносіны.
— Назва зборніка — “Дзеці і здані”. Вось, бачу, сёння на прэзентацыі прысутнічае твой сын Кастусь. Ці змянілася паэзія Веры Бурлак з яго нараджэннем?
— Змянілася. Раней я была менш асцярожная. Цяпер думаю, пра што буду пісаць, а пра што не буду. Думаю пра тое, што я, маці, магу сказаць свайму дзіцяці. Не ў тым сэнсе, што яму яшчэ рана пра нешта чуць, а ў тым, што ёсць нейкія неабдуманыя рэчы — рэчы, якія лепш не казаць чалавецтву.
— Каго больш у новай кнізе — дзяцей ці зданяў?
— Пароўну.
— А Кастусь складае вершы?
— Складае. Свой першы верш ён напісаў у год і сем месяцаў.
…І раптам Кастусь узяў мікрафон і пачаў гучна лічыць да дзесяці. Далічыўшы, перайшоў да сур’ёзнай паэзіі.
Сіні дэльфінчык пайшоў у магазінчык,
Купіў апельсінчык, купіў мандарынчык.
Карацей, варта задумацца наконт асобнай сольнай праграмы Кастуся Жыбуля — з дзіцячымі рознакаляровымі зданямі.
Даведка: Вера Бурлак (Джэці) — паэтка, літаратуразнаўца, аўтарка кніг “За здаровы лад жыцця!” (2003), “Забі ў сабе Сакрата” (2008, сумесна з Віктарам Жыбулем), “Творы соннага жанру” (2011).
Кася Кірпацік
Фота: Зарына Кандрацьева