Філасофскія паняцці, застылыя імгненні вечнасці, увасобленыя ў шкле, знайшлі адлюстраванне ў новым праекце мастачкі Алены Атрашкевіч “Верацяно цішыні”, які адкрыўся ў Малой зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва 1 лютага.
Як адзначыла на адкрыцці дырэктарка музея Наталля Шаранговіч, “гэтую выставу мы чакалі вельмі даўно. Шкло выстаўляецца не вельмі часта, і такія выставы рабіць вельмі складана. Тым не менш, гэта вельмі эфектна, вельмі прыгожа, гэта зачароўвае”.
Мастакоў, якія працуюць са шклом, у Беларусі няшмат, а яшчэ менш тых, хто разумее гэты дзіўны патрабавальны матэрыял. Выкладчыца кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Акадэміі мастацтваў Алена Атрашкевіч – адна з іх. Пры гэтым яна працуе ў традыцыйных гутных тэхніках – ліцця ў форму, спякання і дапрацоўкі паверхні са шліфоўкай і паліроўкай.
Магічнае паняцце часу, якое і словамі складана выказаць, у сваім праекце мастачка перадае праз крыштальнасць шкла, ствараючы пры гэтым адбітак імгненняў нашага крохкага свету.
“Верацяно цішыні – гэта дотык імгнення. Адчуванне знаходжання дзесьці паміж імгненнямі дазваляе суаднесці засяроджаную цішыню моманту і глабальных часавых фрагментаў, што нараджае абсалютнае перакананне, што час – найвялікшая ілюзія. Хуткасць аб’екта не роўная адлегласці, падзеленай на час”, — кажа мастачка.
“Я лічу, што ў гэтых яе аптычных аб’ектах, як у кроплі вады, адлюстроўваюцца памкненні маладых мастакоў да асэнсавання свету праз простыя аб’екты. Прыходзьце і медытуйце побач з гэтымі аб’ектамі, угледзьцеся ў сваё адлюстраванне на шкле, адчуйце і ўсю складанасць, і ўсю цеплыню аўтарскай задумы”, — падкрэсліў старшыня секцыі ДПМ Беларускага саюза мастакоў Аляксандр Зіменка.
Прапануем невялікі рэбус: першы, хто адгадае ўсе чатыры працы, фрагменты якіх прадстаўленыя на фота (гл. ніжэй), атрымае аўтарскі сувенір. Свае адказы дасылайце на [email protected] з пазнакай “конкурс” да апошняга дня працы выставы (11 лютага).
Пра абраную тэму (плыткі час і статычнае шкло):
Мне падаецца, што менавіта ў шкле можна выказаць гэтую тэму, таму што празрыстае шкло якраз можа быць на мяжы знікнення, калі празрыстасць ператвараецца ў Нішто. Уласна кажучы, гэтыя паняцці прыцягваюцца адно да другога.
Пра матэрыял:
Займацца шклом я пачала выпадкова, скажам так, для агульнага развіцця. Пасля раптам адчула, што хачу і магу з ім працаваць. З часу, калі я пайшла працаваць на крыштальны завод, пачалося нешта больш-менш сур’ёзнае, таму што калі ты бачыш гэтую велізарную ванну шкла, якое варыцца ў печы, гэта ўражвае. Гэтага не ўбачыш жыўцом у штодзённым жыцці. У Беларусі ёсць толькі два месцы, дзе гэта можна ўбачыць. Шкло — магутны матэрыял, і гэтая моц дыктуе павагу да сябе, з ёй нельга проста гуляцца. Шкло выхоўвае такія якасці, як трываласць, у нейкай меры ўважлівасць і адвагу (смеласць).
Пра першае ўражанне ад працы са шклом:
Велізарная ванна шкла — мабыць, самае моцнае ўражанне. І калі ўпершыню набіралі шкло на трубку, а яно падала. Трэба было некалькі разоў апячыся, адчуць увесь жар печы, дзе варыцца шкло, каб палюбіць гэты матэрыял.
Пра форму і змест ва ўласнай творчасці:
Гэта сустрэчныя працэсы. З аднаго боку можна ўперціся: “Хачу зрабіць вось так!” А з іншага можна ўбачыць у скрыні з бітым шклом штуку, якая цябе натхніць на нешта незвычайнае. Напрыклад, складачка ў шкле такая прыгожая. Так што гэта працэс неадназначны.
Зарына Кандрацьева