Сусветная прэм’ера оперы “Verbum nobile” (“Слова гонару”) беларускага і польскага кампазітара Станіслава Манюшкі адбылася ў 1861 годзе ў Варшаве. Спектакль ніколі не ішоў на тэрыторыі Беларусі. А праз больш чым 150 гадоў тэатр “Галерэя” пры садзейнічанні Музычнага дома “Класіка” вырашыў вярнуць гэты твор на радзіму аўтара (Манюшка нарадзіўся ў мястэчку Убель пад Мінскам) і прадставіць яго беларускай публіцы. Карэспандэнты Budzma.org пабывалі на прэм’еры.
Сюжэт лірыка-камічнай оперы “Verbum Nobile” грунтуецца на каханні. Малады шляхціч Станіслаў са сваім служкам Барталамеем пасля нешчаслівага здарэння трапляюць да пана Лагоды, дзе хворага хлопца даглядае дачка пана — Зося. Не складана здагадацца, што паміж хлопцам і дзяўчынай ўспыхвае каханне. Неўзабаве Станіслаў прапануе каханай руку і сэрца. Але бацька Зосі катэгарычна супраць: калісьці ён даў слова гонару выдаць дачку замуж за сына свайго прыяцеля, Марціна Пікулы. Як далей разгортваліся падзеі, мы вам не раскажам — лепш параім схадзіць 5 чэрвеня на прэм’еру ў Рэспубліканскі палац культуры прафсаюзаў і ўсё даведацца самім.
Маладыя і таленавітыя артысты ў пастаноўцы працуюць побач з прызнанымі майстрамі сцэны. Галоўныя партыі выконваюць Анатоль Галкін, Арцём Хамічонак, Галіна Дубіцкая, Аляксандр Жукаў, Сяргей Кiлеса, Дзмітрый Капiлаў і Валерый Маicеенка.
Пераклад для камернага складу аркестра стварыў дырыжор-пастаноўшчык Іван Касцяхін.
Іван Касцяхін, дырыжор: “Гэта такое задавальненне — усведамляць, што ты вяртаеш кампазітара на яго радзіму. Музыка Манюшкі ў Беларусі ніколі раней не гучала ў выкананні прафесійных музыкантаў. Ад некаторых скептыкаў можна пачуць: “Ну, хто такі Манюшка — гэта ж не Шапэн”. Так, не Шапэн, але гэта ж Манюшка, самабытны творца. Вы бачылі, з якім задавальненнем граюць музыканты і як прымае оперу глядач — рэакцыю гледача і пачуцці музыкантаў купіць немагчыма. Спадзяюся, мы запішам оперу ў аўдыё- і відэафарматах. Гэта спадчына беларусаў, яна павінна быць. Сумна, што ў рэпертуарах нашых тэатраў практычна няма музыкі беларускіх кампазітараў. Культура — з’ява нацыянальная. Без прыстаўкі “нацыянальная” проста немагчыма дакранацца да музыкі”.
Тонкі гумар польскага лібрэта Яна Хенцыньскага выдатна перадала ў беларускім перакладзе Дар’я Вашкевіч.
Дар’я Вашкевіч, перакладчык: “Гэта быў мой першы досвед перакладу такога плану. Справа ў тым, што я — празаік. Канечне, як і ўся прыўкрасная моладзь, калісьці я пісала вершы, але прафесійна паэзіяй ніколі не займалася. А тут яшчэ трэба было, каб паэзія супадала з музычным рытмам. Я скончыла музычную школу, таму мне больш менш усё было зразумела. Я перакладала і паралельна прайгравала партыі на піяніна”.
Рэжысёр Алена Медзякова пераасэнсавала жанр класічнай камернай оперы ў арыгінальным сучасным ключы.
Алена Медзякова, рэжысёр-пастаноўшчык: “Оперы “Verbum nobile” больш за 150 год, але праблематыка, якая ў ёй падымаецца, актуальная і сёння. Гэта пытанні вартасці і значнасці слова гонару і адказнасці за яго. Скажу больш — у гэтай оперы менавіта прадстаўнікі маладога пакалення сутыкаюцца з пытаннем адказнасці за свае лёс і жыццё любімага чалавека. І гэта істотна”.
Кася Кірпацік, фота – Зарына Кандрацьева