— Менавіта з Германіі слава мастака Марка Шагала распаўсюдзілася па свеце. Ён спыняўся ў Берліне ў 1911, 1914 і ў 1922-1923 гадах. У 1913-м Херварт Вальд, уладальнік знакамітай берлінскай галерэі Der Sturm, выставіў упершыню ў Германіі работы Шагала. Праз год тут прайшла яго першая персанальная выстава.
Да прыходу Гітлера да ўлады ў прыватных калекцыях Германіі знаходзілася каля 200 работ Шагала. Потым ён быў абвешчаны «яўрэйска-бальшавіцкім» мастаком, а яго карціны — «дэгенератыўным мастацтвам», — кажа старшы навуковы супрацоўнік Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва, магістр мастацтваў Марына Карман.
На аўкцыёне прадаецца карціна М. Шагала «Панюшка тытуню». Чэрвень 1939 года.
Вясной 1933 года ўрад Германіі пачынае ажыццяўляць жорсткія меры па «аздараўленні нямецкай культуры». З сакавіка спецыяльна арганізуюцца акруговыя выставы «дэгенератыўнага мастацтва»: у Мангейме («Бальшавізм у культуры»), Нюрнбергу («Камера жахаў у мастацтве»), Дрэздэне («Мастацтва на службе разлажэння») і іншыя. Усяго да 1941 года адбылося 38 падобных выстаў па ўсёй краіне. На іх тройчы былі прадстаўлены і работы Марка Шагала.
— У верасні 1933 года была заснавана Палата па справах мастацтва (Kunstkammer) з Гебельсам у якасці прэзідэнта. Яе найвышэйшая задача — пакласці канец незалежнай творчай дзейнасці ў любых яе праявах. У тым жа годзе ў Базэлі з мэтай ганьбавання была адкрыта рэтраспектыўная выстава Марка Шагала, а ў Мангейме па загадзе Гебельса адбылося публічнае спальванне работ віцебскага мастака.
У 1935-м Гітлер выступіў на VІ партыйным з’ездзе і адкрыта заявіў аб «прынцыповым адарванні» духу авангарду. Да канца 1936 года з краіны эмігрыравалі сотні прагрэсіўных літаратараў, архітэктараў, рэжысёраў, мастакоў і музыкантаў. Сярод іх — самыя знакамітыя: Томас і Генрых Маны, Марлен Дзітрых, Георг Грос і іншыя. Марк Шагал у 1937 годзе стаў грамадзянінам Францыі.
У чэрвені 1937-га Гебельс выдаў дэкрэт аб стварэнні камісіі, якая павінна была канфіскаваць экспанаты «дэгенератыўнага мастацтва» з музеяў Германіі. Быў падпісаны і ўказ аб арганізацыі выставы. Як напісаў адзін з членаў камісіі па адборы, асноўная мэта выставы — выпрацоўка ў немцаў «здаровага інстынкту супраць бацылы мастацтва вар’яцтва і заняпаду, прышчэпленай яўрэямі».
— Члены камісіі ўмудрыліся ўсяго за два тыдні наведаць каля 30 гарадоў і адабраць у 32 музеях 700 «дэгенератыўных» твораў. А ўсяго канфіскавалі больш за 5,2 тысячы работ… У тым ліку з нямецкіх музеяў 59 работ Марка Шагала. Творы канфіскоўвалі ў спешцы, ды і стаўленне да іх было, найперш, як да аб’ектаў, якія будуць выстаўлены на ўсеагульнае абсмейванне, каталогі і запісы вяліся не заўсёды. Менавіта таму дагэтуль не высветлена месцазнаходжанне многіх з іх, — адзначае даследчыца.
Выстава «дэгенератыўнага мастацтва», якая адкрылася ў ліпені 1937 года ў Мюнхене, выклікала неверагодны ажыятаж. За дзень яе наведвалі да 20 тысяч чалавек. Між іншым, уваход быў вольны. Менш чым за чатыры месяцы выставу пабачылі больш за 2 мільёны чалавек. І гэта ўтрая больш, чым колькасць наведвальнікаў выставы любімых аўтараў нацысцкага кіраўніцтва, якая працавала недалёка… Карціны былі развешаны хаатычна і крыва, назвы работ напісаны часам мелам літаральна на палатне, па сценах — вытрымкі з тэкстаў мадэрністаў, а побач — строгія плакаты з цытатамі фюрара.
— Пазней гэтую экспазіцыю адправілі ў Берлін. Там да работ мастакоў далучылі калекцыю карцін псіхічна хворых людзей, размясціўшы іх уперамешку. Усяго 6 са 112 аўтараў былі яўрэямі, аднак «яўрэйская тэма» падавалася публіцы асабліва. Карціна «Рабін» («Панюшка тытуню») Шагала стала своеасаблівым сімвалам гэтай выставы, — працягвае Марына Карман. — Цікава, што перад пачаткам Другой сусветнай вайны, калі фашысцкай Германіі спатрэбіліся грошы на пераўзбраенне арміі, творы прадстаўнікоў «дэгенератыўнага мастацтва» прадавалі на аўкцыёнах у Швейцарыі.
Пасля вайны стаўленне да Шагала ў Германіі кардынальна змянілася. Але ён не мог дараваць немцам іх злачынствы.
«Я думаю, што грахі нашых ворагаў нельга загладзіць, складаючы з імі пагадненні і дапамагаючы ім аднаўляць гаспадарку, а можна толькі абмыць у моры іх уласных слёз. Ад імя расстраляных і жыўцом спаленых мы гаворым ворагу, што ніколі не забудземся пра яго і ніколі яму не даруем — ні ў жыцці, ні ў мастацтве», — сказаў ён у 1947 годзе.
Мастак доўгія гады не хацеў мець нічога агульнага з Германіяй. Аднак урэшце даў згоду браць удзел у акцыях прымірэння. Нават выконваў буйныя дзяржаўныя заказы.
У 1959 годзе завяршыў работу для фае тэатра оперы ў Франкфурце-на-Майне. А ў 1978-м стварыў цыкл вітражоў у храме Святога Стэфана ў Майнцы. Гэта не толькі апошнія, але і самыя буйныя вітражы Шагала. Святару, каб атрымаць згоду віцебскага мастака, спатрэбілася амаль чатыры гады. Сваё імкненне працаваць менавіта з Шагалам ён тлумачыў жаданнем сцерці межы паміж рэлігіямі і нацыянальнасцямі.
Асабіста мяне ўразіў наступны факт. У навінах французскага тэлевізійнага канала быў паказаны цікавы сюжэт. Амерыканскі ваенны журналіст, трапіўшы ў кабінет Гітлера, у якасці трафея ўзяў… падпісаны фюрарам бланк.
— Гэта быў чысты аркуш паперы фармату А3 з фашысцкімі гербамі. Карэспандэнт быў знаёмы з Шагалам. Мастак папрасіў у яго гэтую паперу. На ёй ён намаляваў рабіна, які плача над скрываўленай торай, і вёскі, якія гараць… А збоку — сябе за мальбертам… Здзіўляе чалавечая сіла Майстра, які, можна сказаць, такім чынам «адпомсціў» злу, — кажа Марына Карман.
Той насамрэч унікальны твор знаходзіцца ў прыватнай калекцыі ў Францыі.
Аляксандр Пукшанскі, Звязда