Грандыёзны фінал другога сезону «Вікінгаў» (Vikings) прымусіў адданых прыхільнікаў гістарычнага серыяла нецярпліва чакаць працягу. Стваральнікі шоу спяшаюцца падзяліцца з гледачамі інфармацыяй пра трэці сезон папулярнага шматсерыйнага праекта канала History, у якім Рагнару трэба будзе ўзначаліць атаку бясстрашных мараходаў на Парыж.
«Вікінгам трэба будзе ўзяць у аблогу знакаміты горад, — сказаў стваральнік шоу Майкл Хёрст. — Сярэднявечны Парыж быў адным з самых дзіўных месцаў у свеце. Другога такога горада ў Еўропе было не знайсці. У новым сезоне мы сустрэнем світанак эпохі вікінгаў».
Хёрст адзначыў, што сюжэтная лінія з нападам на Парыж можа стаць асновай не толькі трэцяга, але і чацвёртага сезону. «Можна не сумнявацца, што гэтыя падзеі зробяць значны ўплыў на лёсы многіх персанажаў», — дадаў Майкл. Па словах прадзюсараў, у новым сезоне будзе забіты адзін з упадабаных гледачамі герояў.
Цяпер каманда серыяла завяршае маштабнае будаўніцтва новых дэкарацый у здымачных павільёнах. Неацэнную дапамогу стваральнікам шоу акажуць і апошнія дасягненні ў галіне камп’ютарнай графікі. Чакаецца, што флатылія Рагнара будзе складацца са ста караблёў. «Даволі драм ў Катэгаце, — заявіў Трэвіс Фімэл. — Вікінгі выпраўляюцца ў новае плаванне».
Батальныя сцэны стваральнікі «Вікінгаў» зноў разлічваюць здымаць максімальна рэалістычна. «Я ганаруся нашымі акцёрамі, — адзначыў Хёрст. — У сучасных галівудскіх блакбастарах усе бітвы зробленыя з дапамогай камп’ютарнай графікі. Гэта адразу ж кідаецца ў вочы. У нашым серыяле акцёры самі кіруюць лодкамі, ездзяць верхам і б’юцца».
Прыхільнікам «Вікінгаў» варта таксама чакаць з’яўлення на экранах новых твараў. Латэр Блюто («Цюдары» / The Tudors) сыграе караля Карла II Лысага, а ролю прынцэсы Гізэлы атрымала Маргана Паланскі, дачка лаўрэата прэміі «Оскар», рэжысёра Рамана Паланскі.
Джэні Жак увасобіць на экране вобраз маці будучага караля Уэсэкса — Альфрэда Вялікага, а Бэн Робсан выканае ролю Калфа — правай рукі Лагерты. Кевін Дзюран, добра знаёмы нашым гледачам па серыялах «Застацца ў жывых» (Lost) і «Штам» (The Strain), сыграе загадкавага вандроўніка.
«Я мушу з’явіцца на экранах у некалькіх эпізодах трэцяга сезону, — адзначыў Дзюран. — Усіх сакрэтаў раскрываць не буду, але магу сказаць, што Майкл Хёрст напісаў для мяне вельмі цікавую ролю. Мяне можна назваць сапраўдным фанатам “Вікінгаў”: мы з жонкай не прапускаем ніводнай серыі».
Папаўненне чакаецца і ў камандзе рэжысёраў шоу. Працу над новым сезонам пачнуць Келі Мэкін («Укушаная» / Bitten) і Хелен Шэйвер («Элементарна» / Elementary, «Касл» / Castle).
«Вікінгі» вернуцца на экраны з трэцім сезонам у наступным годзе.
Паводле lostfilm.tv