This movie requires Flash Player 9
23.02.2016 | "Культурызм" з Віктарам Марціновічам

Віктар Марціновіч: Брэст — гэта новае Гродна

Вы, безумоўна, памятаеце, як усе мы любілі Гродна. Цудоўны каталіцкі горад, забудаваны палацамі і касцёламі, паказваў нам іншую Беларусь, не тую, якая бачная ў Мінску. Лесвіца, што вяла ад ракі да верхняга замка, уваходзіла ў мой асабісты топ самых прыгожых мясцін краіны.

Тут, у Гродне, былі самыя дасканалыя кавярні, згадайма хаця б тую, што знаходзілася ў завулку за касцёлам Францішка Ксаверыя: інтэр’ер быў упрыгожаны сапраўдным «Харлеем» — і гэта тады, калі ў Мінску з добрых месцаў быў хіба што толькі «Філінз» на Валадарскага, з інтэр’ерам з простых драўляных бэлек («Гараж» на Кальварыйскай, з лунаючай над галовамі тачкай, з’явіцца значна пазней).

Мы вучыліся ў Гродна годна рабіць, годна жыць, годна адпачываць, годна верыць. Памятаю, як яшчэ студэнтам выправіўся на Каляды ў гэты горад на цягніку — пастаяць службу ў фарным касцёле.

Далей адбылася тое, што часцяком адбываецца з добрымі мясцінамі ў Беларусі. Лесвіцу на пагорку ля Нёмана адрамантавалі. Стары цэнтр пачалі імкліва «ўпрыгожваць», робячы нечым сярэднім паміж аграгарадком і вуліцай Зыбіцкай у Мінску (у архітэктурным сэнсе гэта адно і тое ж). З той толькі розніцай, што ў Мінску падраблялі «пад даўніну» новыя будынкі, у Гродне «пад навізну» забацвалі будынкі XVIII стагоддзя. Улюбёныя кавярні закрыліся ці выраўняліся па кошце з кавярнямі ў Парыжы. Рэй пачала весці вуліца Савецкая, з акрэслена турыстычнымі месцамі, у якіх любы сапраўдны вандроўны адразу адчуваў штучнасць.

Але галоўная трансфармацыя здарылася з атмасферай. Раней, у 90-х і нулявых, Гродна меў свабоду, якой бракавала Мінску. Бо калі чалавек з маленства жыве аточаны перлінамі барока, калі дзіцем, гуляючы ля Каложы, разумее, што ў яго, беларуса, былі славутыя папярэднікі, якія будавалі вось такія цудоўныя цэрквы, ён фармуецца годнай асобай.

Бетон не вучыць свабодзе, you know.

 Крыніца hata.by

 

Але ўсведамлялі гэта і тыя, каму карцела зрабіць рамонт. І відавочна, што ў каталіцкім вольным Гродне яны адчувалі сябе крыху ў акупацыі. Хаця ў акупацыі якраз павінныя былі сябе адчуваць занадта вольныя «западэнцы». І гэтую акупацыю супольнымі высілкамі развярнулі. Ну, вы памятаеце, што было з Саюзам палякаў, напрыклад. Атмасферу Гродна ўдалося адрамантаваць, бы тую лесвіцу. Сёння тут на вуліцах адчуванне як у Дубліне ў 1650-я, пасля скарэння Ірландыі Кромвелем.

Я па-ранейшаму вельмі люблю Гродна і шчыра спадзяюся, што некалі горад Вітаўта і Баторыя ачомаецца.

А пакуль…

Два з паловай гады таму я ўпершыню трапіў у Брэст. Так, я чуў, што ён даўно стаўся Меккай для падарожнікаў па Беларусі. І пра выступ Транхіла з Prodigy ў клубе Matrix у 2004-м я таксама чуў. Гэты эпізод вельмі турбаваў усіх у Мінску: як так? Prodigy не ў нас, а ў Брэсце? І дзе цяпер сталіца электроннай музыкі ў Беларусі? Але я не мог даць веры, што горад, забудаваны гэтымі савецкімі ваеннымі манументамі, можа быць прыгожым і цікавым.

Дык вось. Улетку 2013-га я прыехаў у Брэст і спыніўся там у «Інтурысце». Ён спачатку падаўся мне даволі камічным: гэткая імперская савецкая атмасфера (не ампір, але не менш таталітарны позні канструктывізм), такія манументальныя калідоры, такія суворыя твары рэцэпцыяністак, перад якімі адчуваеш сябе кузуркай — то бок сапраўдным савецкім турыстам.

 

 Гасцініца «Інтурыст». З савецкіх часоў не змяніўся нават шрыфт.

 

Вечарэла. Я выйшаў з «Інтурыста» і ўжо ўначы пешшу трапіў у крэпасць. Тут мяне адразу ўразілі памеры музеефікаванай тэрыторыі. Аграменная прастора ўтрымлівала маўклівыя счарнелыя руіны, сярод якіх у вельмі трапных месцах былі пастаўленыя велізарныя помнікі. Усё было зладжана з такім размахам, што за кожнай рысай, за кожным мастком праз рэчку, наладжаным для таго, каб зрабіць шпацыр больш уражлівым, адчуваўся зусім іншы, не сучасны, рэсурс.

Я бадзяўся сярод счарнелых сценак, над галавой лёталі кажаны, і адчуванне было як у в’етнамскім горадзе Хюэ, сярод парэшткаў імператарскага палаца Нгуенаў, якія некалі кіравалі краінай, але было тое ў зусім іншую эпоху. І засталіся толькі счарнелыя ад цвілі сцены ды цішыня. І розніца была ў тым, што ў палац Нгуенаў у Хюэ ўначы не трапіць, а па крэпасці ў Брэсце можна хадзіць да раніцы. Я выйшаў да ракі, пайшоў уздоўж карпусоў ля вады і натрапіў на зусім ужо закінутыя фрагменты крэпасці. Было ціха, я быў без ліхтара, навокал было цёмна, і душы тых, хто тут загінуў — а загінула тут шмат людзей з абодвух бакоў, — маўкліва назіралі за маімі рухамі, і тут упершыню за доўгія гады мне зрабілася жудасна.

Я адчуў сябе напужаным хлопчыкам на могілках. І я развярнуўся ды пабег — да святла, і першым, што я пабачыў у тым святле, быў манумент «Смага» — надзвычайны па ўздзеянні помнік. І вось тут у галаве загучалі такія валторны, бо, ведаеце, на тое, каб заліць гэтага 13-метровага салдата, пайшло 720 тон бетону — проста ўявіце сабе, колькі гэта, 720 тон бетону. А збоку грувасціўся галоўны манумент: чалавечы твар вышынёй 30 метраў (у вялікага сфінкса ў Гізе толькі 20 метраў вышыні). І вось зноўку — цяпер так не робяць, цяпер дбаюць пра кошт, цяпер скульптуркі малыя, а тут 720 тон бетону, 40 метраў, уваход з маналітнага жалезабетоннага блока вагой 1750 тон. Пад усім гэтым стогне зямля.

Брэсцкая крэпасць уначы. Галоўны манумент. Крыніца – Belarus.by

 

Я вярнуўся ў гатэль позна, і ўначы раптам зразумеў усё. «Інтурыст» — тое ж самае, што і манумент, што і траса М1, якая знітоўвала крэпасць з Масквой (М1 пераходзіць у брэсцкі праспект Машэрава, які проста вядзе да зоркі ўваходу). Некалі прыгожы заходні гарадок (які цалкам захаваў сваю абаяльнасць у межах вуліц Гогаля — Карбышава — пл. Свабоды, Брэст быў зменены іншай цывілізацыяй. Якая сышла. Бы нгуенаўская дынастыя, што некалі перапраграмавала выгляд утульнага Хюэ.

СССР скончыўся.

Але адзін з найбольш велічных ягоных помнікаў у выглядзе гасцініц, праспектаў, крэпасці ўплецены ў наш беларускі Брэст. Гэта ўсё — сляды іншапланетнай цывілізацыі. Закінуты касмічны карабель, што пацярпеў катастрофу пасярод еўрапейскім гарадка.

Парэшткі экіпажу яшчэ сустракаюць у велічных савецкіх гатэлях. У маім нумары не было рамонту — гэта быў самы танны нумар «Інтурыста», і я звярнуў увагу на тое, якім раскошным ён некалі быў задуманы. Панелі на сценах драўляныя, вокны пачынаюцца нізка ад падлогі, так, каб з ложка былі бачныя рака і порт. Дасканала, трапна, стыль вытрыманы так, бы праектаваў сам Ле Карбюзье. Я лёг спаць, і гукі рачнога порта стваралі ілюзію, што я начую ў Караткевічавым Уладзівастоку — на водных ускрайках няіснай ужо імперыі.

Я вярнуўся ў Брэст на мінулым тыдні.

 

 Вуліца Савецкая раніцай.

 

Я агледзеў раскошны гатэль «Эрмітаж», добрую «Весту», але жыць выправіўся ў той самы «Інтурыст», адно што нумар гэтым разам быў занадта раскошны, з «еўрарамонтам», які схаваў усю былую савецкую славу. Я правёў кранальны вечар у кавярнях пад газавымі ліхтарамі, я з’еў магчыма найлепшы ў сваім жыцці стэйк у «Карове» (пра гэты клуб мае літоўскія калегі сказалі, што такое месца ў Вільні было б перапоўненае, мы ж вячэралі амаль адны; стэйк каштаваў 90 тыс.). З раніцы, пасля шпацыру па Савецкай, якая ўяўляе сабой былое, не скажонае рамонтам ды ўпрыгожваннем Гродна, пасля густоўнага сняданку ў кавярні Times (яйка пашот, груша, вяндліна ды тосты — 55 тыс., то бок $2,5), я зразумеў, што Брэст надзейна заняў у маім сэрцы месца найбольш прыемнага горада ў Беларусі.


  Кавярня «Параграф» на Савецкай. Звярніце ўвагу на дасканаласць шрыфту і лога. Крыніца – brestcity.com.

 

І справа не толькі ў трапнасці грамадскіх месцаў, не толькі ў тварах людзей, якія п’юць ранішнюю каву ў кандытарскіх, аналагаў якіх няма ў Мінску. Справа ў тым, што з брэсцкіх таксовак гучыць такі трапны французскі рэп, якога не пачуеш у Мінску і ў начным клубе. У тым, што ўзбярэжжа Мухаўца яшчэ не кранутае рамонтам. Ды ў тым, што агідных скульптур на Гогаля вельмі няшмат, і, прынаравіўшыся, іх можна не заўважаць.

Набярэжная Мухаўца. Дзякуй Богу, плітачкі хапіла толькі на двухметровую працяжку ля нерэстаўраванага парапета, справа – не крануты «рамонтам» сквер.

Але ведаеце, Гродна — гэта не горад. Гэта пэўны стан любога горада на Зямлі і яго ж настрой. Казалі ж на Беларусі: «Працуй пільна – будзе Вільня». І я мару пра часы, калі тое самае можна будзе адчуць у кожным нашым гарадку, буйным ці маленькім.

 

 

Віктар Марціновіч


3 Каментаў у “Віктар Марціновіч: Брэст — гэта новае Гродна”

  1. Uladzimir says:

    Берасце-горад з больш як тысячагадовай гісторыяй, пры чым тут Гродна? Або нейкі Мінск, які ня шмат чым пахваліцца можа, і вызначаецца большай ступенню калгаснай міграцыі і калгаснага менталітэту?

  2. Лявон says:

    Я быў у Бярэсці ў маленстве, бацька ўзяў мяне з сабой у камандзіроўку. І мы жылі ў гатэлі Інтурыст, напрыканцы 80-х гэта быў вельмі шыкоўны гатэль! Былі ў Брэсцкай крэпасці, Белавежскай пушчы і ў Камянцы, бачылі Белую Вежу.

  3. Константин says:

    “Бетон не вучыць свабодзе, you know.”
    А чаму ж вучыць бетон “Смагi” цi галоунага манументу крэпасцi? Чаму пад iмi стогне зямля, а пад шматпавярховымi дамамi, у якiх знаходзяцца кавярнi не? Можа думкi аб цудоунай чарцы ды шкварцы у кавярнi трохi лягчэй за думкi народжаныя у крэпасцi, дзе аддавалi своё жыццё нашы продкi? Хiба можа стагнаць зямля ад таго, што яна трымае на сабе манумент, што дае такiя думкi?

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика