13.10.2015 | "Культурызм" з Віктарам Марціновічам

Віктар Марціновіч: Чаму я цешуся гэтай прэміі

З’яўленне ў краіне першага за гады незалежнасці нобелеўскага лаўрэата стварае прынцыпова новую сітуацыю для нашай культуры. На жаль, публічная сфера працягвае рэагаваць так, як рэагавала на скандальчыкі вакол Гедройца, не ўсведамляючы, што маштаб падзеі крыху іншы, як іншая і ступень адказнасці кожнага. Мы бачым класічны бульбасрач, у якім усе, каго ты паважаў, разышліся па пакойчыках і захоплена кідаюцца адно ў аднаго зусім не томікамі Алексіевіч.

Нацыя, якую не можа з’яднаць нават гонар за Нобелеўскую прэмію, вырачаная. Патлумачу (нікога пры гэтым не абражаючы), чаму я лічу, што адбылося нешта добрае. Чаму веру, што Беларусі выдадзены аванс, правільна скарыстаўшы які, культура здолее выбрацца з ямы, у якой знаходзіцца. Гэты тэкст, такім чынам, лікбезаўскі і кранае інсайды, якіх чалавек, не звязаны з еўрапейскім кніжным светам, можа не ўсведамляць. Калі пабачу, што сітуацыя працягвае нагадваць бойку за запяканку ў дзіцячым садку, падзялюся думкамі пра тое, што дакладна варта зрабіць, каб канвертаваць поспех аднаго ў зрухі для ўсіх.

– Па-першае, збыліся прагнозы! Тое, пра што казалася ды пісалася на ўсіх пляцоўках у Беларусі і за яе межамі ўжо два гады, спраўдзілася. Мы бачым не проста рэнесанс беларускай літаратуры, мы бачым пячатку якасці, якая пастаўленая на феномен нашай прозы тым журы, вышэйшы за якое толькі Бог. Той, хто аспрэчвае аўтарытэт Нобелеўскага камітэта (кажу тут найперш пра Прылепіна), выглядае казуркай на фоне постацяў людзей, якія гэтым журы ўшанаваныя: Кіплінг. Метэрлінк. Ейтс. Гесэ. Так, не далі Набокаву, але далі Буніну. Так, не далі Прусту, але далі Бродскаму. Так, не далі Кафку, але далі Маркесу.

– Нобелеўская прэмія — сігнал еўрапейскім выдаўцам. У Нямеччыне, напрыклад, буйныя кніжныя карпарацыі працуюць з Усходняй Еўропай па цынічным прынцыпе «тэствання нацый». Яны абіраюць наўздагад 3-4 аўтараў з новай, не вывучанай іх чытачом тэрыторыі, друкуюць іх, забяспечваюць тыповым PR-пакетам у выглядзе 2-х стандартных рэцэнзій і далей глядзяць: пойдзе, не пойдзе. Дык вось. Нас скончылі тэсціць гадоў 5 таму. І мы не пайшлі. А таму карпарацыі на нас як на культурнай супольнасці намалявалі маленькі чорненькі крыжык. І ўсе кропкавыя поспехі, якія там-сям усё ж здараліся, не маглі запэўніць монстраў, якія вызначаюць буйную ратацыю. Нас не стала. І раптам мы ўзніклі! Бо — Нобель. Зараз будзе новая хваля цікаўнасці да пісьменнікаў. Недвухсэнсоўныя запыты — хто варты, а хто не, каго чытаць, каго не — ужо пайшлі. Дык маем шансы стварыць феномен, супастаўляльны з выбухам лацінаамерыканскай літаратуры канца 1970-х.

–   Гэта сігнал рускім: беларускія творцы не мусяць ісці ў нішы «творчество провинций России». Некалі Караткевіч, Быкаў, Адамовіч шырока перакладаліся і друкаваліся ў суседняй з намі краіне. Цяпер яны выйшлі б хіба што ў невялічкай профільнай друкарні, бо «это же провинция, и Оршу удалите из текста». Звярніце, дарэчы, увагу: «Час сэканд-хэнд» Святланы выдадзены не ў флагманскім «ЭКСМО», а ў невялічкім (але ад таго не меней добрым) выдавецтве «Время». Паклон яго рэдактару Барысу Пастарнаку! Паклон ягонаму густу!
Гэта першы Нобель на нашых сцюдзёных тэрыторыях з 1987 года. І яго атрымаў не безумоўна варты Нобеля Уладзімір Сарокін. Яго атрымаў беларускі аўтар, які піша да таго ж па-расійску, што якбэ сведчыць, што расійская мова беларуса нічым не горшая за расійскую мову рускага.

–  І калі ўжо пачалася размова пра расійскую мову Алексіевіч. Гэтыя закіды тояць у сабе парадокс. Чаму расійскамоўнага беларускага аўтара Андрэя Лазуткіна адны і тыя ж людзі баранілі, а расійскамоўную Алексіевіч ганьбяць — менавіта за мову? Нічога не маю супраць Андрэя Лазуткіна, творы гэтага калегі я не чытаў, але пытанне такое: дзе тут логіка? Мне сапраўды хочацца гэта зразумець! Чаму Лазуткіну можна, а Алексіевіч — не? Чаму ўвесну, калі адбыўся анонс «Кнігі года», прадстаўнікі адной і той жа суполкі спачатку канстатавалі «дыскрымінацыю расійскамоўных беларускіх пісьменнікаў», а потым некаторыя з іх пачалі зацята зневажаць Алексіевіч менавіта за мову? Я лічу, што ўсім нам варта прапагандаваць мову нашую родную, але вельмі хацелася б паслядоўнасці ў той пазіцыі, якую займаеш. Бо інакш выглядае на чорную зайздрасць. А як я ўжо не аднойчы казаў, зайздрасць спапяляе.

–  Самае галоўнае — гэта сігнал беларусам. Шаноўныя землякі! У нас ёсць літаратура! І яна не горшая за іншыя сусветныя літаратуры! Калі ласка, прачытайце кнігі нобелеўскага лаўрэата, калі яшчэ гэтага не зрабілі. Калі ласка, прачытаўшы іх, вазьміцеся за іншых сучасных аўтараў, бо літаратура — заўсёды асяродак. У вакууме нобелеўскіх фаварытаў не ўзнікае. Шмат казалася пра вяртанне чытача, дык вось ён — момант!

– Адзначу, што калі калегі працягнуць бадацца за запяканку на вачах ва ўсяго фэйсбука, гэта іх дэантрапамарфізуе і запэўніць чытача, што празаік у нас адзін — Алексіевіч. Тое ж тычыцца і іншых бонусаў, якія мы страцім. Калі будзем выкідваць Алексіевіч з беларускай літаратуры па прынцыпе «яна не наша і не літаратура», думаючы, што права вызначаць, што ёсць літаратура, належыць толькі вузкаму колу хворых на інфантылізм эгаістаў, яе падбяруць рускія і ўкраінцы. Дарэчы, рускія ўжо падзяліліся на тых, хто кажа, што «перамагла руская», прычым кажа гэта на ліберальных культурніцкіх сайтах (гл. тут  і тут), і тых, хто кажа, што ўзнагародзілі яе, каб пакрыўдзіць Расію (тут і тут). Асабліва цікава чытаць, як рускі нацыянал-бальшавік фактычна паўтарае аргументы беларускіх нацыянальных пісьменнікаў, маіх братоў па зямлі і творчасці!

–  Аргумент, што нобеляў беларусам болей не будзе, лагічны. Але тое, што адбылося, ужо цалкам нелагічна. Калі ў 2015-м нобеля атрымлівае расійскамоўны аўтар вербацімаў, што жыве ў Мінску, ніхто ўжо не здзівіцца, калі ў 2020-м нобеля атрымае беларускамоўны аўтар верлібраў, што жыве ў Хойніках. Камю ўшанаваны нобелем у 1957-м. Сартр —  у 1964-м. Гэта пры тым, што Камю і Сартр — адно і тое ж (жартую, вядома). Паміж Нобелем Пастарнаку і Шолахаву прайшло ўсяго 7 гадоў. Паміж Шолахавым і Салжаніцыным — 5! Хочаце атрымаць нобеля — давайце створым літаратуру, якая будзе гучаць так, як гучала савецкая літаратура ў 1960-х-1970-х.

–  Я радуюся гэтаму нобелю таму, што гэта прэмія яшчэ і Алесю Адамовічу, які прыдумаў метад, што ляжыць у аснове творчых падыходаў Святланы. За спадара Алеся па-чалавечаму крыўдна, бо гэта адзін з тых кранальных і вельмі гуманістычных талентаў, на якога забылася нацыя, што павінная яго шанаваць. Ён дакладна б не стаў сачыцца атрутай, каб нобеля атрымаў не ягоны сабутэльнік. Тым больш што дзядзька Алесь не піў…

–  Дзякуючы рашэнню Нобелеўскага камітэта ў Беларусі з’явіўся неаспрэчны аўтарытэт. Што вельмі добра для краіны без культурніцкіх іерархій. Размова не толькі пра тое, што погляды Святланы на палітыку і сацыяльную сферу ў дадзены момант сугучныя з маімі. Не толькі пра тое, што мы з Алексіевіч належым да аднаго творчага саюза і не знаходзімся па розныя бакі сацыяльна-эстэтычных барыкад. Але пра тое, што зараз ніхто не можа сказаць: «Я тут самы круты і самы галоўны». Таму што ўсяму свету прадэманстравалі, хто тут самы круты і самы галоўны. Вопыт пакланення і шанавання іншых (гэтаксама як і заўважання іншых!) — ці не самае важнае кармічнае практыкаванне, праз якое мусіць прайсці любы беларускі творца, каб культура наша пазбавілася ад правінцыйнасці ды інфантылізму, якія ў ёй яшчэ заўважныя.

Ну і напрыканцы зусім проста: віншую вас, Святлана!

 

 Віктар Марціновіч, budzma.by

Увага! Меркаванне калумністаў не заўжды супадае з пазіцыяй кампаніі "Будзьма беларусамі!"

24 Каментаў у “Віктар Марціновіч: Чаму я цешуся гэтай прэміі”

  1. “Мы бачым класічны бульбасрач”
    Па маіх назіраннях, “бульбасрач” назіраецца толькі ў галаве сп. Марціновіча. Я прачытаў дзясяткі рэакцый на прэмію Алексіевіч, у тым ліку і ў сацсетках, яны ўсе пазытыўныя. Таму разважанні пра вырачанасць нацыі – пустое, як і ўсе падобныя мудраванні.
    Словамі “Чаму ўвесну, калі адбыўся анонс «Кнігі года», прадстаўнікі адной і той жа суполкі спачатку канстатавалі «дыскрымінацыю расійскамоўных беларускіх пісьменнікаў», а потым пачалі зацята зневажаць Алексіевіч менавіта за мову?” аўтар пераварочвае сітуацыю з ног на галаву, ці, калі казаць наўпрост – паклёпнічае. Галоўны фігурант тых падзеяў Ціхан Чарнякевіч і адначасова перакладчык кніг С. Алексіевіч яе “зацята зневажае”? :) Ці нехта яшчэ з арганізатараў “Кнігі года?” Хадановіч, які адным з першых яе павіншаваў? Іншыя кіраўнікі ПЭН-цэнтра, якія сустракалі яе перад першай прэс-канферэнцыяй? Смешна.

    • Павел says:

      Спакойна, зайздрасць спапяляе Марціновіча. Ён пра гэта казаў неаднаразова)))

    • Віктар Марціновіч says:

      Мог бы назваць прозвішчы, але не зрабіў гэта ў тэксце, не зраблю і тут – як не правакуй; у каментах на Ніве і ў Фэйсбуку ўсе прозвішчы агучаныя не мной. Усім тролям жадаю здароўечка і дабрабыту ў хату.

      • Віктар, я не ананім і не троль, я пакідаю каментары праз мой сапраўдны профіль у фб (у якім я сёння са здзіўленнем заўважыў, што больш не належу да Вашых сяброў). І я не маю мэты Вас правакаваць. Прачытаўшы Ваш артыкул, у мяне стварылася ўражанне, што менавіта Вы распачынаеце бульбасрач, якога дагэтуль не было, як не было і негатыўнай рэакцыі на Нобель Алексіевіч. Было некалькі разважанняў наконт руска/беларускамоўнасці ў цалкам спакойнай стылістыцы, чаму не?
        Вось яшчэ раз цытата з Вас: “прадстаўнікі адной і той жа суполкі спачатку канстатавалі «дыскрымінацыю расійскамоўных беларускіх пісьменнікаў»”. Вядома, што гэта было ў прэс-рэлізе ПЭНа, які напісаў Чарнякевіч. То бок, Вы кажаце, што нейкія прадстаўнікі суполкі (ПЭНа) пачалі “зацята зневажаць Алексіевіч”. Тут магчымыя два варыянты: Вы павінны пацвердзіць гэта (прывесці цытаты), інакш гэта паклёп, і Вы мусіце выбачыцца перад ПЭНам. Калі Вы мелі на ўвазе іншую “суполку”, то выразіліся скрайне недакладна і павінны выправіццца. Абстрагуючыся ад абодвух варыянтаў, падобныя агульныя абвінавачванні без называння імёнаў я лічу баязлівым і танным папулізмам.

        • Віктар Марціновіч says:

          Паважаны Ігар Крэбс, калі вы лічыце, што выраз “па маіх назіраннях, “бульбасрач” назіраецца толькі ў галаве сп. Марціновіча” не з’яўляецца персанальна абразлівым і падпадае пад характарыстыку “разважанняў наконт руска/беларускамоўнасці ў цалкам спакойнай стылістыцы”, мне застаецца толькі здзівіцца ступені вашай стылістычнай выхаванасці.

          Слова “ПЭН-Цэнтр” у тэксце не гучала, удакладняць прозвішчы не буду, хаця, паверце, магу. Але не хачу пераўтвараць тэкст, напісаны ў паважлівым тоне і без ніводнага прозвішча ў сварку ў стылістыцы Гедройца – гэта не мой узровень дыскусіі. Усе тыя, хто ў тэксце меліся на ўвазе, усё зразумелі, што і патрэбна было даказаць.

          • Паважаны Віктар, не чакаў такога нізкага парогу абражальнасці ў Вас. Але калі маё ацэначнае меркаванне ўсё ж абразіла, то прашу прабачэння.
            Але ж хацелася б па справе, няма адказу на пытанні, як ні спрабую:
            1. Дзе Вы знайшлі бульбасрач? Ужо прагучаў Бахарэвіч (так-так, не ад Вас), але ён – не суполка, і ў т.л. ягоны артыкул я меў на ўвазе пад “разважаннямі наконт руска/беларускамоўнасці ў цалкам спакойнай стылістыцы”. Вы мяне вельмі моцна здзівіце, калі знойдзеце хаця б адно слова “зацятых знявагаў” у тым матэрыяле. Ніякай бруднай дыскусіі ён не выклікаў, ад якой раптам спатрэбілася бараніць СА.
            Насамрэч бульбасрач ужо ёсць, ён выкліканы Вамі. Гл. каментары пад артыкулам на НН.
            2. Пра ПЭН. Вы: “Слова “ПЭН-Цэнтр” у тэксце не гучала”. Дык не гучала, ці не мелася на ўвазе? Ваш тэкст лагічна ўказвае на яго…

            “…тэкст, напісаны ў паважлівым тоне і без ніводнага прозвішча ў сварку ў стылістыцы Гедройца – гэта не мой узровень дыскусіі”. Для мяне нармальны ўзровень дыскусіі – гэта якраз калі называюцца імёны, каб тыя, да каго ёсць прэтэнзіі, маглі адказаць. А так атрымліваецца – ёсць бульбасрач, не скажу дзе, ёсць зневажацелі, няхай яны самі здагадаюцца. Менавіта гэта я меў на ўвазе пад баязлівым і танным папулізмам.
            Выбачаюся, што марную час Калегі ;) Прэзідэнта РБ Святланы Алексіевіч, але ж хочацца праўды)))

    • Ігар says:

      Шаноўны спадар, “смешна” – гэта чытаць “Я прачытаў дзясяткі рэакцый на прэмію Алексіевіч, у тым ліку і ў сацсетках, яны ўсе пазытыўныя. ” Альбо Вы ззаду-наперад чыталі, альбо сацыяльныя сеткі ў Вас нейкія свае. Калі пад рэакцыямі Вы маеце на ўвазе самі артыкулы пра гэтую падзею, яны былі пазітыўныя, згода. Але ці чыталі Вы каментары да тых артыкулаў? Бо менавіта іх я б назваў рэакцыяй. І сярод адэкватных “віншую!” там былі і вельмі паскудныя рэчы. А памятаеце тыя “напятыя” гадзіны, калі пра прэмію даведаўся ўжо ўвесь сьвет, а мы ўсё чакалі, калі даведаецца наш Галоўны Рэдактар? Зразумела ж, што ён даведаўся адразу, але інтрыга была: павіншуе ці не? Павіншаваў. Праз некалькі гадзін. Пасьля гэтага і дзяржаўныя смі адважыліся некалькі словаў ёй прысьвяціць. Выглядала ўсё гэта больш чым ганебна, шчыра кажучы. Пра рэакцыі з боку “русскаго міра” нават казаць не хочацца, узгадаю хаця б артыкул Праханава: “Нобелевская по русофобии присуждена Светлане Алексиевич “. Усе мы ведаем, што такое Праханаў, але, але, але. Вось таму і сьмешна робіцца, калі Вы кажаце, што “усе былі пазітыўныя”. Не былі. І каб у гэтым упэўніцца, дастаткова ленту навінаў пагартаць трохі ўніз. І таму пасьля гэтага Вашага “сьмешна” усё, што Вы пішаце ніжэй, не можа ўспрымацца сур’ёзна, бо хто ведае, з якой рэальнасьці Вы наступныя факты выцягнулі. Я не кажу, што Вы хлусіце, я кажу, што Вашыя словы МОГУЦЬ не ўспрымацца ўсур’ёз, як бы сур’ёзна яны не выглядалі.

      • Ігар, аўтар піша пра “публічную сферу” ў Беларусі, і я пра яе, так што можаце ўспрымаць усур’ёз тое, што я пішу))
        Усё, пра што Вы кажаце, я ведаю, адно толькі, я не бачыў адмоўных рэакцый у сацсетках, так, каб гэта былі менавіта публічныя (не афіцыйныя) асобы. Можаце прывесці прыклады, калі аўтар гэтага ўнікае?

        • Ігар says:

          Прыклады публічных асобаў прывесьці не магу, бо, як было сказана, “дзе яны, а дзе – я”, таму тут спрачацца не буду.

  2. Эма Бавары says:

    Хм, у мінулым годзе Бахарэвіч выдаў раман пра Язык, тым самым кінуўшы цень на раскручаны раман Віктара Марціновіча пра Мову. Не хачу зараз спрачацца, які з твораў геніяльнейшы, але “Мова” ў прэміі Гедройца не ўвайшла нават у шорт-ліст. Як тут не ўзлаваць на журы і на арганізацыі, якія адказваюць за прэмію? На калег, якім пашчасціла болей?

    Няцяжка расшыфраваць рэбус з “некаторымі прадстаўнікамі той самай суполкі” – Бахарэвіч год таму абараняў Лазуткіна, а нядаўна не вельмі захоплена выказаўся пра Алексіевіч у нейкай калонцы.

    Дык хто тут кідаецца какашкамі, калі не Марціновіч у Бахарэвіча? Заадно яшчэ, для накідвання на вентылятар, згадваючы “дыскрымінацыйны скандал”, які гарантавана прыцягвае аўдыторыю!

    Калонка – вельмі зручны жанр: пішаш усялякую лухту – а за яе яшчэ і плацяць. І інфармацыю не трэба правяраць, як шараговаму журналісту. Ганьба, спадар Віктар! Вы неблагі пісьменнік, але эфект ад кніг нязменна нівелюецца тандэтнымі публічнымі выказваннямі, якія з году ў год робяцца ўсё больш неадэкватнымі.

    Згодная з Ігарам Крэбсам: у інтэрнэце назірала толькі аднадушную радасць за Нобель Святланы Алексіевіч. Выснова, што існуюць “некаторыя недабразычліўцы” перабольшаная менавіта такімі аўтарамі, як Віктар.

    Спадарства, можа пакінем подленькую практыку “не называць імёнаў”?

    • Сарачка Бернар says:

      Эмачка, калі вы пра тое, што Бахарэвіч напісаў фанфік па слядах “Мовы”, дык усе гэта заўважылі, як заўважылі і тое, што відачона другасны ў параўнанні з “Мовай” твор атрымаў нешта на Гедройцы. Вы вельмі хацелі, каб ён перамог. Вы нават накідалі на беднага старога Казько. А Марціновіча вы паспрабавалі вывесці па-за кантэкст беларускай прозы, і гэта было смешна. Але, калі глядзець збоку, творы – не супастаўляльныя. Розгалас выклікалі не супастаўляльны. І, калі вам так не зразумелыя прозвішчы, што ж вы пачалі ўпікаць Віктара ў тым, што ён зайздросціць Альгерду? Можа хопіць рабіць выгляд, што не разумееце, пра што аўтар напісаў тут? Уся Сець разумее, а вы не разумееце? Альгерду не варта было гнаць на Алексіевіч. Чарнякевічу не варта было пісаць зневажальную рэцэнзію на “Час Сэканд Хэнд”. Вы пацярпелі паразу і спробы сказаць, што ўжо і Нобель не той толькі гэтую паразу падкрэсліваюць.

  3. Віктар Марціновіч says:

    Вельмі цікава, да каго зайздрасць, даражэнькі Ананіме! Да тых, хто дэ-беларусізуе Алексіевіч? Не смяшыце – дзе я, дзе – яны? Да Алексіевіч? І так зараз выглядае зайздрасць? Як імкненне дапамагчы таму, на каго палююць?

  4. Зьміцер says:

    Ігар, не накідвайцеся на Віктара з імпэтам, вартым лепшага выкарыстання. Дайце сабе рады падумаць пра простае і відавочнае – пра рознасць кантэнтаў сацыяльных сетак адпаведна рознасці асяродкаў камунікацый, напрыклад. Калі гэта складана – перад ускрыццём і выкрыццём дзеля рытуалу запытайцеся ў аўтара, што ж менавіта так яго абурыла? Ну ці пагугліце хаця б, інакш вы выгдядаеце на чалавека, для якога сусліка не існуе біялагічна. )))

  5. Віктар Марціновіч says:

    +1!

    • З задавальненнем карыстаюся ухваленай Вамі парадай і пытаю: што ж менавіта Вас так абурыла?

  6. Sotnieks says:

    Каб культура – і народ у цэлым – пазбавіліся правінцыйнасці і інфантылізму, трэба перастаць чакаць іншаземнага прызнання і танчыць штораз, калі заходнія паны за нешта пахвалілі. А гэтак пакуль пастаянна робяць калгаснік Лукашэнка і калгаснік Марціновіч.
    ;)
    Трэба перастаць гандляваць сабой і перастаць спадзявацца на ўвагу іншаземных карпарацый.
    Тое, што робіцца на продаж, тое ніколі не будзе шчырым і прасякнутым жывым болем. Будзь то кнігі, артыкулы, музыка ці што яшчэ.

    Нобелеўская прэмія – чыста палітычны праект, пакліканы вылучаць “сваіх” і “не сваіх”. Прэмія Алексіевіч – ВЫРАЗНА палітычны крок.

    • Зьміцер says:

      Да-да-да! Канечне і менавіта! Беларусь – гэта такі забалочаны востраў пасярод вялікай ўсясветнай багны, больш нічога не існуе ні на Зямлі, ні ў… А ці існуе Зямля?!! Ёсць вэрсія, што існуе толькі Беларусь, у якой жыве толькі ананімнае Sotnieks, а ўсё астатняе – плод ягонага ўяўлення. Ды й Беларусь таксама. ))) Жгі яшчэ, дарагі Sotnieks, ты прыўкрасны!)))

      • Sotnieks says:

        Неананімнае “Зьміцер”,
        а што замінае стварыць беларускую прэмію, якую раздаваць дзеячам культуры і навукі з усяго свету? За заслугі перад Беларусяй. ;)

        Навакольны свет ёсць. Толькі халуйстваваць перад ім не трэба. Пра заняпад культуры пры выстаўленні яе на камерцыйныя рэйкі мы ведаем менавіта з… заходняга досведу.

  7. Уладзімір says:

    Ну вось ён і “бульбасрач” як ёсць…. ))) Ad maximum…. ))) Але мне хацелася б даць пытаньне ўсім, абсалютна ўсім (у тым ліку і С.Алексіевіч): як скарыстаць атрыманага Нобеля дзеля пашырэньня менавіта беларускай мовы? Пашырэньня, а не прымусовага ўвядзеньня!

  8. alenaizjum says:

    Вартыя словы. Я таксама цешуся і радуюся. І не разумею, як нават такая падзея можа стаць нагодай для срачу

  9. Цитирую по ссылке
    https://www.facebook.com/photo.php?fbid=10203800887021028&l=33a13c4b31

    Если бы ШВЕДСКИЕ АКАДЕМИКИ своим выбором «лауреата секонд хенд» не крикнули НАМ на наши кухни, площади и подворотни примерно следующее:

    «Люди вы или скоты, в конце концов! Что мешает Вам, имея перед глазами ЭТОТ пример, ДАТЬ ОЦЕНКУ самому себе тогдашнему? Не Вы ли продали и пропили НАДЕЖДУ, которая проснулась в душах у миллионов «советских» людей в конце 80-х и в начале 90-ых? Неужели Вы и теперь, прожив «никак» эти 20 лет, не понимаете, что к упущенной тогда возможности ЗАСТАВИТ нас всех вернуться «Исламское Государство», но какой ценой ?(!*)»

    Здесь редкая запись интервью с Алексиевич четверть века назад – с 27 по 54 минуту
    https://www.youtube.com/watch?v=IkZ6rnsD5PM

    #нобельнаш
    #позорилидозор

  10. Marina says:

    у загалоўку памылка: правільна – цешуся З гэтай прэміі (або радуюся гэтай прэміі)

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика