This movie requires Flash Player 9
05.01.2016 | "Культурызм" з Віктарам Марціновічам

Віктар Марціновіч: Экстрэмальны тэст на добрыя манеры

Ніколі не адкладайце набыццё навагодніх падарункаў на вечар 31 снежня. Праз збег абставін непераадольнай сілы аўтар апынуўся за стырном у той час, калі ўсе прыстойныя людзі ўжо слухалі па тэлеку песню «Мне нраіцца, што вы бальны не мной», а рытуальны кінафільм «Іронія лёсу» пераваліў за другую палову.

Я ж быў у зоне аўтаспаборніцтва, да якой пасля 16.00 31-га можна аднесці дарогу любога беларускага горада. Вечарэла. Падаў сняжок, які не раставаў пад коламі – Новы год святкуюць не толькі людзі, але і дарожныя службы. На праспектах ішоў апошні этап зімовай гонкі Need For Speed Hot Pursuit, пабітыя тачкі сустракаліся праз кожныя 300 метраў. Кіроўцы былі заведзеныя да апошняй ступені азвярэння – гэта калі паласа руху мяняецца не тады, калі гэта патрэбна, а тады, калі гэта тэхнічна магчыма – то бок калі ёсць прагаліна ў патоку. Рэзкае перастраенне на слізгаце, буксаванне, бах – яшчэ адзін радок дарогі выключаны! Нічога добрага на фінішы такія паводзіны мінчукоў не абяцалі. Бо калі такая цьма людзей так ірвецца некуды ў адзін бок з табой, ёсць шанец, што вы едзеце ў адно і тое ж месца. І там вайна працягнецца.

І вось фінальны пункт маршруту. Месца, дзе можна набыць падарункі.

Залятаю ў залу. Людзей шмат. Працуе дзве касы. Дзве! Але ля іх – толькі па два чалавекі. Астатнія соўгаюцца ля вітрын і, падобна, яшчэ не вызначыліся з пакупкамі. Паспеў! Вопытным вокам халерыка, які не любіць чэргі, як кот не любіць чакаць ежы, вызначаю найбольш хуткую і прыстройваюся да яе. Два чалавекі. Хлопец і дзяўчына. Магчыма, яны пара. Магчыма, яны пойдуць разам.

І тут да мяне ззаду падрульвае гэткі братэла ў ружовай шапцы з трусінымі вушкамі. Па-за межамі гоп-стоп-культуры гэтая шапка сведчыць пра тое, што ў яе ўладальніка добры настрой і незласлівы характар. Але ў раёнах-кварталах, сярод ваяроў духу з вазелінам на касцях кулакоў яна прыкмета таго, што бык, які яе нацягнуў, настолькі круты, што нічога ўжо ў сваім жыцці не баіцца. Нават кпінаў іншых пацаноў, якім за жартачкі пра парасячыя вушы на сваім галаўным уборы адразу разаб’е мардас. І любы навокал гэта ведае і з яго не кпіць. Карацей, няпростая такая шапка.

«Не, – звяртаецца ён да мяне. – Ты не поняў. Гэта, – ён тыцнуў пальцам у дзяўчынку і хлопца перада мной, – не чарга. Вось гэта, – ён абвёў усіх людзей, якія тапталіся ў гандлёвай зале, – чарга». «У сэнсе»? – перапытаў я, не разумеючы, што гэта: нейкая новая, вытанчаная форма «завязкі» кшталту «купі цагліну» ці туземная спроба пазбавіцца канкурэнта ў чаканні. «Чарга адна, – патлумачыў ён спакойна. – Я ў ёй апошні. Калі вызваляецца каса – яны запрашаюць». І, падумаўшы, дадаў: «З Новым годам».

У ката, што чакае ежы, ёсць некалькі спосабаў паскорыць працэс. Першы і найбольш верны – пракашкіцца: г. зн. падыйсці да гаспадара, пацерціся спінай, паваркатаць, нагадаць, што пакуль ён глядзіць тэлек ці спіць, такая вось пухнатая ды абаяльная істота літаральна адкідае капыты з галадухі. У чалавека, які апынуўся ў навагоднюю ноч у велізарнай чарзе з патрэбай набыць падарункі, таксама тэарэтычна ёсць опцыя пракашкіцца: сказаць, што яму вельмі трэба, папрасіць у спадарства прапусціць.

Звычайна кашкяць у першую чаргу мамашы з дзецьмі, старыя ды інваліды. Я, натуральна, не адношуся ні да першых, ні да другіх, ні да – пакуль не пачаў кпіць з ружовай шапкі з вушкамі – трэціх. Я пільна аглядаю залу. Я бачу ў чарзе мамку з дзяўчынкай, якія, выглядае, прыйшлі па мабільны тэлефон малодшай. Двух пенсіянераў, якія цярпліва чакаюць, калі іх паклічуць. Фатэляў у зале няма, і яны прыхіліліся да сценкі. Праз секунду ў дзверы заходзіць сівы дзядзька, які абапіраецца на кіёк.

Нечым ён падобны да братэлы ў ружовай шапцы, толькі на тэрмінальным этапе ягонага развіцця. Калі атрыманыя ў вулічных баях раны ўжо вылазяць хранічнымі захворваннямі, а пяро ў руцэ дробна дрыжыць і можа не трапіць ворагу ў гарляк. Дзядзька здымае пальчаткі, агаляючы турэмныя татухі. «Хто апошні, пажалуйста»? – пытаецца ён, гледзячы ўнутр сябе, у сваё жорсткае мінулае. Я разумею, што калі нават такія не кашкяць, здаровым, маладым ды без татух кшталту мяне прасіцца няма чаго. «Буду за вамі», – стрымана кажа ён мне і стаіць, абапіраючыся на сваю кульбу.

Вы бачылі трэйлер да «Звяропалісу», той самы, з ляніўцамі (глядзець з 22-й секунды)? Дык вось, гэтая чарга цягнецца так, быццам за канторкай – толькі ляніўцы. Тут яшчэ трэба патлумачыць рэч, якую пільны чытач і так ужо зразумеў: дзея адбываецца не на Пікадзілі, не на Пятай Авеню і не на Шанзэлізэ.

Навокал – адзін з самых nigga-раёнаў нашага мегаполіса. І вось, касірка кажа: «Наступны па чарзе», – і да яе без тлуму і пылу падыходзіць наступны. «Мама, а давай пройдзем зараз! Нам жа да дзеда трэба!» – просіцца дзяўчынка ў матулі, і тая смяецца: ну і дурасць ты сказала, маленькая!

На гадзінніку – палова шостай вечара 31-га снежня. «Іронія лёсу» падышла да моманту, калі галоўны герой вырашыў кінуць сваю маладую пазітыўную гераіню і звязаць жыццё з Барбарай Брыльскай, якая добра спявае, але, выглядае, тая яшчэ сцерва і нармальнага жыцця яму не дасць. Час уздымаць келіхі за мінулы год.

Усім вельмі трэба да хаты. Усіх вельмі чакаюць.

У зале выразна чутны электрычны гул, падобны да таго, што выдаюць высакавольтныя драты ЛЭПа. Гэта гудуць нервы тых, хто чакае. У залу заходзяць новыя людзі. «Хто апошні?» – выхавана пытаюцца яны. «Я буду крайні, спасіба», – адгукаецца «сіні» ветэран вулічных разборак. Мне робіцца сорамна. Я так не пытаўся. Я адразу пёр да касаў.

Нацыя спазнаецца ў крытычных сітуацыях. Не тады, калі разам спявае гімн ля стэлы 3 ліпеня. А 31 снежня. А палове шостай. У краме. Пад электрычны гул нерваў.

Каб гэты дзядзька з кіем папрасіўся, яго б адразу прапусцілі. Бо бачна, што ледзь стаіць. Але ён маўчыць. Маўчаць і астатнія.

А я любуюся беларусамі. «Усё. Амбец. Трэ бегчы, – выдае братэла ў ружовай шапцы. – Не паспеў. Будзеш наступным, – кажа ён мне. – А мне – вілы. Час сышоў. З Новым годам».

Сацыёлаг Дэбара Стоўн называла высновы, якія робяцца пра буйную групу на падставе адзінкавага назірання за малой яе часткай, anecdotal evidence – «смешным доказам». Я пагаджуся з ёй у тым, што нельга надзяляць дрэннымі якасцямі, атрыманымі з кароткіх назіранняў за асобнымі людзьмі, увесь народ ці нацыю. Не варта пісаць дрэннае пра беларусаў на падставе іх мітуслівых паводзін на распродажах, тым больш што маркетолагі гандлёвых сетак менавіта таго і дамагаюцца – каб людзі, прагныя да танных набыткаў, хаця б на хвілю ператварыліся ў жывёл, і гэтыя брудныя хвалі вынеслі гіпермаркет на галоўную старонку «Анлайнерчыка».

Але я думаю, што для добрых назіранняў, гісторый, якія выклікаюць у цябе гонар за сваіх суайчыннікаў, прынцып сацыялагічнай чысціні можна адкінуць.

Стаянне ў даўжэзнай чарзе пад Новы год было радыкальным тэстам на выхаванасць. І ў маіх вачах людзі, якія мяне атачалі, яго годна прайшлі.

 

Віктар Марціновіч


4 Каментаў у “Віктар Марціновіч: Экстрэмальны тэст на добрыя манеры”

  1. Ясь says:

    Віктар, можна папрасіць вас пра адну рэч?
    Вы, як пісьменьнік, маеце ўплыў на беларускую літаратуру. Словы выкарыстоўваемыя пісьменьнікамі замацоўваюцца ў слоўніках і, такім чынам, становяцца словамі літаратурнай мовы. Не маглі б вы ў сваіх аповядах болей выкарыстоўваць замест слова “той” слова “гэны” (напрыклад, на гэнай яблыні шмат яблык ці вазьмі гэны кубак). І хоць слова “гэны” не такое гнуткае як слова “той”, шкада, калі яно зьнікне з нашай мовы. Дарэчы слова “гэны” паходзіць з-пад Ашмянаў. Мая вёска знаходзіцца недалёка ад Гальшанаў, а там заўсёды кажуць “гэны, гэная, гэнае” замест “той, тая, тое”. Спадзяюся на вашае разуменьне. Дзякуй!

  2. Віктар Марціновіч says:

    Спадар Ясь, вітаю! Дзякуй за гэную параду! Буду выкарыстоўваць гэнае слова часцей. А гэта не дыялектызм?

  3. Ясь says:

    Пра дыялктызм
    http://nn.by/?c=ar&i=159091

    Калі не памыляюся вы часьцяком бавілі ў юнацтве час недзе каля Ашмяны. Думаў Вам будзе прыемна выкарыстоўваць словы з гэных месцах.

    • Віктар Марціновіч says:

      дзякуй, канечне! проста і на глушчыне гэтае слова выкарыстоўваюць. а з Ашмянамі ў мяне звязаныя самыя пяшчотныя ўспаміны…

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика