08.11.2016 | "Культурызм" з Віктарам Марціновічам

Віктар Марціновіч: Гаджэты супраць Беларусі

Некалькі месяцаў таму мне ў рукі трапіў сямідзюймавы планшэт Lenovo — дужа карысная прылада для людзей, якія шмат вандруюць. Магчымасць праверыць пошту, знайсці сябе ў незнаёмым горадзе з дапамогай GPS і нават наклацаць невялічкі тэкст. Усё гэта ў памерах, у два разы меншых за стандартны нэтбук, да таго ж амаль нічога не важыць.

Выява: adliga.com

Але вось халера — пэд катэгарычна адмаўляўся размаўляць са мной па-беларуску. Магчымасць абраць матчыну мову для ўводу прадугледжвалася, але беларускай у меню не было. У пэўны момант я задаўся пытаннем: дык а чаму нават з экрана гаджэта мне ўвесь час нагадваюць, што мова нашая не ўсімі ўспрымаецца як паўнавартасная? Не магу сказаць, што я ўджалены ў галаву пурыст, але тут упёрся і пайшоў гугліць. Высветлілася, што ў наяўнай версіі прашыўкі Android можна ўсталяваць на пэд Lenovo ўкраінскую і нават літоўскую мову. А беларускую — ну ніяк.

У адной з хардвэрных крамак, у якой мне ўсё гэта чарговы раз пацвердзілі, я пабачыў чахол з мабільнай клавіятурай для пэду 7″. Гэта выглядала як нешта з мараў юнакоў позняга СССР — паўнавартасная qwerty, прыхаваная ў крахюткай скураной абгортцы — Караткевіч абзайздросціўся б такім магчымасцям мабільнага пісання! Але тут — тая ж трасца. Клавіятура сумяшчальная з якой заўгодна мовай, уключна з суахілі і эсперанта, але толькі не з нашай роднай. Зрабіць так, каб замест “Щ” яна выдавала “Ў”, было праграмна немагчыма. Такім чынам, клава аказалася абсалютна непрыдатнай для чалавека, які ўвесь час завязаны на тую самую “Ў”.

Можа падацца, што гэта нейкі вельмі прыватны выпадак, завязаны на русафільства Lenovo.

Але калі б так!

Старэнькі тэлефон на OS Symbian, якім я дагэтуль карыстаюся, дазваляе пісаць смскі па-ўкраінску, па-руску і па-англійску, але літары “Ў” таксама не ведае. Тое самае — маднявыя Iphone, большасць прылад на Android. Так, гэта падштурхоўвае нас да вывучэння правіл беларускай лацінкі, але ці гэта па-людску? Што гэта за народ такі, якому не падаравана ўласнай мовы для штодзённай электроннай камунікацыі?

Мы абураемся русафільству ЖЭСаў і заправак, тэлека і выканкамаў, але ніхто з гэтых суб’ектаў не можа ўплываць на нашую здольнасць выказвацца па-беларуску так, як гэта робяць гаджэты. У часы Кацярыны Вялікай краіна была тэрыторыяй, якую можна захапіць. За Бенедыктам Андэрсанам краіна звялася да даволі ўяўных паняццяў — карты, перапісу і музея, у якім дзеткам кажуць, што яны нашчадкі партызан ды ўнукі Ільіча.

Але сёння нашая штодзённая “краіна” — дэвайсы, якімі мы карыстаемся. Apple дадаў беларускую мову ў Macbook, хай сабе і з гэтым чырвона-зялёным сцяжком? Ну, дзякуй, панове, але дзе ўбудаваная ў астатнія мовы праверка арфаграфіі? Чаму для таго, каб пісаць па-беларуску на набытай за вялікія грошы прыладзе, мне трэба гадзіну танчыць з бубнам, усталёўваючы на яе Aspell (да таго ж пры карыстанні ім трэба ўручную пераключаць праверку арфаграфіі на рускую мову)?

Дый вось што самае балючае. У гэтай сітуацыі нам, беларусам, можна крыўдзіцца адно на саміх сябе!

Знаёмыя айцішнікі, якім я паспрабаваў пажаліцца на шавінізм Apple і Lenovo, патлумачылі, што ў абранні моваў, якія вартыя ці не вартыя распрацоўкі для падтрымкі на новых прыладах, карпарацыі кіруюцца такой простай рэччу, як колькасць штодзённых запытаў у Google на гэтых мовах. І таму гэтая мая чалавечая логіка кшталту “літоўцаў жа ўсяго 2 мільёны, чаму яны маюць уласную мову на ўсіх электронных прыладах, а мы, беларусы, якіх дзесяць мільёнаў, — не?”, дык вось, гэтая логіка тут ні разу не працуе. Рэч не ў пашпарце. Рэч у практыцы.

Бо, дарагія мае сябры, насамрэч нас не дзесяць мільёнаў. Нас, носьбітаў беларускай пісьмовасці, на якіх варта (ці не варта) азірацца карпарацыям, — роўна столькі, колькі карыстальнікаў, якія штодзённа камунікуюць на роднай мове у сеціве. І — статыстыкі Google я не бачыў, бо не здольны за яе заплаціць — зыходзячы з карпаратыўных стратэгій, нас менш за два мільёны літоўцаў. І пакуль будзе так — мова застанецца толькі фрагментам рэкламнай адметнасці Samsung, але не вымушанай дадзенасцю любой канторы, якая сунулася на нашую зямлю. Для Apple, Lenovo і Google мы — рускія, бо пішам і чытаем па-руску. Вось і ўсё!

З гэтай сітуацыі ёсць два выхады. Першы, наіўна-дуракаваты, у стылістыцы рамантычных дзевяностых, палягаў бы ў закліку да ўсіх шчырых беларусаў як мінімум раз на дзень пытацца ў Google што-небудзь на роднай мове. Але колькасць людзей, які пра гэты флэшмоб даведаецца, статыстычна меншая за сацыялагічную папраўку.

Таму заходзіць варта не з bottom-up, а з top down.

Бо само тое, што мы можам карыстацца праверкай беларускай арфаграфіі ў Open Office пад Windows (fi donc to Microsoft Word!!), гэтаксама як і наяўнасць беларускамоўнай Wiki, і адразу двух правапісаў у Aspell для Mac, з’яўляецца вынікам працы неабыякавых адзінак. Менавіта гэтыя людзі, якія з уласнай ініцыятывы і без усякіх грошай пашыраюць межы існавання лічбавай Беларусі, прывялі да таго, што мова на гаджэтах у прынцыпе існуе. Без іх было б зусім дрэнна, бо як можна запытацца ў Google па-беларуску, калі гэтай мовы няма ў тваёй прыладзе? Дый што запытвацца, калі энцыклапедыя на ёй адсутнічае ў прыродзе?

Гэтыя небезуважныя місіянеры робяць працу, якая, з улікам спецыфікі нашай медыйнай эпохі, можа быць параўнаная з працай першых нацыянальных паэтаў. Тыя адраджалі слова, фіксавалі яго ў пісанай традыцыі, занатоўвалі вершы, па якіх пазней складаўся нарматыў, гэтыя падштурхоўваюць да карыстання мовай цэлую краіну…

Эпоха, у якую нам выпала прачнуцца, — гэта час не пачуццяў, гэта час алгарытму.

Мовы легалізуюцца і ўводзяцца ў масавы дыгітальны ўжытак па тых жа прынцыпах, па якіх Фэйсбук маўкліва дадае сіх-тых карыстальнікаў у бан-лісты. Гэта свет Скайнэту, у якім Джон Конар можа хіба што апратэставаць вырак, вынесены Siri на падставе пошукавых запытаў і геаграфіі наведаных сайтаў. Перамагчы ў свеце алгарытмаў можна толькі статыстыкай. Нас мусіць зрабіцца болей, інакш Скайнэт вымушаны будзе прыпыніць нашую культуру з мэтай аптымізацыі выдаткаў.

 

 

Віктар Марціновіч


17 Каментаў у “Віктар Марціновіч: Гаджэты супраць Беларусі”

  1. Міхал з далека says:

    А чаго хацець ад беларусаў, якія не здольныя самастойна свабодна перайсьці на беларускую, калі аўтар, “матчынай мовай” пішучы, разважанні аб нейкіх “прыватных выпадках”. Што гэта за “прыватнасьці” такія? Сынонімы “прыватнага” — “непублічны”, “уласны”. Дык што аўтар сказаць хацеў? Што не валодае беларускай на ўзроўні, які б дазволіў адрозьніваць значэньні расейскага слова “частный”? Так і да “нырак на дрэвах” можна дайсьці.

    • Niescierka says:

      А вы, Міхал, не чапляйцеся да такіх дробязяў, беларуская мова, урэшце, варыятыўная. Ды і выкарыстоўваць сінонімам да “непрыватны” — “непублічны”, па-мойму, глупства. Слова “асобны” тут значна больш сінанімічнае.

      • Міхал з далека says:

        У тым і рэч, што выпадкі могуць быць “асобныя”, але ў жодным разе не “прыватныя”. Гэта не варыятыўнасьць. Расейскаму слову “частный” адпавядае ангельскае “private” – “прыватны, ўласны, непублічны”. А яшчэ “particular” – “асобны, канкрэтны, акрэсьлены, спэцыфчныі”. Блытаць такія простыя рэчы – гэта як не разумець, чаму на дрэвах “пупышкі”, а ў чалавека “ныркі”: ўсё адно ж “почки”!

    • Віктар Марціновіч says:

      А вы не інакш Інстытут мовазнаўства Акадэміі навук і вашыя катэгарычныя заключэнні маюць вагу законаў?

  2. Міхал з далека says:

    Асобная падзяка за “дзюймы” замест “цаляў”, “ведаць” замест “знаць”. А калі нейкае там выданьне Андроіда не дазваляе ў наладках клявіятуры абраць беларускую, варта заінсталяваць сабе хоць бы MultiLing. Там беларуская 100% е.

    • Renessaince says:

      Ага, ня ведаў пра «дзюймы» да гэтага опусу.

    • Віктар Марціновіч says:

      перачытайце тэкст, размова ідзе не пра мову ўводу, а пра мову меню: прылад, у якіх яна ёсць – адзінкі (пераважна Самсунг). Вашае змаганне за моўны пурызм – нейкае смешненькае вучнёўства. Пра дзюймы скажыце Караткевічу. На мову месяц назад перайшлі пасля курсаў Мова нанова?

      • Міхал з далека says:

        А я не спрачаюся адносна агульнага стану беларушчыны і яе пазыцый у грамадстве і краіне. Мала таго, на Беларусі быць беларускамоўным абсалютна некамфортна. Кожная адмова вытворцы пісаць на сваёй прадукцыі па-беларуску гэта плявок у твар усяму беларускаму. А проч вытворцаў е дзяржава, якая прымушае карыстацца расейшчынай ва ўсіх інструкцыях, фармулярах, справаздачах, у заканадаўстве.
        Але, існа, гаворка аб іншым. Аб тым, што мы маем права карыстацца беларускамоўным апраграмаваньнем. Незалежна ад таго, колькі цаляў мае экран смартфона чы пляншэткі. І, анягож, чытаць па-нашаму. Без брыдкіх “дзюймаў” і “прыватнасьцяў” таксама. Гэта не пурызм, гэта крытыка непатрэбных і дурных малпаваньняў, якія толькі псуюць уражаньне і выдаюць невялічкія слоўныя засобы. Гэта барацьба з русыфікацыяй. Альбо мы маем мову, альбо гэта албанскей йазыг. З “астаноўкамі”, “вадзіцелямі”, “атрадамі” і г.д.
        Што ж да Караткевіча, то да яго спачатку трэ дарасьці ды й арыентавацца, мусіць, не на ягоныя запазычаньні, а на моўнае багацьцё ды артыстызм.
        Курсы – не, дзякуй, не патрабую і не хадзіў.
        Я і без іх знаю, між іншым, што трэ казаць “рэшта” замест “астатніх”, бо “рэшта” гэта не толькі “сдача” ў краме.

  3. Windows Phone з версіі 8.1 мае цалкам беларускамоўны інтэрфейс і клавіятуру

  4. Ігар says:

    На тэлефонах на Windows 10 нашая мова прысутнічае. Усе ўбудаваныя аплеты маюць беларускія адпаведнікі. ☺

  5. Мікалай says:

    Не бярыце да галавы гэтыя заўвагі, што да правільнасці мовы. Праз іхную неканструктыўнасць яны дужа папулярныя ў пэўнай публікі. Вядома, можна было б напісаць па-руску і перакласці тым жа гугл-транслейтам, і не было б дзюймаў. Былі б другія памылкі. Усё ведаць немагчыма, а бездакорная мова, пры такім раскладзе, толькі ў тых, хто маўчыць. Хоць я і сам раблю заўвагі, мабыць, іменна ў гэты момант я і памыляюся. Магчыма, яшчэ больш памыляюся, калі саромеюся сказаць па-свойску. Што яшчэ… Той, хто з’едлівыя заўвагі лічыць “барацьбой з русіфікацыяй”, не палку перагінае, а займаецца давядзеннем да абсурду самой ідэі моўнай нормы.

    • Міхал з далека says:

      Маю аднаго знаёмага, што жыве ў Індыі. З бацькамі туды ў дзяцінстве пераехаў з Ерэвану. Дык распавядаў – прыехаў, аднойчы на Радзіму, прыйшоў да сваёй музычнай школы і хацеў даведацца, ці працуе яшчэ “паронугі” такая там. Хай будзе Астгік. А яго абурана так папраўляюць – не “паронугі Астгік”, а Астгік Амаякаўна. Хлопец дзівіцца – мала таго, што зварот праз імя па бацьку для армян не ўласьцівы, дык яшчэ й расейскай моваю. Алеж вось.
      Наракаў – маўляў, дасядзеліся талерантненька пад венікам да таго, што можна грэбаваць роднымі словамі на карысьць расейскіх ды яшчэ адбрэхвацца, пхаючы на сілу брыдкія, штучныя і безглуздыя русызмы.
      Як у беларусаў, непраўдаж?

  6. Максім says:

    Насамрэч Google патроху перакладае інтэрфейс Android на беларускую. Цалкам перакладзены прыкладанні “Каляндар”, “Гадзіннік”, Google drive, Google docs (табліцы, слайды, дакументы), часткова перакладзены прыкладанні Google Play (кнігі, фільмы, музыка, гульні). Некаторыя праграмы ад іншых распрацоўшчыкаў таксама маюць беларускамоўны інтэрфейс. Каб пабачыць усё гэта, трэба уключыць беларускую лакаль на смартфоне. Тут пра гэта падрабязней: http://nn.by/?c=ar&i=134860

    • Максім says:

      Таксама існуе суполка аматарскага перакладу CyanogenMod, але там, здаецца, выкарыстоўваюць клясычны правапіс: https://vk.com/android_be

  7. Віктар Марціновіч says:

    пры гэтым (буду рады памыліцца!!!) у майкрасафт ворд 2016 няма праверкі беларускага правапісу??

    вам не сорамна, шаноўныя?

    • Міхал з далека says:

      Няма. Толькі інтэрфэйс. Але чаго тут саромецца? Хай Мікрасофт саромеецца ды лукашысцкія ўлады, якім “дзьвюхмоўе” гэта, як той казаў, не абавязак дзьвюмя мовамі валодаць, а права не вучыць беларускую.

  8. Ясь says:

    Спадар Марціновіч! Дзякуй за артыкул. Шмат слушнага!
    Што да “дзюймаў”… У Мове напраўдзе такога слова няма. 2,54 см мае назоў ЦАЛЯ (дюйм, памаскоўску).

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика