21.03.2017 | "Культурызм" з Віктарам Марціновічам

Віктар Марціновіч: Калі спрашчаць да мовы шахмат

Партыя цягнецца ўжо 23 гады. Яна ўсё не скончыцца перамогай ці хаця б замірэннем сапернікаў. Партыя, у якой чорныя кожны шах абвяшчаюць канчатковай паразай белых, але белыя зноў і зноў вяртаюцца да гульні. Неяк вытаймоўваюць сабе прастору для манеўру.

Гэта партыя, дзе ў белых значна болей фігур на дошцы, але аднойчы высветлілася, што чорныя могуць прыбіраць варожыя пешкі і ферзі з гульні на тэрмін ад 10 сутак да 5 гадоў. І што для гэтага дастаткова толькі, каб некалькі чорных фігур засведчылі, што белыя парушылі правілы. Белых менее, на змену выбылым прыходзяць новыя, матч працягваецца.

Калі шмат белых збіраецца вакол чорнага караля, кароль пачынае хадзіць як ферзь. Ці як конь. Белыя пратэстуюць, але тут высвятляецца, што правілы для сваіх рухаў вызначаюць чорныя. Прычым са спасылкай на колішняе волевыяўленне белых. Яны сказалі, што ў іх ёсць такое паўнамоцтва і сярод белых не знайшлося тых, хто гэтае паўнамоцтва аспрэчыў бы. У сваю чаргу, чорныя асабліва пільна глядзяць, каб коні і каралі белых хадзілі як тым наканавана. Парушэнне правілаў наўпрост вядзе да зняцця са спаборніцтва. Нават калі парушэння не было, але яго нехта бачыў.

Армія белых складаецца спрэс з пешак. Часам у ліку тых пешак, якія вырашылі ісці да канца, з’яўляюцца ферзі, але чорныя прыбіраюць іх з дошкі за парушэнне, пра якое сведчаць іншыя чорныя. Армія чорных складаецца ў асноўным з афіцэраў, якія ходзяць так, як вырашаюць самі.

Белым трэба атрымаць дазвол чорных на любы свой ход. Болей за тое, узгадніць маршрут і час руху. Хады без дазволу тэарэтычна вядуць наўпрост да зняцця белай фігуры. Час ад часу чорныя даюць белым крыху падурэць. Але хутка адзываюць вольніцу.

Аднак чорныя пешкі, якія на дошцы таксама ёсць, часам змяняюць колер і пераходзяць да белых. На іх адразу пачынаюць распаўсюджвацца правілы і прынцыпы, вызначаныя для белых. Дрэнна быць белай пешкай ў гэтай партыі. Яшчэ горай і небяспечней — быць белым ферзем, бо цябе ўвесь час пільнуюць чорныя афіцэры. Белыя ферзі час ад часу бягуць за іншыя дошкі. І спрабуюць адтуль, з іншаземных тэрыторый, камандаваць партыяй.

Часам чорныя прыбіраюць з дошкі сваіх уласных пешак, каб прадэманстраваць бязлітаснасць ды жорсткасць і прыпужаць лютасцю астатніх.

Гэта гульня на час, але на кнопку гадзінніка маюць права ціснуць толькі чорныя. Прычым цэйтнот белым яны могуць зрабіць у любы момант.

Прадказальна ўзнікае пытанне пра суддзяў. Іх тут два колы.

Першае — непасрэдна за сталом, другое — у сутонні, за спінамі. Першае кола суддзяў прызначае асабіста чорны кароль. Таму —  тэарэтычна, у межах стала — ён наогул ніяк не можа пацярпець паразу. Ад гэтых суддзяў у блішчастых мантыях колеру свайго караля ніхто ўжо доўгі час нічога не чакае. Усе ведаюць, што яны не маюць літасці і асудзяць каго заўгодна за што заўгодна.

Што да тых, далёкіх, суддзяў, то іх двое. Адзін злева, другі справа. Кожны раз, калі з дошкі на суткі знікае пешка, левыя вохкаюць і прычытаюць, правыя паціраюць рукі. Кожны раз, калі белыя пужаюць армію чорнага караля сваёй колькасцю, правыя вохкаюць і прычытаюць, левыя радасна пасміхаюцца. Непасрэдна выйсці са свайго сутоння на поле гэтыя суддзі не могуць, не могуць і прыпыніць матч. Але час ад часу левы тупае сваім лакіраваным абцасікам, рэха пужае чорных афіцэраў (яны баяцца, што іх ніколі не выпусцяць з-за стала), і тыя вяртаюць белую пешку ў гульню. Кожны раз, калі ў чорных абазначаецца напружаны момант, правы суддзя падыходзіць і ўстае побач з чорным каралём, дэманструючы сваю падтрымку. Бывае і так, што правы суддзя пачынае падсуджваць белым пешкам, але левы суддзя адразу выключае чорных афіцэраў з усіх не-ўставальных-са-стала спісаў, каб толькі кантроль над усёй партыяй не пераходзіў да правых.

Як бачна, правы сутонны суддзя глабальна не за белых і не за чорных, проста з чорнымі яго звязвае доўгая гісторыя судзейства, а як сябе павядуць белыя, калі прыйдуць да панавання на дошцы, незразумела. Мара правага суддзі — каб на дошцы засталіся адно чорныя фігуры. Ці адно белыя. Але ўсё было зразумела, усё кантралявалася справа, а левы суддзя проста пайшоў бы з залы. Мэта левага суддзі больш складаная. Раней здавалася, што ён таксама каштоўнасна за белых. Што ён заўсёды будзе супраць, калі пешку выдаляюць на 15 сутак. Але высвятляецца, што ён, як і правы, — за стабільнасць, адсутнасць Майдану (за суседнім сталом гульцы пабіліся дошкамі, шчэпкамі зачапіла сутонных суддзяў). І ягоная прыхаваная мара — каб правы суддзя не бурэў. Бо ён, здаецца, нападпітку і настроены на махач.

Ходзяць плёткі, што ад правага суддзі залежыць напружанне ў лямпе, што вісіць над сталом. Калі ён моцна пакрыўдзіцца, электрычнасці не стане і дошку скрадуць. Што можа даць левы суддзя, акрамя забароны на ўставанне са стала ў шэнгенскім напрамку — не вельмі зразумела. Але шэпчуцца пра нейкія грошы.

Чорнымі кіруе адзін кароль. У белых права прыняцця рашэння мае кожная фігура. Пешкі ўвесь час сварацца паміж сабой. Болей за тое, справа шэпчуцца, што шмат якія з іх заключылі пагадненне з чорнымі і патаемна працуюць на варожага караля. І калі нехта з пешачнай шляхты згуртоўваецца і пачынае адбудоўваць стратэгію наступу, шэрыя ўносяць хаос, абзываючы разумнікаў радыкаламі ці правакатарамі (ці агентамі чорных).

Стратэгія чорнага караля агорнутая таямніцай і часам болей нагадвае тактыку. Магчыма, з такім наборам правілаў і суддзяў бліжняга кола яму наогул не патрэбная стратэгія. Стратэгія белых гучыць на ўсю залу, бо іх размовы паміж сабой запісваюцца дэманструюцца па тэлебачанні.

Выглядае, што пры такіх акалічнасцях перамагчы можна хіба што прызваўшы на дошку столькі белых фігур, каб у чорных афіцэраў проста не знайшлося б прасторы для хадоў. Але чорныя навучыліся здымаць белыя фігуры з дошкі яшчэ да таго, як яны на яе выйшлі.

Здавалася б, шанцаў у белых аніякіх. Але калі б у шахматах усё было так лёгка прадказаць, Алёхін ніколі б не перамог Капабланку ў 1926-м.

Партыя тым часам перайшла ў эндшпіль. Правы суддзя пакрысе прыглушае святло над сталом, левыя карэбаюць у малескінах новыя спісы афіцэраў, якім з-за стала не падняцца. Да дошкі з сутоння цягнуцца чужыя рукі.

Цана гэтай гульні — краіна.

Зычыць розуму ў гэтых умовах бясплённа. Розумам тут бы не перамог і Каспараў. Зычыць смеласці я не маю этычнага права.

Мая адзіная задача ў тым, каб кожны, хто рыхтуецца выйсці на дошку, дакладна ўсведамляў сапраўдны расклад у гэтай гульні.

 

Віктар Марціновіч

Увага! Меркаванне калумністаў не заўжды супадае з пазіцыяй кампаніі "Будзьма беларусамі!"

5 Каментаў у “Віктар Марціновіч: Калі спрашчаць да мовы шахмат”

  1. ВР says:

    Алёхін (насамрэч АлЕхін) не перамагаў Капабланку ў 1926-м. Гэта адбылося на год пазней.
    Увогуле атрымаўся перапеў Шэндэровіча (“Как Антошкин и Колобов играли в шахматы”).

    • Віктар Марціновіч says:

      Дзякуй за ваш камент. Разбор гэтага матчу чытаў у рускамоўным падручніку 10 гадоў назад, дзіва што наблытаў год. Алехін у ім пісаўся праз “е”, але я чамусьці прачытаў тады як “Алёхін”, асабіста з ім знаёмы не быў, перапытаць не мог. Гэтаксама ўвесь час блытаю націск у прозвішчы Жадана. Шэндэровіча пачытаў, нагадвае Ільфа з Пятровым.

  2. ВР says:

    Дзякуй за адказ. Жыццё і шахматы параўноўвалі дзясяткі аўтараў, тэма даволі заезджаная, але нейкі цымес у Вашым тэксціку ёсць. Каб яшчэ больш унутранай логікі?.. Спачатку “Армія белых складаецца спрэс з пешак”, а потым “У белых права прыняцця рашэння мае кожная фігура.” Дык ёсць, значыцца, фігуры? Ну, напісалі б “…пераважна з пешак” :)
    Камент парадаваў тым, што Вы, здаецца, навучыліся прызнаваць свае памылкі :) “Алёхін”, дарэчы, многія кажуць і пішуць – інэрцыя савецкага часу.

  3. Віктар Марціновіч says:

    Я магу блытацца ў тэрміналогіі, але пешка хіба не фігура? Я сапраўды гэтага не ведаў!

    • ВР says:

      Так, тут ёсць нюанс. Калі ідзецца пра статыку, то пешкі лічацца фігурамі з агульнага камплекта. Калі пра дынаміку, гульню – а ў Вашым тэксце менавіта гэты выпадак – то праводзіцца адрозненне паміж пешкамі і фігурамі (pawns and pieces). Больш падрабязна гл. “Terminology” тут: https://en.wikipedia.org/wiki/Chess_piece

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика