This movie requires Flash Player 9
21.02.2017 | "Культурызм" з Віктарам Марціновічам

Віктар Марціновіч: Кнут і пернік

Калі я яшчэ не ведаў, як чытаць, Гамсун быў для мяне кніжкай з маркотнай вокладкай у бацькоўскай шафе. Калі вучыўся — чытаць пісьменніка з карэйскім прозвішчам (Кнут Самсунг) з бацькоўскай шафы не цягнула. Пазней, калі я даведаўся пра яго захапленне Гітлерам і трыбунал за падтрымку фашыстаў, нецікаўнасць змянілася антыпатыяй. Яшчэ пазней і ўжо ў Стакгольме мне нашапталі, што рашэнне істотна падвысіць мінімальны ўзрост для лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі было прынятае ў тым ліку праз нечаканую выхадку лаўрэата 1920-га года (хто ж мог ведаць, што праз 15 гадоў пасля ўганаравання Гамсун засімпатызуецца з гітлераўцамі).

Такім чынам, навіна пра тое, што «Голад» Гамсуна пераклалі на нашу матчыну, была ўспрынятая мной прыкладна так: «чарговая маркотная хрэнь цяпер яшчэ і па-беларуску». Чытаць я засеў толькі таму, што лічу: кожнаму тэксту варта даваць шанец, кожнаму.

Ну, і трэба сказаць, што «Голад» у перакладзе Лявона Баршчэўскага ўштырыў вокамгненна. Па-першае, Баршчэўскі — вельмі добры праваднік замежнай прыгажосці ў беларускую культуру. Памятаю адзіную нашу сустрэчу шмат гадоў таму, калі спадар Лявон спакойна зазначаў, што перакладае з дваццаці з нечым моваў і я разумеў, што перада мной — сапраўдны чарадзей, казачная істота са звышздольнасцямі. Не ведаю, хто мяне ўражвае болей, Супермэн ці Баршчэўскі. Бо, ведаеце, рэпы гаўнюкам выбіваць любы дурань зможа. А ты паспрабуй перакласці з нарвежскай цэлы раман, спадар Бэн Афлек!

 

Глядзі таксама:

 

 

Але вось што: чытаць пераклады Баршчэўскага — значыць не толькі знаёміцца з замежнай літаратурай, але і ўзбагачаць уласную беларускую мову. Бо, бывае, сустракаюцца ў вакабуляры перакладчыка сапраўдныя лексічныя перліны, сувымерныя з Караткевічавым «ізюбрам» ці «бабздыром». Але не буду вам псаваць асалоду цытаваннем (у літаратуры «спойлер» — гэта не толькі пра сюжэт, але і пра мову, на якой сюжэт выпісаны). Скажу толькі, што ніколі да «Голаду» не ведаў, што жаданне пажэрці можа быць настолькі кінематаграфічным. Увесь раман наратар змагаецца з галечай: бадзяецца па Хрысціяніі, галадае, спрабуе зарабіць газетнымі артыкуламі, выношвае напалеонаўскія планы напісаць п’есу ці бэстселер і ўзбагаціцца настолькі, каб есці можна было прынамсі хаця б кожны дзень — карацей, будні сённяшняга празаіка! І вось праз нечаканасць метафары, праз свежасць параўнання ад «Голаду» не адарвацца. Адзіны ў рамане момант, у які герою выпадае насыціцца, апісаны так: ён адчуў такі спакой і такую стому, быццам толькі што перастаў румзаць, быццам плакаў і спыніўся. Нечакана! Але любы, каму выпадала не паесці двое сутак, а потым заглынуць добры стэйк, пазнае гэтае пачуццё!

Але галоўнае ў кніжачцы, якая на мінулым тыдні з’явілася ў продажы, — зусім не «Голад». Галоўнае тут — раман «Пан», пераклад якога быў выкананы Лідыяй Ёхансэн. «Пан» — гэта найлепшае выказванне пра каханне, з якім я пазнаёміўся за апошні год. З першых старонак апавядальнік заводзіць цябе ў невялічкую лясную хаціну на ўзбярэжжы, дзе мудра ды нетаропка бавіць свае дні. Згадка пра прысланую па пошце мілую ягонаму сэрцу рэч, аповед пра сабаку, з якім ён разам хадзіў на паляванне, і раптоўнае прастадушнае прызнанне, што сабаку таго ён застрэліў. Забойства сабакі — пры тым, што па інтанацыі бачна, як сябраваў расказчык з сабакам, робіцца сюжэтным кручком, на які нанізвае Гамсун чытача. Дачытаў да сабакі — ужо не злезеш, таямніца адкрыецца толькі ў самым канцы, дзе забіты сабака будзе найменшым з вар’яцтваў, якое здзейсніць герой праз хваравітае каханне да не менш хваравітай (дзюбнутай на ўсю галаву, прызнаемся!) дзяўчыны.

Я не ведаю, якім чалавекам быў Гамсун, але героі ў яго дурнаватыя. У «Голадзе» блізкі да смерці праз зняможанасць пісьменнік увесь час аддае апошнія медзякі тым, каму, як яму падаецца, яны патрэбныя больш, чым яму. І на нейкім этапе хочацца схапіць небараку за руку, правесці яго ў пякарню і набыць яму вялікі бялюткі батон. Ягоны страўнік не прымае ежу, яго выкідваюць з кватэры, ён ледзь ходзіць, але не можа думаць пра сябе, не можа. І гэта не гуманізм, гэта лядашчая хваравітасць.

У «Пане» пастаральны свет героя (уступ нагадаў мне апавяданне «Былі ў мяне мядзведзі» таго ж Караткевіча) ірвецца на часткі гарэзлівай крэйзі, падобнай на Харлі Квін з «Атрада самазабойцаў». Магчыма, у гэтых віхлястых характарах, пашморганых чалавечых апалках, да нас прыходзіць сам Кнут (і тады ягоныя заляцанні з Гітлерам можна ўспрымаць як артыстычную дурату, як апошнія экзатычныя знаёмствы Сяргея Курохіна, якія таксама шмат хто ўспрыняў занадта усур’ёз). А можа быць і так, што скубеныя героі Гамсуна — гэта жменя дэманаў, якіх ён выпускаў з сябе, калі жадаў аддацца літаратурнай мроі.

Калі я толькі пабачыў Эдварду ў тэксце, я падумаў, што Глану трэба трымацца ад лаліткі як мага далей. Адчуў, дарэчы, гэта і сам Глан. Але менавіта такія нас заўсёды і вабяць, ці не так? З пазнакай чэрапа на крыльцах. Як і любы іншы чытач, я некалькі разоў падманваўся паводзінамі жорсткасэрднай малышкі: канчаткова ўсё зрабілася зразумелым прыкладна ў той момант, калі Глан, раскудлачаны рэўнасцю, злосцю ад дэфіцыту павагі каханай ды яшчэ шмат чым, кінуў у мора адну яе рэч. Ягоныя (і яе!) паводзіны робяцца ўсё больш дзікунскімі, кульгавы доктар, які спрабуе «дыягнаставаць» ды «патлумачыць» Эдварду, сам даўно хварэе на залежнасць ад яе. І вось увесь гэты эмацыйны бестыярый, сувымерны з «Ідыётам» Дастаеўскага, выбудаваны на якіх ста старонках! І нават Настасся Філіпаўна тут болей шыбзданутая!

У момант, калі наратар усё ж забівае свайго сабаку, свайго Эзопа, ты ўжо настолькі загіпнатызаваны скажоным і вар’яцкім светам, які стварае вакол сябе крэйзі, што амаль ухваляеш гэты крок. А што ён яшчэ мог зрабіць? Шмат хто ў прозе спрабаваў апісваць наступ шалу на свядомасць героя, але ніхто да Гамсуна не здольны быў акуратненька прыводзіць у вар’яцкі стан спажыўцоў свайго тэксту.

І яшчэ раз хочацца падкрэсліць наратыўную дакладнасць Гамсуна. Тамілка, якую ад няма чаго рабіць закахаў у сябе Глан пасля забойства сабакі і разбягання з Эдвардай, мусіла мець нейкую выразную хібу, каб ніхто не дапусціў, што наш бядак, заціснуты ў каланіяльнай Індыі, можа сапраўды любіць і быць прывязаны да гэтай неда-Эдварды. І вось, неда-Эдварда… увесь час нешта жуе. «Ты ўвесь час нешта жуеш», — без асаблівай грэблівасці кажа ёй Глан. Дзяўчына перастае жаваць, што прыводзіць у шал іншага мужчыну, для якога Эдварда — яна. Зерне кінутае ў глебу. Пачакайце — будзе кроў.

Вар’яцкая ірацыянальная падкладка кахання апісаная тут нібы ў медыцынскай карце. Праз кароткасць тэксту кожная дэталь як бы павялічаная ў памерах. Хочаце зразумець, як з Ёй (з Ім) разбегчыся, як зрабіць, каб Яна (Ён) не свідраваў вашае сэрца — прачытайце Кнута. Добрая беларуская мова будзе пернікам да горкіх лекаў пазнавання.

Вельмі добра, што пачаўся працэс адаптацыі сусветнай класікі беларускай мовай. Вельмі добра, што гэта робяць майстравітыя перакладчыкі (упэўнены, спадар Лявон мог бы перакласці ўсіх нобелеўскіх лаўрэатаў самастойна, з усіх іхных моваў, каб толькі часу хапіла!). Але самае цудоўнае — тое, што ў беларускую культурную прастору прыходзяць такія этапныя, значныя тэксты, як «Голад» і «Пан» Кнута Гамсуна.

 

Віктар Марціновіч, budzma.by

 

 

 

 

 


Адзін каментар у “Віктар Марціновіч: Кнут і пернік”

  1. выдавецтва "Янушкевіч" says:

    Набывайце кнігу ў нашай інтэрнэт-краме https://januskevic.by/catalog/mast_lit/3462/

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика