This movie requires Flash Player 9
26.01.2016 | "Культурызм" з Віктарам Марціновічам

Віктар Марціновіч: Найлепшая чытанка на цёмныя часы

Калі вы шчасліва закаханыя, вам варта чытаць Купалу, Талстога, Гётэ, Кавабату ды Сэлінджэра. Калі вам не адказваюць на пачуцці, вашыя аўтары — Бегбедэр, Мілер, Памук, Бадлер, Шэкспір, Багдановіч, Чэхаў і, хм, Місіма. Ёсць кнігі, якія дапамогуць пераадолець страту блізкага і страту сэнсу жыцця, зубны боль і ліньку любімага ката. Раманы, якія варта чытаць перад вандроўкай і пасля таго, як вы вырашылі ніколі з яе не вяртацца.

Ёсць свае кніжкі і на часы крызісаў. Вось тут Павал Свярдлоў пералічвае прыкметы таго, што 1990-я вяртаюцца ў Беларусь. У рускай літаратуры дзевяностыя вычарпальна намаляваныя ў «Чапаеве і Пустаце» Віктара Пялевіна. Пасля гэтага — ні дадаць, ні прыбраць. Пра найлепшую кніжку для чытання ў сітуацыі, калі даляр за дзень скача на 5%, а пра масавыя затрымкі заробкаў на Віцебшчыне паведамляе ўжо нават «БелТА», я распавяду вам зараз.

«Спачатку была цемра» Барыса Пятровіча — кніга, у якой скрыгат пікіруючай краіны чутны за асабістымі перажываннямі героя значна горш, чым, напрыклад, у «Чорным абеліску» Рэмарка. Гэта кніжка не пра палітыку і не пра эканоміку, гэта кніжка пра чалавека і ягоную асабістую трагедыю. Якая, тым не менш, магчымая толькі ў нашай з вамі краіне. І толькі ў тыя часы, якія імкліва вяртаюцца. Надрукаваная ў 2013-м, «Спачатку была цемра» пісалася 16 гадоў. І тут — адно з прыкметных адрозненняў пісьменніцкай генерацыі, якую прадстаўляе спадар Барыс, ад той, да якой належу я. Сёння так удумліва і пільна больш не пішуць. Сёння, калі сюжэт не кладзецца на паперу за тры-пяць гадоў, ад яго адмаўляюцца назаўсёды. Караткевічаў руплівы выраз «трэба церабіць сваю сцежку» не прыдатны для твораў маладых беларускіх празаікаў, раман якіх выспявае хутчэй, чым раней друкаваўся падрыхтаваны рукапіс. І гэта не дрэнна, гэта проста іншая хуткасць, якая адразу бачная па тэксце. У Пятровіча ён завершаны і дашліфаваны, змешчаны за крыштальнай вітрынай вечнасці.

Дык вось, уявіце сабе тэкст, які пачынаў стварацца ў 1995-м, а скончаны быў у 2011-м. Тэкст, у якім расказваецца ў тым ліку пра будучыню Беларусі, у якую герой спрабуе зазірнуць з 1990-х. Так наіўныя спадзяванні аўтара-наратара з 1995 абсякаюцца пасталелым аўтарам-наратарам з 2011-га. Адсюль — вельмі спецыфічны тып песімізму, якім прасякнуты сюжэт. Апісаць яго цяжка, лепей згадайма анекдот пра тое, што песіміст ёсць добра інфармаваным аптымістам.

Найлепшыя рэцэнзіі — тыя, што апавядаюць нам пра культурны артэфакт, не пераказваючы. Але ў дадзеным выпадку без спойлераў не абысціся. У пачатку мы бачым сцэну стараннага забойства чалавека «пацанамі», якіх прымаем за бандзюкоў, што караюць бізнесоўца. Калі ахвяра ўжо амаль не дыхае, адзін, якога завуць Славік, бразгае ёй пляшкай па галаве. Ахвяра, тым не менш, выжывае. З трупярні яе пераводзяць у аддалены шпіталь на поўдні Беларусі. Шпіталь, дзе разам змешчаныя бездапаможна хворыя, старыя і вар’яты. Пацыент ляжыць у непрытомнасці тры гады і раптам ачомваецца, прычым, па іроніі лёсу, усе клічуць яго імем, якое ён выціснуў з сябе па дарозе з моргу: «Славік». Так найменне забойцы робіцца мянушкай таго, каго той не дабіў, ахвяра ды кат вельмі па-беларуску мяняюцца месцамі. «Славік» пакрысе вучыцца хадзіць і спрабуе згадаць хаця б што, але ў памяці — цемра.

І вось ведаеце, ёсць сюжэты, якія вельмі складана разгортваць праз тое, што да халеры хто кранаў іх да цябе. І гэты паварот — з героем, які страціў прытомнасць і прыйшоў у сябе ў іншыя часы, — скразны для канца ХХ стагоддзя. Тут можна згадаць процьму раманаў, напісаных роўна пра тое ж, ад Філіпенкавага «Былога сына» да бліскучага «Моста» Ена Бэнкса. Бродскі некалі казаў, што наканаваннем сапраўднай літаратуры ёсць казаць новае пра ўжо добра нам вядомае. У гэтым сэнсе «Спачатку была цемра» — вельмі файны прыклад, бо разгортвае сітуацыю з амнезіяй з дасканаласцю буйной еўрапейскай прозы, дзе дыягнаставаны крытыкамі Пятровічаў «экзістэнцыялізм» (я ў ім няпэўны!) мяжуе з хараством Маркесавага магічнага рэалізму.

Калі «Славік» спрабуе дазнацца пра сваё мінулае ўдзень, яму пачынае невыносна балець галава. А таму адзінай крыніцай вяртання для яго з’яўляюцца сны. І гэта невыносна прыгожа: тое, як герой пакутуе, калі не можа зразумець, што ў гэтых снах — біяграфія, а што — мроі. Фрагмент, дзе «Славіку» сніцца, як ён лётае над дахамі, і ён вагаецца: гэта летуценне, ці рэальнасць, — падыходзіць у сваёй мастацкай трапнасці вельмі блізка да «Містара Вертыга» майго любімага амерыканскага аўтара Пола Остэра.

Ці вось дзяўчына: ён увесь час сніць дзяўчыну і не цяміць, была яна насамрэч ці ён яе прыдумаў, натхнёны паставай шпітальнай медсястры. Адзін з этапаў вяртання памяці вельмі іканічны: «Славік» падыходзіць да акна і бачыць над мясцовым сельсаветам бел-чырвона-белы сцяг (на двары — 1994-ы). І нешта варушыцца ў ім, бо яму прыгадваецца, што некалі за гэты сцяг ён асабіста меў праблемы, што ён змагаўся за яго ў сваім папярэднім жыцці (яго «забівалі» ў 1991-м). І гэты пробліск — ну гэта як калі б аватар Кастуся Каліноўскага раптам трапіў на курсы «Мова нанова» ў Мінску і зразумеў, што тое, за што пайшоў з папярэдняга жыцця, дагэтуль жыве…

Тым часам — выбары. Тым часам — тая самая перамога 1994-га. Герой успамінае, што звалі яго насамрэч Уладзь. І быў ён актыўным чальцом гомельскай «Талакі». Удзельнікам рубілава ў Курапатах. Адным з тых, хто стаміўся жаваць соплі ў стылі «а што мы можам зрабіць?» і пачаў злучаць народ у баявыя пяцёркі (сам у мінулым — самбіст). Бо ведаеце, на сёння мы маем сучасную літаратуру, але не маем у ёй герояў. Ні станоўчых, ні адмоўных — наогул ніякіх. Тэкст Пятровіча ў гэтым сэнсе — вялікае выключэнне. У ім ёсць героі. І антыгероі таксама ёсць. І не здзіўляешся, і верыш, калі праз атрыманую траўму галавы ва Уладзя адкрыецца здольнасць зазіраць у чужыя лёсы і ён пачынае вывучаць сваю гісторыю праз гісторыі тых, хто да яго прыходзіць, каб пазнаць сваю будучыню (лёс у нас ва ўсіх насамрэч адзін, трапна сцвярджае аўтар, і гэта дакладна для цьмяных часоў). Вось «Славік»-Уладзя заглядае ў будучыню краіны і разумее ўсё — і пра сцяг, і пра 1996-ы, і пра далейшае… Нічые надзеі не спраўдзяцца. Ні тых, хто галасаваў «за». Ні тых, хто думаў, што тое галасаванне было выпадковасцю і савецкая зіма вярнулася толькі на два-тры гады. Ні тым больш тых, хто паспеў паверыць у Адраджэнне…

Жыць у «дурцы» і быць вольным ад яе не выпадае. Сама «дурка» — і гэта падкрэсліваецца ў тэксце — ёсць тут метафарай Беларусі. Святлана Алексіевіч аднойчы сказала, што Беларусь — гэта сумесь дзіцячага садка і вязніцы. У Пятровіча Беларусь 90-х — гэта сумесь дома састарэлых і вар’ятні.

Змянілася з тых часоў няшмат, толькі старыя зрабіліся яшчэ старэйшымі, а вар’яты яшчэ болей шызануліся.

У гэтага твор адкрыты фінал. Да Уладзя імчацца адначасова сябры, якія нарэшце яго адшукалі, але не ведаюць пра тое, і забойца Славік, які мусіць пакараць яго за тое, кім ён быў у мінулым жыцці (зразумела, бізнес тут ні пры чым). Мы не ведаем, хто з іх паспее першым, і гэта, выглядае, не галоўнае.

Сапраўдная літаратура не дбае пра дэталі. Яна не падкажа вам, дзе набыць запалкі ці грэчку і ці выжыве герой — гэта не яе задача. Літаратура толькі нагадвае, на што варта звярнуць увагу.

Уладзь сядзіць у дворыку інтэрната і чытае. Журавы ляцяць у вырай і жалобна курлыкаюць. Вакол — цёпла і не па-восеньску сонечна… Гэта ёсць жыццё.

За апошнія дваццаць гадоў у краіне з’явіўся тузін аўтараў, кожны з якіх варты Караткевіча. Не дадзім Забыццю з’есці іх.

У сеціве часопіс-версію аповесці «Спачатку была цемра» можна знайсці вось тут.

 

 

Віктар Марціновіч


8 Каментаў у “Віктар Марціновіч: Найлепшая чытанка на цёмныя часы”

  1. Sotnieks says:

    “За апошнія дваццаць гадоў у краіне з’явіўся тузін аўтараў, кожны з якіх варты Караткевіча. Не дадзім Забыццю з’есці іх. ”

    То бок, “савецкая зіма”… паспрыяла развіццю літаратуры.

    • Віктар Марціновіч says:

      Не магу гэтага аспрэчыць. Але майце на ўвазе, што ў той самы час наклады беларускамоўных кніг, гучанне гэтых таленавітых аўтараў, рэзка скараціліся. То бок маем уздым на этапе творчасці і заняпад на этапе выдання.

      • Sotnieks says:

        І вам хочацца вінаваціць рэжым у скарачэнні накладаў? :)))
        Наклады беларускіх кніг скарачаюцца, таму што:
        1) людзі ў прынцыпе ўсё менш чытаюць папяровых кніг;
        2) людзі ўсё менш карыстаюцца беларускай мовай – а “вінаваты” ў гэтым не рэжым, а урбанізацыя, індустрыялізацыя і інфарматызацыя.

        Хай аўтары хаця б карыстаюцца электроннай формай распаўсюду твораў. Магчыма, аўдыторыя пашырыцца. 90% кніг, якія я чытаў у апошнія 5 гадоў – кнігі ў pdf І іншых кампутарных фарматах.

        • Віктар Марціновіч says:

          Я нікога ні ў чым не вінавачу, проста канстатую тое, што ў Беларусі нет дзяржаўных праграм падтрымкі нацыянальных выдаўцоў, дзяржаўных жа праграм перакладу выбітных твораў на беларускую, няма Беларускага Інстытуту – усяго таго, што ёсць у любой краіне, што зацікаўленая ва ўласнай самасці. А наклады – так, падают выклююючна праз скарачэння цікавасці да паперы. Скажыце гэта любой кніжнай прэзентацыі, што ў Мінску збірае ўжо нават не тузіны, а сотні наведнікаў….

          • Sotnieks says:

            Навошта штучна падтрымліваць тое, што само па сабе не выжыве? Дзяржпраграмы і дзяржпадтрымка, сэр – гэта халява. Якая бярэцца з кішэняў большасці народу. А большасць у нас рускамоўная і не зацікаўленая ў падтрымцы беларускасці.
            Што азначаюць масавыя кніжныя прэзентацыі? Што ёсць вялікі попыт на паперу? Або ўсё ж на самі творы?
            Мне ў хаце няма куды класці не тое што папяровыя кніжкі, а нават музычныя кампакт-дыскі. Яны займаюць неапраўдана шмат месца пры нізкай частаце зваротаў да іх.

  2. Генік says:

    Кніга выдадзеная даўнавата.У кнігарнях і Кнігазборы даўно няма,але ёсць апошнія асобнікі ў інтэрнэт крамах Прастора.бай і Кнігі.бай

  3. Макс says:

    У pdf i epub фарматах ёсьць тут: http://kamunikat.org/usie_knihi.html?pubid=32167

  4. KNIHI.BY says:

    Замовіць папяровую кнігу можна тут:
    http://knihi.by/knihi/piatrovic-barys-spacatku-byla-ciemra

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика