27.03.2017 | "Культурызм" з Віктарам Марціновічам

Віктар Марціновіч: Няма адчування паразы

 

Я згодны са сваім калегам па літаратурным цэху Уладзімірам Някляевым: 25-га сакавіка сапраўды было страшнейшым за 2010 год. Мы знянацку перажылі самую вялікую драму за ўсю найноўшую гісторыю. У 2010-м на плошчы былі абураныя выбарамі, людзі, якія хацелі лепей жыць, хацелі абіраць уладу. Цяпер не было ні выбараў, ні Ярмошынай, ні тэзаў пра свабоду і дэмакратыю. Цяпер білі тых, хто ў роспачы. Размова ўжо не пра лепшае жыццё, не пра свабоды, а пра жыццё як такое. Бо грошай няма, працы няма, а падатак плаціць трэба. Да таго ж людзей зганьбілі слоўцам «дармаеды».

Фота Сяргея Гудзіліна

І сапраўды, гэта ўжо больш не пра маленькую палітызаваную праслойку — вайна пайшла з усім народам, ці, прынамсі, народ успрымае гэтую вайну як «сваю». І гэта навіна, такога не было раней. Я на свае вушы чуў развагі дзвюх цётачак ля зімніка на пл. Каліноўскага ў 2006-м — яны горача распавядалі адна адной, што ў намётах — «змагары», «фашыкі», «экстрэмісты», а таксама «падманутая моладзь». Цяпер падобныя эмоцыі ўся краіна выпраменьвае зусім у іншы бок.

Вы памятаеце агульны настрой 20-га снежня? Вы памятаеце, што мы пісалі адно аднаму ў сеціве? Гэта быў чорны час смутку і расчаравання: зіма тады прыйшла на 5 гадоў (а падавалася, назаўсёды!). І вось што мяне здзіўляе ў панядзелак пасля пагрому 25-га — дык гэта тое, што ніякай дэпрэсіі няма.

Святкаванне сарвалі, пратэсты тых, каму няма чаго есці, разагналі. Чаму ж няма адчування паразы? Мабыць, праз усведамленне таго, што гэта не канец, а толькі пачатак.

Глядзіце: ці вырашаныя праблемы, якія выгналі людзей на вуліцы?

Ці адменены дэкрэт? Не! Ці зрабілася ў Беларусі больш працы? Не! Ці з’явіліся на кірмашах вакансій заяўкі з хаця б за $300 у месяц, разлічаныя на ўсіх? Не (калі такія ёсць — дашліце іх, калі ласка, у каменты да гэтага паста). Ці зменшылі пенсійны ўзрост? Не! Ці вярнулі ільготы пенсіянерам і студэнтам? Не! Дык пры чым тут няісны «Белы легіён» і «экстрэмісты», адзінай сапраўднай зброяй якіх былі беларускамоўныя кнігі?

Узаемаадносіны «лідараў» і «пратэстантаў» змяніліся. Некалі Мікалай Статкевіч да хрыпаты клікаў людзей на вуліцы, а прыходзіў толькі актыў партый. Цяпер людзі валяць на плошчу самі і ўжо потым глядзяць, хто наўкол з лідараў.

Праблемы не вырашаныя, бо ў краіне няма грошай. Калі б былі колішнія аб’ёмы нафты і танны газ, дармаедскі дэкрэт не спатрэбіўся б, пенсіянеры былі б сытыя, а найбольшай праблемай (што хвалявала б 3 адсоткі грамадзян) заставаліся б свабода слова, Ярмошына і выбары. Грошай няма, пачынаюцца беспарадкі. З пратэстоўцамі паводзяць сябе так, як паводзілі ў «тлустыя» гады, думаючы, што бэсцяць «апазіцыю».

Але тут, акрамя вышэйзгаданага значнага пашырэння кола пацярпелых да агульнанацыянальных памераў, ёсць яшчэ адна неспадзяванка. Бо ў 2006-м можна было пабегчы да Расіі — яна тады была заможная і ветлівая. І нават у 2010-м, ужо пры іншых настроях у Крамлі, звярнуць заходні вектар у славу ўсходняга атрымалася.

Цяперашні момант у адносінай з Масквой вельмі добра характарызуецца сутаргаватымі спробамі перастрэцца з Пуціным у Сочы, доўгім чаканнем, якое скончылася бясплённа. У тым кірунку няма не тое што паразумення — страчаныя нават былыя (хуткія) каналы сувязі. А таму працягваць бамбіць вось гэтую пургу пра «лагеры баевікоў» у Літве, Польшчы ўжо не выпадае — трэба тэрмінова адкручваць назад.

Вы ж разумееце, што тэрмінова вызвалены Мікола Статкевіч і раптоўна адкрыты доступ публіцы і журналістам у шпіталь да Уладзіміра Някляева — гэта толькі пачатак. Не можа быць аніякай справы аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, бо:

1) гэта даслоўны паўтор 2010-га, які вымагае такой жа рэакцыі ЕС, а яшчэ аднаго пакета санкцый беларуская знешняя палітыка проста не перажыве;

2) няма не толькі доказаў віны і складу злачынства (аўтамат для пейнтбола, муляжы гранат, у якіх зберагаліся алоўкі, а таксама афіцыйна зарэгістраваная паляўнічая зброя — не злачынства);

3) няма бітага шкла і спробы ўзяць Дом урада штурмам — такім чынам, «экстрэмісты-2017» выглядаюць яшчэ больш карыкатурна, чым «экстрэмісты-2010».

А таму я нават не ўпэўнены, што ўсе, каму цяпер даюць суткі, даседзяць тэрмін пакарання да канца.

Але ёсць адна акалічнасць, якая ўсё ж пакідае прастору для кафкіянскага абсурднага працэсу, спынення адносін з ЕС і, як выніе, вымушанага танца на каленах перад Масквой. Я кажу пра узрост. Фізічны ўзрост.

Рэч у тым, што канчатковыя рашэнні зараз прымаюцца асобамі пасля 60-ці. Я вельмі хацеў бы верыць у версію пра тое, што 25-га сакавіка рэжысаваў нібыта Віктар Лукашэнка (версія Аляксандра Фядуты выкладзеная тут). Але ў мяне ёсць усе падставы меркаваць, што хапун быў прапанаваны зусім іншым спецыялістам па бяспецы. Які, дарэчы, Аляксандру Фядуту добра вядомы.

У фільме «Маладосць» Паола Сарэнціна ёсць вельмі глыбокія словы пра сталенне. Адзін з герояў кажа, што калі ты малады, ты ўвесь час глядзіш наперад, у будучыню. Калі ты стары — засяляеш мінуўшчыну, бо табе асабіста той будучыні Бог пакінуў зусім няшмат. Гэта Маркесава «Восень патрыярха», у якой стомлены герой вошкаецца ў сённяшнім, помсціць сваім колішнім ворагам і спрабуе вырашаць надзённыя задачы без думак пра тое, што будзе праз 5 гадоў. Няісны «Белы легіён», «экстрэмісты», «кактэйлі Молатава», затрыманні па спісах дзесяцігадовай даўніны (некаторыя фігуранты тых праскрыпцый на 25-га планавалі з’ехаць у адпачынак) — усё гэта ўзялося з оптыкі, павернутай назад. У мінулае, а не ў будучыню.

Старыя наогул былі галоўнымі героямі 25-га: вы бачылі, колькі сівых зняможаных пенсіянераў было затрымана. І як яны сябе паводзілі пры затрыманнях. Генерацыя, якая некалі была апірышчам савецкага рэваншу, раптам пайшла на вуліцы, каб выбачыцца перад маладымі. І паспрабаваць забяспечыць ім (нават не дзецям ужо — унукам!) нармальную будучыню. І відушчасць гэтай генерацыі яшчэ праявіць сябе.

Пачуцця расчаравання няма. Нават калі яны саб’юць гэтую хвалю пратэстаў крымінальнымі справамі і ўсеагульным хапуном — далей будуць іншыя хвалі. Бо тады, калі трэба было мадэрнізаваць прамысловасць, вярхі будавалі лядовыя палацы, калі трэба было развіваць прыватную ініцыятыву — прасавалі прадпрымальнікаў. Як вынік — мы маем у сярэднім дзве дрэнныя эканамічныя навіны ў дзень, паліва і камуналка даражэюць і будуць даражэць, а ісці рабіць хутка можна будзе толькі на лесапавал, за міску супу.

Што будзе далей? Далей слова скажуць маладыя. Хутка з вязніцаў выпусцяць астатніх. Зміцер Дашкевіч выйдзе ў анлайн, запарыць сабе гарбаткі (спадзяюся, кот Леапольд мільгане ў кадры) і распавядзе пра планы на вясну. І стрым зноўку праглядзяць дзесяць тысяч чалавек. І, спадзяюся, краіна павернецца ад мінулага, ад ягоных страхаў і параноі, да будучыні.

Так што пачуцця расчаравання няма. З днём волі вас, даражэнькія!

 

Віктар Марціновіч

Увага! Меркаванне калумністаў не заўжды супадае з пазіцыяй кампаніі "Будзьма беларусамі!"

2 Каментаў у “Віктар Марціновіч: Няма адчування паразы”

  1. Першы снег says:

    Пачуцця расчаравання ў каго няма, а ў каго ёсць. Мяне задаволіць толькі адчуванне перамогі. На соты раз адны і тыя ж граблі. Гэта самыя самыя чорныя гады ў маім жыцці. І Маркес таксама згадваецца скрозь, і восень у патрыярха можа цягнуцца дзесяціоддзямі.

  2. Андрэй, Гомель says:

    Параза. Што гэта за тэрмін? Ён характарэзуе што? Супрацьстаянне. Так? Паміж кім? Паміж намі і імі. Хто яны? Чужыя? Грамадзяне іншай краіны? Вось тыя за шчытамі, вось гэта дзядзька вусаты і ўсе яго міністры, і жанчыны і мужчыны, якія праходзяць праз мітэнгоўцаў і адварочваюцца, а раз пораз хтосьці нават скажа “ненавіджу”. Шмат смяяліся над сп. Іосіфам Сярэдзічам, калі ён пайшоў у самае логава – на што ён спадзяваўся, ад каго. Але як інакш? Бо справа не ў вусатым дзядзьке, а ва ўсіх тых хто стаіць за шчытамі, а іх не мала. І яшчэ большыя ідэалісты тыя, хто спадзяецца, што ўсё завязана на адной асобе. Шмат, але не ўсё. Тыя, хто стаяў насупраць шчытоў на пытанне: ці адчуваюць яны страх, адказвалі, што адчуваюць сорам.
    У мяне яшчэ і сум. Не адбылося. Вялікая частка маіх суграмадзянаў (не толькі чынуш, але і самых простых і не самых багатых) засталася за шчытамі. Значыць няма Салідарнасці? Пра якую кажуць, і не толькі сп. Калінкіна, упэўнены, што шмат хто і з тых, хто за шчытамі, і хто ўмее думаць (а такія ўпэўнены ёсць і іх за шчытамі не мала) хочуць менавіта салідарнасці, а не перамогі (над кім? над сваімі дзецьмі? над іх будучыняй?).
    Параза? Нават тое, што даводзіцца выкарыстоўваць гэтае слова гаворыць аб тым, што адбываецца штосьці не тое.
    Я не спадзяюся на тое, што пераможа нейкі лагер, я не спадзяюся што перамогуць “сваі” ці нейкія “чужыя”. Бо з гэтымі “чужымі”, я жыву побач, і яны мне не чужыя, хоць шмат у чым не згодны. Я спадзяюся, што пераможам мы, а значыць мы станем нарэшце народам, грамадствам, абшчынай, а не лагерамі, якія чакаюць перамогі.

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика