03.01.2017 | "Культурызм" з Віктарам Марціновічам

Віктар Марціновіч: Рэстайлінг Бога серыялам

Кажуць, Ватыкан, дазнаўшыся пра планы Паола Сарэнтына зняць Young Pope, адмовіў рэжысёру ў доступе да Сыкстынскай Капэлы ды Святога Пятра, бо задума падалася святарам блюзнерскай. Сарэнтына ўзнавіў дакладную копію рэзідэнцыі Папы ў павільёнах і зняў не проста 10-серыйны іміджавы ролік каталіцызма. Ён дамогся таго, чаго не здолелі зрабіць мяккія рэформы рымскай царквы мінулых дзесяцігоддзяў. Дзёрзкія развагі пра веру і Бога здольныя напраўду вярнуць людзей да веры ды Бога. Аніводнае кіно на маёй памяці, уключна з «Андрэем Рублёвым» Таркоўскага, «Апошнім спакушэннем Хрыста» Скарцэзы ды «Галгофай» Джона Майкла МакДонаха, з гэтай задачкай не спраўлялася. Не выключана, яшчэ і праз тое, што ніхто з буйных рэжысёраў ніколі не ставіў перад сабой такіх задач.

Тое, што некалі самая магутная канфесія свету патрабуе перамен, я асабіста яўна адчуў не так даўно ў Валенсіі. Цягаючыся аўтаспынам па Іспаніі, я пешшу ад узбярэжжа дайшоў да знакамітага Валенсійскага сабору. У прахалодных поцемках горада-храму я ўвайшоў у самую старажытную ягоную частку – зіхоткі гатычны капітул, які ўтрымлівае Святы Грааль – кубак, з якога піў Збавіцель падчас апошняй вячэры. Канечне ж, я чакаў пабачыць тут натоўп вернікаў. Канечне ж, я быў упэўнены, што здолею прастаяць ля кубка некалькі секунд у бясконцай чарзе тых, хто прыйшоў яму пакланіцца.

У залі са святыняй сноўдалася апроч мяне два турысты з Кітая. І ўсё. Ні чэргаў, ні маленняў. Гэтая гісторыя вычарпальна апісвае становішча з хрысціянствам у сучаснай Еўропе. Храмы пустуюць. У адрозненне ад молаў (на гэтую тэму я ўжо выказаўся ў рамане «Мова»).

Каталіцызм сёння ўспрымаецца адукаванымі ды схільнымі да лявацтва еўрапейскімі інтэлектуаламі не інакш, як шэраг аб’ектаў буйной маёмасці, што праз нейкае непаразуменне падпалі пад кіраванне людзей, аб’яднаных [даволі эксцэнтрычным] стылем вопраткі.

І вось толькі не трэба мне распавядаць пра Персіфаль ды Гластанберыйскае абацтва. Пачытайце лепей вось гэта.

Можна дапусціць, што скандальны вобраз маладога Папы Пія XIII быў прыдуманы Сарэнтынам пад уплывам чалавека, якога некалі звалі Хорхе Марыя Бергольа, які працаваў быў выбівалам у начным клубе, а сёння вядомы свету як малады Папа-рэфарматар Францыск. Але вось што: калі ўпершыню за 1200 гадоў на Святы Трон прыходзіў пантыфік не з Еўропы, спадзяванняў на рэформы было значна болей, чым сёння, праз тры гады. Бо замяніць золата на срэбра, усталяваць на плошчы Святога Пятра душавыя кабінкі для бедных ды правесці знешні аўдыт кансалідаваных фінансаў Ватыкана – гэтага нейк замала. Відавочна, каталікі ад Папы іезуіта чакалі крышачку большага. І вось, тое, што пакуль не здольны быў прапанаваць касцёл, раптам пачаў выштукоўваць рэжысёр.

«Малады Папа» гэта не толькі найлепшая карціна Сарэнтыны, якая ўвабрала ў сябе ўсё добрае, што было ў «Юнацтве» ды «Вялікай прыгажосці» і пры гэтым не мае хібаў, уласцівых ранейшым творам рэжысёра. Гэта не толькі найбольш удалая роля Джуда Лоў, пасля якой ён назаўсёды будзе асацыявацца не з Тэдам Пікулам з ExistenZ, а з апранутым у бялюткую сукенку летуценнікам ды харызматыкам з Ватыкана. «Малады Папа» гэта не зусім кіно ці, скажам так, не толькі кіно. Гэта спроба пайсці далей за рэальных прататыпаў у Ватыкане ды паказаць святым айцам, куды варта рухацца ў рэальнай веры і палітыцы.

Асноўным тлумачэннем прывабнасці сканструяванага Сарэнтынам Папы Пія XIII з’яўляюцца ягоныя сумневы. Так, намеснік Бога на зямлі, які не зусім верыць у Бога, – гэта скандал. Але як гэта па-чалавечы! І як гэтага бракуе магістральнаму дыскурсу рымскай царквы, які толькі і здольны, што кідаць важкія словы на лаціне ў прастору, каб іх падхоплівала ды цэментавала магутнае рэха. Шуканне Бога апынулася нечым нашмат больш гуманным за ягоную прапаганду.

Тэма бацькоў-хіпі, якія кінулі будучага Пія XIII у дзіцячым доме і зніклі з яго жыцця назаўжды, надае адносінам главы Ватыкана з Нябёсамі шчымлівай самоты. Той самай самоты, на якую хворы любы сучасны вернік. Бо чым яшчэ патлумачыць тое, што адбываецца сёння (і заўсёды!) у свеце, калі не тым, што Бог надта заняты, каб быць са сваімі дзецьмі?

Бацька Пія XIII гэта адначасова як бы цясляр Іосіф і Саваоф. І так, каталіцкія святары ніколі не сталеюць, бо ў іх не можа быць дзяцей. Таму яны заўсёды застаюцца залежнымі ад бацькоўскай ласкі. Хаця са шматлікіх пранізлівых маналогаў, якімі багаты серыял, мой улюбёны – пра тое, што любіць людзей вельмі балюча. І таму значна прасцей любіць Бога.

Яшчэ адзін складнік прывабнасці сарэнтанавага Папы – што, зусім як звычайныя людзі, ён здольны памыляцца. У прынцыпе, ад звычайнага беларуса, насельніка віленскага «Акропаліса», Пія XIII адрознівае толькі адна акалічнасць: ён напраўду святы. Ён не сквапны да мірскіх багаццяў і да яго белай вопраткі не ліпне бруд. А таму гэты Папа зусім непадуладны шантажу, пагрозам ды іншым захадам, з дапамогай якіх адны людзі спрабуюць рэалізоўваць палітыку ў дачыненні да іншых людзей. Размова Пія XIII з дзейным прэмьер-міністрам Італіі паводле ўздзеяння на гледача супастаўляльная з легендай пра Вялікага Інквізітара з Дастаеўскага.

Памылкі ў палітыцы і самарэпрэзентацыі, непаразуменне з боку кардыналаў ды вернікаў, адзінота, крышачку дзікунскі фундаменталізм у поглядах дапаўняюцца абаяльнай здольнасцю маладога Папы здзяйсняць  сапраўдныя ольдскульныя цуды. Цуд, міракль, невытлумачальнае лекаванне, ажыўленне памерлага, пераўтварэнне вады ў кагор – ці не на гэтым усё трымалася з часоў Хрыста? І ці не гэтага менавіта бракуе цяпер? Калі эпоха гіперспасылак і спрэчак на мове Інтэрнэт-лінкаў зрабіла цуд чымсці не вельмі прыстойным, шарлатанскім, на мяжы з трукаванняў напарстачнікаў? У гэтую новую пару святары імкнуцца павольна адмяжоўвацца ад фокусаў, маўляў, вера мусіць быць верай без усякіх таямнічых аздараўленняў, храм – не спа, і г.д. Але дзе тады знайсці доказы існавання Яго?

Сарэнтына насыпае нам тых доказаў з горачкай. Пераўтвараючы скразную для сваёй творчасці персону святара-тусоўчшыка ў эпічную па сіле постаць Божага намесніка на зямлі.

Праблема сучаснага чалавека не ў тым, што ён не верыць. Праблема ў тым, што ён хоча верыць, але не ведае, з чаго пачаць. І візіты ў храм не вельмі яму дапамагаюць (пра бетонныя лацінскія словы, шматкроць памножаныя рэхам я ўжо згадваў). Кіно Сарэнтына – дапаможнік па тым, як пачаць. Па тым, якімі пытаннямі варта задацца ў першую чаргу. Пры гэтым адказаў на тыя пытанні «Малады Папа» вам не дасць. І гэта тое, што робіць серыял сапраўдным мастацтвам.

 

Віктар Марціновіч, budzma.by


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика