This movie requires Flash Player 9
27.12.2016 | "Культурызм" з Віктарам Марціновічам

Віктар Марціновіч: Сапраўдныя вынікі Года беларускай культуры

Паглядзець інтэрнэт — дык нібыта ўсё беларускае прагрэсіўнае чалавецтва ўвесь год займалася толькі тым, што вырашала для сябе пытанні нацыянальнай ідэнтычнасці ды сэксуальнай аб’ектывацыі, а вырашыўшы, замыкала ларок і бегла, звярнуўшы шыю, у Мінск на лекцыю Асі Казанцавай. Насамрэч краіна, канечне, жыла значна больш глыбокімі пытаннямі: саджала гуркі, пырскала памідоры, мяняла еўра на долары і сачыла за “Фізруком”.

Іх вынікі, вынікі сапраўдных людзей, нехта таксама мусіць падвесці. Працягнем традыцыю!

 

Развод Брэда Піта і Анджаліны Джалі

Тут няма чаго дадаць. Усе нармальныя і так пагодзяцца, што нічога больш істотнага для культуры планеты Зямля і Беларусі як яе неад’емнай часткі не адбылося. Шчаслівая пара, дзесяць гадоў побач, не кульгаюць, не дурныя, непітушчыя, шэсць дзетак, харошанькія такія, галованька да галованькі, грошыкі водзяцца — ну дык жывіце, радуйцеся! Не! Разышліся! І як у інстытут сям’і верыць пасля такога? Я, прызнаюся, спачатку за Джалі балеў. Прыгожая дзевушка і твар у яе чэсны. Вось зазірнеш у вочы і адразу пачынаеш спачуваць усім згаладалым дзецям Афрыкі. Я па шчырасці, без прыўкрас кажу. І там яшчэ брахаць пачалі, што Піт нібыта дзіцёнка стукнуў у самалёце. Карацей, зорка, нервы, слава, вось і б’ецца. Яшчэ мо і кусаецца, хто яго ведае.

А тут гляджу — нейкая Джалі занадта шчаслівая ходзіць. Ну, калі мужык дрэнны, дык баба няшчасная звычайна. Ходзіць, плача, раскудлачаная ўся, у дранай кофце, усе яе шкадуюць і прапануюць дапамогу ў падвядзенні вачэй. А Джалі — я паглядзеў нядаўна у фільме — дык наогул па-французску ўжо гаварыць пайшла. Дык хіба кінутая баба будзе па-французску гаварыць? Ад дрэннага жыцця хіба па-французску людзі гавораць? Карацей, памірыўся я з Пітам. Я за яго цяпер балею. Па-першае, ён стары ўжо. Твар увесь у зморшчынах. Сівы. Хутка пенсія, галеча, тваражок, кашкі. Усе пра цябе забылі, звоняць толькі тыя, якія вокны прапануюць памяняць. Ды яшчэ і паліцыя зараз во сказала, што Піт таго дзіцёнка не біў. Можа, трахнула самалёт, і дзіцёнак галавой аб пераборку навярнуўся. З дзіцёнкамі і не такое бывала!

 

Ленін ля трактарнага

Вось расчулілі мяне гэтай навіной у лістападзе. Усё як было колісь, калі ўсё было! Маладосцю дыхнула, свежыной. Паскідалі некалі дурні па краіне Леніных — і пачалося. Перабудова, крызіс, крэдыт, майдан, Данбас. Канечне, трэба вяртаць багоў на пастаменты. Гэта нашы вартаўнікі, так яшчэ ў Егіпце было са статуямі, пра гэта па тэлеканале “Рускі містычны” сказалі. І што такога ім мог нарабіць той Ленін? Я яму дык толькі і ўдзячны за ўсё! За тое, што ён студатрады стварыў, немчуру перамог, калгасы прыдумаў. Што б мы рабілі бы без калгасаў? Гнулі б спіны перад панамі, як Янка Купала да Вялікай Кастрычніцкай. Егіпет распусціў сваю політэістычную кампартыю, і дзе цяпер гэтая краіна? Егіпет прадаў сваіх Леніных у музеі, і там, дзе быў Егіпет, цяпер тэрарызм і галеча. А ізбы-чытальні? А сельклуб на вёсцы? Ну, і апошняе. Некаму ж трэба быць удзячным. Вось пасля змены, пасля палучкі, калі ў “Віталюры” на Трактаразаводцаў і ўзяў, і закусіў, і дагнаўся, і з сабой яшчэ ёсць, і пад нагамі гурбы, а над галавой зоры — камусьці ж трэба за тое быць удзячным! Перад некім трэба упасці ў снег і ўкленчыць: “Даруй нам, дзядзька!”. І чаму б не Леніну? Пры ім хаця б двухгадовых кантрактаў не было.

 

Дзяніс Дудзінскі і бушмены

Я ўвесь час займаюся самаўдасканаленнем. Спачатку я нерухома стаяў раніцамі (пачынаў з 4-х хвілін!), потым паспрабаваў есці грэчку замест спагеці, цяпер хаджу ў абутку без шкарпэтак, што значна бліжэй да прыроды. Бо рысь, напрыклад, па лесе ходзіць без шкарпэтак. Цяпер, калі маё цела ўжо ачысцілася і загартавалася дастаткова, надышоў час заняцца тым, што ў нас унутры. То бок духам. Я пачынаў з таго, што слухаў відэалекцыі Дзмітрыя Быкава пра літаратуру на YouTube, але неяк не пайшло — ён сам нуда і героі ў яго нудныя. Ну што мне з таго, што нейкі алкаголік напісаў чарговую кніжку? Гэта ж не Піт і не Джалі! Аднойчы падчас тэлемедытацый я адкрыў для сябе перадачу “Добрай раніцы, Беларусь!”. Гэта сапраўды невычарпальная крыніца натхнення. Азораны яе (перадачы) мільгаценнем думак і фактаў, я, бывае, стаю на балконе аж да самага вечара. Мой любімы выпуск гэтай перадачы выйшаў менавіта ў 2016 годзе. У ім Дзяніс Дудзінскі раскрыў мне таямніцу бушменаў. Бушмены — самая старажытная раса на Зямлі, у іх тварах Дзяніс Дудзінскі можа знайсці “і негроідныя”, і “мангалоідныя”, і “еўрапеоідныя рысы”. А мова бушменаў — самая старажытная, бо ў ёй ёсць “шчоўкаючыя гукі” (Дзяніс Дудзінскі ўтварае гэтыя гукі). Дзянісавы разважанні пра тое, што бушмены з’яўляюцца самай старадаўняй расай на зямлі, зрабілі цёпла на сэрцы. Паглядзеў на гэтыя зморшчаныя пысы — ну нашы ж мужыкі! Са змены!

 

Дуй на меня, дуй!

Ну і нямнога эстрады. Навошта чалавеку музыка? Па-першае, каб нешта умпсала, калі разліваюць водку па шклянках. Бо так весялей. Па-другое, каб людзі адразу за сталом гаварылі гучна, перакрыкваючы фон, — гэта стварае атмасферу свята, нібыта ўсе ўжо нажэрліся і гарланяць, калі насамрэч яшчэ цвярозыя і злыя. Ну і яшчэ бывае такая шчырая празрыстая мелодыя, такая дзяўчына вытанчаная, што адразу за сэрца возьме. І ўжо ні тостаў не чуеш, ні тамады, толькі глядзіш на яе фігурку, якая па сцэне бегае, а ў самога замест сэрца — барвовы ўзрыў чырвоных руж. Я ўжо доўгі час не ўлюбляўся па тэлевізары, можа, ад самай пенсіі. Усе гэтыя поп-спявачкі падобныя на матылёў-аднадзёнак: сёння ёсць, заўтра няма. Ні характару, ні шызы гэтай бабскай, якая з дзевачкі чалавека робіць. І вось не так даўно я ўключыў беларускі адбор на “Еўрабачанне” і пабачыў Яе. Гэта было каханне з першага стогну. Алеграва побач нават валасы не фарбавала! Вось гэта пастава, мажнасць! Сапраўдная каралеўна! Кацярына Вялікая! Настойлівая! Дуй на яе, кажа! Прычым, што мне адразу спадабалася, яна просіць у хлопца па-харошаму на яе “падуць”, а той паблажліва адмаўляецца. І не дуе. І так — двойчы! Жаночая драма відавочная. Кабету трэба ратаваць. Я так разумею гэту песню: яна пра адрынутую пяшчоту, пра падманутае каханне, як “Адзін раз у год” у выкананні Ганны Герман. Але дзеля таго каб яе спасцігла моладзь, песню давялося пералажыць на сучасную “феню”, давялося ахаць і сэксуальна выгінацца. Народ вам спачувае! Народ дуе!

Вось такі быў культурны год, калі каротка. Яшчэ ў Мікалаіча трусік памёр, на квартале “Еўраопт” адкрылі, а ў мяне матор на чоўне пачаў казліць. Ці там паліваправод, ці то старцер — гадай цяпер усю зіму.

 

Віктар Марціновіч, budzma.by


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика