This movie requires Flash Player 9
17.03.2015 | "Культурызм" з Віктарам Марціновічам

Віктар Марціновіч: Тут быў Герчык, ці На якой мове варта пісаць прозу

Калі запытацца у Гугла, хто такі чалавек з прозвішчам Герчык, пашукавік першым радком прапануе завітаць на афіцыйны сайт Аляксандра Герчыка, які займаецца трэйдынгам і біржавым гандлем. Я не магу гэта не працытаваць: «Герчык — прафесійны трэйдар, адзін з найбольш паспяховых і вядомых дэйттрэйдараў у Амерыцы і на постсавецкай прасторы».

З другой старонкі ўступае Герчык Канстанцін Васільевіч, савецкі ваенны дзеяч, генерал-палкоўнік арміі. І толькі на чацвёртай старонцы, сярод усялякіх Даніілаў Герчыкаў і Доба Герчыкаў, вы сустрэнеце патрэбнага нам генія.

Герчык Міхаіл Навумавіч. «Рускі і беларускі савецкі пісьменнік і паэт».

Скупая біяграфічная старонка паведаміць, што нарадзіўся ён у 1932 годзе ў Бабруйску, памёр у 2008-м у Мінску. Паміж першай і другой падзеямі паспеў скончыць сярэднюю школу, педвучэльню ў Мінску і журфак БДУ.  Акрамя таго, ён яшчэ здолеў за жыццё паўдзельнічаць у рэспубліканскім конкурсе сцэнарыстаў, заняць там другое месца, і — ледзь не забыўся! — напісаць 9 кніжак.

Адну з якіх, «Солнечный круг», выдадзеную ў 1970-м годзе, я перачытаў добры тузін разоў.

Гэта была мая любімая кніжка ў дзяцінстве. Я на ёй гадаваўся. Не на Караткевічу — ён прыйшоў значна пазней, не на Быкаве, не на Дубоўку з Ластоўскім. На Міхаіле Навумавічу Герчыку.

1-е выданне (1970 год) «Солнечного круга» захоўвалася ў вёсцы Барбарова, куды мяне засылалі на ўсё лета бацькі. Яна стаяла на камодзе, сярод «Рускіх казакоў», Гайдара і Віталя Біянкі. На вокладцы «Круга» быў урачысты надпіс, які сведчыў пра тое, што атрымаў яе пераможца раённай алімпіяды па матэматыцы — хутчэй за ўсё мой бацька.

Кніжка была пра тое, як у падлетка памірае маці, бацька сядае на стакан, але пасля гэтага яны з сынам супольна вырашаюць зрабіць нешта значнае, што ім дапамагло б неяк стасавацца з рэальнасцю, як напісалі б цяпер у таннай псіхалагічнай літаратуры (у рамане такіх выразаў няма). Бацька ды сын збіраюць дваровых хлапцоў і будуюць плот, на якім плывуць па рэчцы, начуюць у лесе, перажываюць навальніцу, удзельнічаюць у «Зарніцы» і г.д. Нягледзячы на тое, што сюжэт паўтарае калізію вядомага фільма «Вясёлыя рабяты» (1953 год), кніжка вельмі чапляе за жывое — у першую чаргу тым, што была напісаная «як для дарослых», без зніжак на тое, што чытаць будуць падлеткі, якія  нібыта нешта могуць «не зразумець».

Пэўныя яе моманты, напрыклад, той, дзе плот толькі-толькі рушыў, і яны павольна валакуцца па плыні, і галоўнаму герою, падлетку, раптам і невытлумачальна робіцца сумна, і ён заўважае слёзы на сваіх шчоках, хаця павінны жа быць шчаслівы — паход жа адбыўся, ўсё добра! Але нечага галоўнага не хапае — дык вось, пэўныя моманты з гэтай кнігі я ведаю на памяць.

Яна працінае ўсё мае жыццё, гэтая кніга Герчыка. Бывае, калі ты прачынаешся раніцай у  гатэлі ў індыйскім Леху, расхінаеш фіранкі і бачыш, што з усіх бакоў цябе абступілі па-рэрыхаўску велічныя Гімалаі, і ты ніколі не бачыў такой прыгажосці, але нечага галоўнага не хапае, і ў галаве пачынае гучаць Герчык — тыя самыя радкі з вандроўкі на плоце.

Як вы, мабыць, ужо адчулі, я лічу Герчыка Міхаіла Навумавіча, «рускага і беларускага савецкага пісьменніка і паэта», моцным геніем, пранізлівым празаікам, вартым таго, каб пра яго помнілі. Але…

Хто-небудзь, акрамя мяне і Дзмітрыя Растаева, чуў пра Герчыка? Хто чуў, хто яго чытаў — уздыміце рукі! Асабліва каштоўнымі будуць сведчанні новай генерацыі беларусаў — тых, хто нарадзіўся пасля таго, як Герчыка ўжо спыніла выдаваць дзяржава (г.зн. пасля 1982 г.). З майго кола пра Герчыка не чуў ніхто. Нягледзячы на тое, што ягоная проза даступная на «Флібусце» і іншых анлайн-бібліятэках.

Герчык забываецца, не ўпісаны ў традыцыйныя схемы захавання культурнай памяці: ягоныя цудоўныя творы, напісаныя па-руску, аказаліся занадта беларускімі, каб увайсці ў скарбніцу рускай славеснасці. Беларусь жа цяпер занятая — і, галоўнае, будзе занятая ў будучыні, я магу гэта гарантаваць, — захаваннем беларускамоўнай прозы і празаікаў як болей каштоўных для культуры і ідэнтычнасці.

І вось я тут задумаўся: хто можа згадаць хаця б адно значнае прозвішча беларускага савецкага рускамоўнага літаратара? Хто яшчэ быў, акрамя Герчыка? І куды яны падзеліся (толькі не варта казаць, што нікога больш не было — цэлая секцыя была ў Саюзе!)…

У той час як імёны беларускамоўных празаікаў на слыху, іх на паверхні трымае сама мова, на якой тым нешматлікім, якія яе ведаюць, трэба нешта чытаць… А— вось яны, Барыс Іванавіч Сачанка, Вячаслаў Адамчык, вось яны — Гарэцкі, Танк, Крапіва, Лёсік — яны нікуды не падзенуцца, пакуль у людзей — хаця б у нязначнай колькасці людзей — будзе такая патрэба, чытаць на мове.

Бо для захавання памяці дастаткова хаця б аднаго чытача. Аднаго, які перадасць свае веды нашчадкам. Ці будзе гэты адзіны чытач праз 50 гадоў у маёй «Параноі», напісанай па-руску? Я моцна сумняваюся!

Мова — тое, што нас, пісьменнікаў, захоўвае, і тое, што нам, пісьменнікам, варта захаваць, бо яна — гэта мы.

Мы — графіці, мова — сценка.

Творы Герчыка — выдатны каліграфічны burner, пакінуты на сценцы таленавітым тэгерам. Але сценку парушылі для пабудовы забаўляльнага комплексу «Москва», яна знікла, засталіся толькі руіны, аточаныя новабудоўляй. Калі ўгледзецца, тэг яшчэ лунае ў паветры. Але ніхто, акрамя тых, хто бачыў графіці, пра Герчыка ўжо не памятае.

 


12 Каментаў у “Віктар Марціновіч: Тут быў Герчык, ці На якой мове варта пісаць прозу”

  1. Chakushka says:

    Ў маім дзяцінстве была цудоўная кніжка Герчыка “Ветер рвет паутину” , чытаная-перачытаная безліч разоў. Дзякуй, Віктар, за ўспаміны!

  2. Зміцер says:

    Віктар, забыліся на “Ветер рвет паутіну”! Засталася ў памяці нароўні з Рабінзонам Крузам, Палескімі рабінзонамі і Томам соерам. Кніжка ляжала пад падушкай кожную маю хваробу. Спытаў зараз у жонкі – таксама чытала Вецер. Зараз сваёй дачцэ рэкамендуем. Герчык круты! І толькі зараз даведаўся, што ўжо сышоў…

  3. Быў асабіста знаёмы з дзядзям Мішам. З задавальненьнем чытаў ягоныя кніжкі. Найбольш чамусьці запомнілася кніжка з назвай (калі не памыляюся) “Барбус суматранус”. У Герчыка (жыў ён у прыватным дамку на Хмяльніцкага насупраць цяперашняга банка) было шмат акварыюмаў, дзякуючы той кніжцы і я захапіўся рыбкамі.

  4. Flagg says:

    Читал “Ветер рвет паутину” – отвратительная советская агитка, выставляющая христиан-протестантов кем-то вроде фашистских карателей.

  5. Дмитрий says:

    Виктор, хватит вставлять английские слова в белорусские/русские тексты. Этот выпендреж не моден уже лет пять. Ну, и в книжках так не пишите, плз. Это похоже на графоманию юного и запоздавшего за модой хипстера, а не работу настоящего писателя.

  6. будуюць плот ці плыт :) ?

  7. “Обретение надежды” – пра будні анкадыспансэра ў Бараўлянах – адна з кніг, пасля якой можна абраць прафесію ўрача. У гэтай кнізе трапляюцца беларускія словы, якіх расейцы, пэўна, не зразумеюць.

  8. “Обретение надежды”, “Отдаешь навсегда” з дзяцінтсва займаюць ганаровае месца на хатніх кніжных паліцах. Нейкім цудам набыла “Вяртанне да сябе” ў букіністычнай краме. Моцна і пранізліва, сапраўды. Дзякую за артыкул, Віктар.

    Яшчэ мае бацькі, і я за імі ўслед, зачытваліся аповесцямі савецкага празаіка з Гомельшчыны Аляксандра Сопата. Пісаў пра беларускіх вахтавикоў на Поўначы. Годная проза, цудоўны гумар.

  9. ilya says:

    Читал “Ветер рвет паутину” – отвратительная советская агитка, выставляющая христиан-протестантов кем-то вроде фашистских карателей.

    Грозно плюсую. Проочитав книжку дет в 12 или 14, был поражен тому негативу, который она несет. Уже тогда плеваться хотелось

  10. Прыгажуня says:

    На якой трэ пісаць? На беларускай, даражэнькай, калі ты беларус. Усё проста. І чытаць будуць!

  11. Sotnieks says:

    Вось, вось…
    “Солнечный круг”, русскіе казакі, Гайдар, Біянкі. Пачынаеце разумець, як у чалавека фармуецца ідэнтычнасць. Тая, каторую ніякай наўмыснай беларускай мовай і ідэалогіяй свядамізму не выціснеш. А тым больш якімі-небудзь ліфчыкамі з “патрыятычным” арнаментам.

  12. Liashkom says:

    Вось няпраўда ж. Вы напэўна гуглілі па-расейску, і гугл у вас на расейскую мову наладжаны. У мяне першы вынік — Міхаіл Навумавіч Герчык у наркамаўскай Вікі.

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика