This movie requires Flash Player 9
29.03.2016 | "Культурызм" з Віктарам Марціновічам

Віктар Марціновіч: У паслугах Беларусі больш не зацікаўленыя

Прафесар Мічыганскага ўніверсітэта Джон Кіндан у кнізе «Agendas, Alternatives and Public Policies» расказвае, як ідэі ўвасабляюцца па той бок акіяну. Светлая думка, што ўзнікла ў адной разумнай галаве, праз публічныя дэбаты эвалюцыянуе да законапраекта і, калі адкрыецца «акно магчымасцяў», уводзіцца ў жыццё.

У нашых шыротах усё прасцей. Ідэі ўзнікаюць, ідэі эвалюцыянуюць, ідэі экспрапрыююцца – з тым, каб сказіцца і назаўжды памерці.

Павал Белавус выклаў у фэйсбуку афіцыйны адказ Мінкульта на прапанову Арт-Сядзібы правесці некалькі арыентаваных на нацыянальную культуру мерапрыемстваў у Год культуры.

«Прапанаваныя да правядзення фестывалі (…) па сваёй тэматыцы паўтараюць мерапрыемствы, накіраваныя на папулярызацыю беларускай песні, якія былі праведзеныя Міністэрствам культуры (…) («рэспубліканская акцыя «Беларусь, я люблю цябе!», «Дзень вышыванкі» ды інш.). У 2015 годзе (…) была праведзена акцыя «Харавое веча», у межах якой, у ліку іншых, выконваліся творы беларускіх кампазітараў. З улікам вышэйсказанага, Мінкульт не бачыць патрэбы ў правядзенні тэматычна падобных культурна-відовішчных мерапрыемстваў у межах Года культуры».

Гэты адказ можна лічыць шаблонам адмовы на любы такі запыт на рэспубліканскім, абласным ці раённым узроўні. Гэты эталон можна капіпасціць адказам на які заўгодна ліст з ідэяй забацаць што-небудзь беларускае. У нас ужо стаіць у плане «Харавое веча» і выкананне актывам БРСМ твораў, у ліку іншых, беларускіх кампазітараў.

Мы былі падумалі, што наспявае новая хваля Адраджэння. Як у канцы 1980-х. Што ўлада пабачыла, як уласнымі намаганнямі выбудавала тут народ, калектыўнае «Я» якога роўнае калектыўнаму «Я» рускамоўных насельнікаў Крыма. І, калі гэтае «Я» тэрмінова не выправіць, не распавесці яму пра яго гісторыю, не навучыць яго ягонай мове, не нагадаць пра яго традыцыі, дык будзе як з Севастопалем.

Дык вось. Матывацыйная частка сітуацыі спраўдзілася. Яны сапраўды спрабуюць некага неяк беларусізаваць.

Але па-свойму! І ў паслугах сапраўднай Беларусі больш не маюць патрэбы.

Калі вы дагэтуль не глядзелі гэтых фотак, абавязкова паглядзіце. Мой любімы – вось гэты кадр, на якім знайшлося месца ўсяму: і кепцы фармату needle hat з беларускім гербам, і  абсалютна шчаслівай дзяўчыне, якая ў руках трымае чырвона-зялёны флаг, а пад каўняром у яе – тая самая (амаль!) вышыванка, з якой у сталіцы паспела атаясаміць сябе беларусізаваная хіпстата.

Так, канечне, шмат што можна адчуць і падумаць, праглядаючы і вось гэтае фота, а вось ад гэтага – дык проста не адарваць вачэй. Аднак красуня ў «патрыятычнай» бейсболцы з афіцыйным сцяжком ды нацыянальным узорчыкам – гэта прысуд усёй зграбнай ідэі і шматлікім яе ўвасабленням.

Нашай асноўнай памылкай было думаць, што яны далі Гіда ван Хельтэну намаляваць нас. Нашу веру. Нашае разуменне традыцый і прыгажосці. Нашыя каштоўнасці. Але маляваў ён ад самага пачатку іх. Вось гэтых прыгажунь. Проста правая рука з чырвона-зялёным сцягам не ўвайшла, месца не хапіла.

Ну і вы самі разумееце: прычына, з якой урадавыя няўрадавыя арганізацыі дагэтуль не экспрапрыявалі курсы «Мова нанова», не дублявалі іх у сваёй непаўторнай версіі (г. зн. пад георгіеўскай стужкай і з выступамі лаўрэатаў «Харавога веча» ў перапынках) і не адмовілі ўсім астатнім у праве іх правядзення на падставе таго, што двух такіх курсаў гораду непатрэбна, – дык вось, прычына толькі ў тым, што дастатковай колькасці знаўцаў беларускай мовы, каб перахапіць хвалю і зрабіць гэта па ўсёй рэспубліцы, у іх цяпер проста няма. Як няма і актыву, які здолее па першым сігнале ад гарадской арганізацыі прыскакаць на лінгвістычныя заняткі і цярпліва вучыць там чаргаванне зычных і паводзіны літар «о» і «а» ў залежнасці ад націску. Але ўсё будзе, вы толькі пачакайце!

І тут можна было б шчыра павіншаваць Паўла Белавуса і іншых людзей, якія некалі спрычыніліся да распаўсюду вышыванкі. У Швецыі ці Нямеччыне яны б ужо атрымалі ад арганізатараў «Дня вышыванкі ў межах Года культуры» свае немалыя аўтарскія адлічэнні, адсвяткавалі б і глядзелі, як іх ідэя надалей квітнее. І некаму нават можа падацца, што ідэя жывая і ў выпадку з «Днём вышыванкі ад БРСМ». Бо цяпер сотні тысяч маладзёнаў, курсантаў сувораўскага (!) вучылішча, студэнтаў Акадэміі міліцыі і г.д. апрануцца ў расшытыя цішоткі ды кашулі.

Але ёсць адно «чакайце!»

Рэч у тым, што пры экспрапрыяцыі, якой канчаецца жыццё любой добрай ідэі ў нашых умовах, гэтая ідэя мае ўласцівасць скажацца да непазнавальнасці. Згадайма, як паштоўкі, што некалі тысячамі распаўсюджвала «Гавары праўду», з адрасам Адміністрацыі прэзідэнта і заклікам задаваць няўтульныя пытанні па тым адрасе, ператварыліся ў дзяржаўную акцыю «Задай пытанне прэзідэнту». Згадайма, як маладафронтаўскія «валянцінкі для ўсіх» ператварыліся ў «валянцінкі для Шчоткінай, Арды, Мясніковіча». Так будзе і з вышыванкай.

Розніца паміж святамі, якія рабіла Арт-Сядзіба з партнёрамі, і «Днём вышыванкі» пад эгідай БРСМ – такая ж, як паміж серыяламі Big Bang Theory і «Тэарэтыкі», працу над якім давялося тэрмінова прыпыніць, пасля таго як каманда Big Bang Theory даведалася, што іх спрабуюць няўдала скапіраваць.

Я выступаў на святах роднай мовы, якія ладзіла Арт-Сядзіба. Мне складана ўявіць мой выступ на чырвона-зялёнай сцэне, для сувораўцаў і курсантаў Акадэміі міліцыі. Мы – па розныя бакі, і чамусьці думка пра тое, што яны сілкуюцца тым, што прыдумляем мы, не дадае шчасця.

Сяргей Абламейка напісаў, што розніца паміж БРСМаўскай і Арт-Сядзібаўскай вышыванкамі – толькі ў тым, што ў кампаніі да першай не ідзе беларускай мовы. Гэтая думка вельмі прыемная, бо дазваляе спадзявацца, што мова – наш здабытак і наш скарб – заўсёды застанецца з намі. Што з яе дапамогай мы заўсёды зразумеем, дзе беларус, а дзе – схаваны кар’ерыст, што шукае, на што яшчэ кінуць бюджэтнае фінансаванне.

Але яны спрытна вучацца. Пра курсы, да якіх абавязкова дойдзе, я ўжо павангаваў. Неўзабаве мы пабачым усё тыя ж млосныя праграмы на нашым найлепшым у свеце тэлебачанні, трансляваныя на роднай мове.

Бо, зноў жа, матывацыйную частку – пра Крым ды інш. – яны зразумелі, не дурныя. Але ўвасабляць яны могуць толькі па-крымску. Што б ні збіралі, атрымліваюцца МАЗ, “Песняры” і Беларусь партызанская.

І калі спрабаваць растлумачыць, чым жа ўсё такі адрозніваецца «наша вышыванка» ад «іх вышыванкі», «наша мова» ад «іх мовы», якая ўжо на падыходзе, атрымаецца вельмі проста. Для нас вышыванка, Пагоня, мова – гэта ўваход у цэлы сусвет, які напоўнены сэнсам. Беларускімі кнігамі, у тым ліку Геніюш і Дубоўкам. Беларускімі мастакамі, у тым ліку Ордам і Драздовічам. Скарынам, Бітвай пад Оршай, выгнаннем, БНР і г.д.

Для іх усё гэта – пустая абалонка, маскіроўка, якой яны абгортваюць усё тыя ж прымітыўныя ідэі. У аснове якіх – захаванне «іх» стабільнасці. І так, гэта пахне Севастопалем. Хіба вы не чуеце, Барыс Уладзіміравіч?

А таму калі падагульняць усё сказанае, хацелася б запэўніць Мінкульт і БРСМ: без Арт-Сядзібы не атрымаецца. Альбо атрымаецца, але не Беларусь, а “Харавое веча”. З, у ліку іншых, беларускімі кампазітарамі.

Таму паспрабуйце паверыць у Беларусь. Пачытайце Дубоўку і Геніюш. А калі гэта не атрымаецца – навучыцеся працаваць з тымі, хто верыць.

 

 

Віктар Марціновіч

Увага! Меркаванне калумністаў не заўжды супадае з пазіцыяй кампаніі "Будзьма беларусамі!"

27 Каментаў у “Віктар Марціновіч: У паслугах Беларусі больш не зацікаўленыя”

  1. Константин says:

    Добрага дня вам спадар Марцiновiч. Здаецца мне, што абагульненне ваша “Ідэі ўзнікаюць, ідэі эвалюцыянуюць, ідэі экспрапрыююцца – з тым, каб сказіцца і назаўжды памерці” усёж перабольшанае. Не трэба да усiх такое дадаваць,, калi пару вашых завалiлi у мiнiстэрстве. Вельмi проста вы падыходзiце, наша — правiльнае, ня наша — ня правiльнае. У мiнiстэрства няма абавязку кожнаму грошай даваць на усе мары. Так што спакайней, ня далi грошай народных, рабiце за свае. Што ж тут такога. А то канец свету прыдумалi з аднаго адказу. Вам бы на трэнiроукi пайсцi у sales department там бы паглядзелi на адказы.

    • Віктар Марціновіч says:

      Канстанцін, вы проста не зразумелі расклад – ніхто пра грошы не пытаецца. Пытаецца пра дазвол, бо сцэнічныя мерапрыемствы без яго немагчымыя. І дазволы болей не даюць. Менавіта з логікі “нашы” – “не нашы”. Пры гэтым “нашы” ідэі бяруць у “не нашых”. І хай бы сабе бралі – то не праблема! Але ідэі гэныя яны скажаюць да непазнавальнасці.

      • Константин says:

        так, я зразумеу, што пiшацца пра падтрымку, а не пра дазвол. Не ведаю, што запытау аутар, але сумняваюся, што дазвол палучыць увогуле нельга. Мабыць “на вулiцы” и не дадуць правесцi, але ж у клубах папець дадуць.

    • Віктар Марціновіч says:

      І дарэчы ў тым жа sales dept у першую чаргу б узнікла пытанне пра аўтарскія за ідэю – ўсё ж такі Дзень вышыванкі не БРСМ прыдумаў; і, калі ён не можа заплаціць, хай падключае тых, хто ведае, што такое вышыванка і што за ёй насамрэч стаіць.

  2. Віктар Марціновіч says:

    Дык усё ёсць у ФБ Белавуса па спасылцы; яны звярнуліся ў Мінкульт з запытам далучыцца да прапаганды нацкультуры ў Год культуры. Атрымалі адказ, што фестывалі і Дні вышыванкі ўжо ёсць. І праводзіць іх будуць без іх. А грошы дзяржаўныя ў такім выпадку наогул нікому не патрэбныя – ўсё праводзіцца на энтузіязме.

  3. Дзяніс says:

    Спадарства, а чаму афіцыйны адказ ад Мінкульту – не на беларускай мове? Няўжо афіцыйны зварот Артсядзібы да Мінкульту быў напісаны не па-беларуску? Гэта ж парушэнне адміністрацыйнага заканадаўства, і Мінкульт падлягае адказнасьці ў адпаведнасьці з законам за адказ не на мове звароту.

    • Віктар Марціновіч says:

      Вось гэта дарэчы цікава. Сапраўды, адказы мусяць давацца на мове запыту!

  4. Спеўны сход says:

    Брэнд “Спеўны сход” належыць ініцыятыве “Спеўны сход”, а не Арт-Сядзібе.
    Вось што піша Вікіпедыя: https://be.wikipedia.org/wiki/%D0%A1%D0%BF%D0%B5%D1%9E%D0%BD%D1%8B_%D0%A1%D1%85%D0%BE%D0%B4

    • Віктар Марціновіч says:

      У гэтым якраз ніхто не сумняецца, пытанне ў тым каму належыць брэнд Дзень вышыванкі.

    • Віктар Марціновіч says:

      а каму належыць брэнд Харавое веча?

  5. Sotnieks says:

    Прэтэндаваць на тое, што вашая Беларусь – “сапраўдная” – гэта паказчык нейкага псіхічнага адхілення.
    Сапраўдная Беларусь тая, якая можа існаваць. Жыццяздольная. Жыццяздольнай Беларусь ёсць пакуль што толькі ў варыянце сацыялістычнай індустрыяльнай нацыі. А летуценны псеўдашляхецка-шавіністычны спекулянцкі праект церпіць паразу за паразай.

    • Віктар Марціновіч says:

      шавіністычным яго называюць хіба што на БТ, таму на гэты тэзіс нават не рэагую – ёсць усё ж розніца паміж дбаннем пра сваю мову і культуру, паміж імкненнем да роўнасці з рускай мовай і шавінізам (г. з., пачуццём перавагі беларусаў над усімі).

      Што да жыццяздольнасці, дык па мне яе прыкмета – здольнасць прыдумляць сваё, а не забіраць у іншых ідэі

      • Sotnieks says:

        Добра, што пагадзіліся з астатнімі эпітэтамі.

        Прыдумляць сваё? Вышыванка – савецкі тэрмін, а арнаменты на сучасным адзенні выкарыстоўвалі яшчэ дызайнеры клятай БССР. Таму пра забіранне ідэй распавядайце Белавусу і Ко(дле).

        Дарэчы, навошта шляхце халопскія кашулі? Гэта больш пасуе нацыянальнаму сацыялізму (у беларускім варыянце – нацыянал-камунізму), чым капіталістычнай ліберальнай нацыі з алігархічнай шляхецкай уладай. Га?

        • Віктар Марціновіч says:

          Наконт шляхты Раманюк бы з вамі не пагадзіўся а для мяне ён значна большы аўтарытэт чым БРСМ. Што тычыцца пераймання – факт зафіксаваць лёгка, Дзень вышыванкі ад Арт-сядзібы быў раней чым ад Мінкульту. Ці будзеце спрачацца?

          • Sotnieks says:

            Што кажа фатограф Раманюк (або вы пра якога?) наконт шляхты?
            Шляхта і магнаты вышывалі сабе геаметрычны паганскі абярэжны арнамент?

            Прызнаеце, што вышыванка – тэрмін савецкага часу, а ідэя змяшчаць арнамент на сучаснае гарадское адзенне была ў БССР?

      • Константин says:

        “паміж імкненнем да роўнасці з рускай мовай”
        Да роунасцi? Я вам адкажу як здабываецца роунасць мовы. Адзiны спосаб — гэта вырабляць на мове якасны iнфармацыйны прадукт, што будзе патрэбны грамадству. Калi такога няма, то нiшто не дапаможа. Дзе гэты прадукт? Вам правiльна напiсалi, што сэнс гэтага прадукту пакуль што зводзiцца да уздаханняу па шляхетскай вольнасцi. Мабыць, гэта непатрэбна народу, таму и мова не ужываецца.
        Наогул, юрыдычна у нас мова мае тыя ж правы, што и русский язык. Таму трэба писаць дакладней аб якой роунасцi вы дбаеце.

        • Віктар Марціновіч says:

          Я згодны з вамі! 10500! Але дзе гэты прадукт на тэлебачанні? Чаму яно не беларускамоўнае?

  6. Sotnieks says:

    “Для нас вышыванка, Пагоня, мова – гэта ўваход у цэлы сусвет, які напоўнены сэнсам.”

    Прыгожыя словы для лапухоў, якія развешваюць вушы, толькі і ўсяго. Хто ведае кухню знутры, той толькі пасмяецца.
    “Сусвет” сьвядомых нічым не лепшы і не разумнейшы за сусвет беларускіх чыноўнікаў. Толькі мае больш пустой лозунгавасці і ідэалагічнага шалу. Усё, што адносіцца да культуры і гісторыі, вы пераводзіце ў вобласць палітыкі і барацьбы з рэжымам. Гэта пустэча.

  7. Касян says:

    “Бо, зноў жа, матывацыйную частку – пра Крым ды інш. – яны зразумелі, не дурны”.
    ” І так, гэта пахне Севастопалем”

    Для іх няма аніякай крымскай матывацыі і севастопальскага водара.
    У большасьці крымскіх габінетаў адно, што памянялася гэта партрэты на сцяне ды 2 галавы замест 3 зубцоў.
    Што яна згубяць?
    Мажлівасць пасылаць сваіх дзетак у беларускіе садкі і школы, Дзень вышыванкі і харавое веча, без які яны зараз жыць не могуць?

  8. Kažemaks says:

    Абсалютна беларусафобны тэкст, напоўнены незьлічонай крыўдай, прасякнуты нянавісьцю да іншых, адрозных, “несьвядомых” грамадзян. Вяртаньне ў 1990-я, нішчымная пазьнякоўшчына, напісаная латэнтным кар’ерыстым, які напрадвесьні беларускай дзяржаўнасьці марыў, што старанныя моўныя штудыі зробяць яго праслаўленым пісьменнікам.
    Авохці, Віктар, гэта дакладна ваш тэкст? Вы сапраўды хочаце адмежавацца ад беларусаў, ісьці ўзбоч сучаснасьці, кіравацца дзіцячымі крыўдамі і няспраўджанымі марамі? Вы гатовыя адкінуць кожнага БРСМаўца, які прачытаў вашу “Мову” ці дакладна ўпэўненыя, што ніхто зь іх “Мову” не чытаў? Якім чынам вы зьбіраецеся ствараць нацыю, калі больш за палову грамадзян вызнаеце прыстасаванцамі? Зь якой трасцы яны будуць вам верыць, калі вы іх наўпрост абражаеце?
    Вы ствараеце сваё прыватнае нацыяналістычнае гета, трызьнячы аб славе прарока за межамі сваёй Айчыны. Значыць, вы канчаткова згодныя, што Айчына можа бяз вас абысьціся?

    • Sotnieks says:

      Якасны адлуп, апладысменты.
      Аўтар тэксту папросту займаецца нейкай дыскрымінацыяй, дзеліць беларусаў (і нават беларускамоўных!) на правільных і няправільных.
      Калі Лукашэнка сам загаворыць на мове, такія людзі будуць незадаволеныя, а то і мовы выракуцца, бо на ёй загаварыў “вораг” і “няправільны” беларус.

      “Віктар, гэта дакладна ваш тэкст?”
      Вось гэта добрае пытанне.
      Калі чалавек быў нармальным, а з нейкага часу пачаў метадычна пісаць шчыра прапагандысцкія і нізкаінтэлектуальныя матэрыялы, то напрошваецца выснова: бабло рашае. Такая фігня пішацца на замову.

    • Віктар Марціновіч says:

      Дзякуй за вашае меркаванне, аднак беларусаў раздзяліў не я. Больш за тое, дзяржава, якая тых беларусаў толькі і магла б з’яднаць (адной асобы тут недастаткова), выглядае цалкам задаволенай самім фактам падзелу.

      У артыкуле няма нянавісці, проста канстатуецца той падзел, які дэ-факта ёсць. Пра дзяўчын пішацца з замілаваннем, як і пра ўсю моладзь, здольную аб’ядноўваць вышыванку з бел-чырвона-белай сімволікай, якая на маю думку ёй не сінанімічна.

      Што да БРСМаўцаў як такіх, шэраговых чальцоў, дык іх я не адкідаю, з тымі з іх, хто цікавіцца культурай, гатовы сябраваць. Тэкст – пра функцыянераў ды кар’ерыстаў, для якіх беларуская мова, культура ды вышыванка толькі прыступкі, абгортка – праглядзіце пільна мае тэзісы.

      Прыкра не тое, што яны звярнуліся да вышыванкі, прыкра тое што з нагоды таго звяртання, яны адрынаюць Арт-Сядзібу, з высілкаў (патрыятычных! не шавіністычных!) якой усё і пачалося.

      У артыкуле ёсць просты зварот да міністэрства культуры з прапановай пайсці насустрач гэтым хлапцам – нічога панага ці небяспечнага ў сваім жыцці яны не рабілі і будзе толькі добра і толькі ў інтарэсах дзяржавы, калі іх спыняць адкідаць.

      Эміграцыйнага хлеба паесці давялося і магу вас запэўніць ён не салодкі. Рады тым, што жыву ў Беларусі, сілкуюся гэтай краінай ды яе культурай. Кожны радок, напсіаны мной, накіраваны на тое, каб тут было лепей.

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика